Выбрать главу
— ...Дык што ж той меч? — Ступеў ва ўжытку хатнім... — А галубы?.. — Жывуць на галубятні.

АРМЕНІЯ

Круты абрыс біблейскіх гор. Зарніц спалохі... Над Арменіяй Сусветнае Знішчэнне Зор... А зор не менее.
Закон Ахоўвае матэрыю. А кроў святла на спад лавінаю, Як перарэзалі артэрыі Над Арарацкаю далінаю.
У коп'ях неба I ў мячах — Пектаграфічны заніс эпасу. Дух вояў-продкаў не ачах! — Пад пацінаю на шчытах Арэс і Эрас.
Не вынішчаецца любоў...
Зноў небасхіл, як выраб Палеха. I слоў не менее Ад слоў, У горне ночы ў попел спаленых.
Як доказ іх магічнай сілы З-за Крабавіднае туманнасці Глядзяць на люлькі і магілы Густыя вочы Туманяна.

АКЫН

Сядзеў панура, Згорблена, I раптам — песня горлам.
Скакаў табун, таптаў палын, Шакалы вылі следам. Ніхто не ведаў — Што акын. Ды ён і сам не ведаў. Свістала і хрыпела Жалоба і вуда, Як з крана з'іржавелага Гарбатая вада.
Нібы замоваю лячыў, Спяваў. Пра ўсё. Нічога. Была За песняй Далячынь. Пустэча. Стэп. Дарога.
Турысты пырскалі: — Выццё... — Саліст ансамбля «Пенсія».
Адна дамбра. Адно жыццё. I смерць адна. I песня.

СЛОВЫ ЗАМОВЫ

Колас. Купала... У гуках імён іх люлянку я чую, Якую матуля калісь над калыскай маёю спявала Колас. Купала... Мелодыю мовы славянскай я чую, Той мовы, якую агнямі палілі, Ды з попелу Страцімам-птахам яна паўставала —- Колас. Купала... Я чую ў іх звонкія гуслі I гулкасць Той сілы, Якая ў былінах сівых гусляроў ракатала Колас! Купала!.. Адвечную песню народа, Што горда Жыла ў ім I кленчыць прад ворагам не дазваляла! — Колас. Купала.
Падобны на словы замовы Імёны, Якімі паэтаў сваіх Беларусь называла — Колас... Купала... I грозна, сурова гучала іх слова, Калі над Айчынай чумы навісала навала Колас! Купала! Яно падымала да зораў і ў нетры зямныя кідала...- На вечныя векі Вятры намялі Курган вашай славы На роднай зямлі — Паэзія... Колас. Купала.

ЧЭЦІ

Валілася неба на вышчапы гор, Апошнія зоры страсаючы ў зморы. А сонца ўставала, нібыта сабор. Званілі ў саборы.
У Чэці ў мячэці маліўся стары... На твары — адчаю кінжальная мета.
«Алах! Магамет не прыйшоў да гары - Гара пракляла Магамета. Алах, я сівы ўжо... Я хутка памру. Прашу на мяжы твайго вечнага царства: Алах, пакарай за бунтарства гару! Алах! Магамету даруй за бунтарства...»
Ён гэту малітву тварыў да пары, Пакуль не сабраліся хмары над светам...
Грамніца слізнула на вышчап гары — Лавіна Раструшчыла Дом Магамета...

РУБЕЖ

Направа залева, Налева залева, Матор «Масквіча» ліхаманка заела — Давай, ну давай, калымага старая!.. Нутро выгарае. Нутро выгарае... Патопныя воды на шкло ветравое; Дарога назад — Да шумераў? да Троі? Дарога наперад — Да пекла? да раю? Давай, ну давай, калымага!.. Стараю- чыся з усіх сіл, перагрэты, Ляцеў «Масквічок» мой па ўскрайку планеты, Спірала дыханне на страшнай спіралі, Дзве сілы — Крыж-накрыж — сусвет распіралі: Круціліся ў бездані левыя колы — На правых праколы! На правых праколы! I покуль машыну завальвала ўлева, Я бачыў, як справа святлела залева, Хіліліся горы, і слаліся травы Направа, направа, направа, направа,— Дзе вечарам вецер патупвае ў сенцах, Шалее салоўка на шостым каленцы, Званамі аглухлымі падаюць бэры На попел цяпельца любові і веры, Дзе пахне атаваю луг за ракою, Дзе мама насустрач махае рукою I з ціхай надзеяй пытае пра справы... Завальвае ўлева! Аблокі — направа, Направа звяры ўсе, і рыбы, і гады, Мой снежань направа, мае лістапады. Направа ўзлятаюць — Ілона і Ева — Дзве птушкі з галін радаслоўнага дрэва Направа — сілкамі пакоры і гневу — Усё, што я ўспомніў, зірнуўшы налева У зорную прорву, дзе вечнасць клубіцц Дзе некалі сон гэты будзе мне сніцца...