Выбрать главу

— Ком!

Адчуўшы раптоўную слабасць у нагах, Пятрок увайшоў у хату, у якой пад абразамі на месцы адсунутага ўбок стала ўжо стаяў сабраны блішчасты ложак з клумкам бялізны на сетцы; з другім яшчэ поркаўся малады мізэрнага выгляду немчык. Мусіць, да Петрака ў іх з'явілася нейкая патрэба, бо афіцэр, расставіўшы ногі, пазіраў на яго ва ўпор. Іх позіркі сустрэліся, і сэрца ў Петрака здрыганулася ад прадчування блізкай бяды.

— Вас іст дас? — з напятай пагрозай у голасе сказаў афіцэр, тыцнуўшы пальцам кудысь у сцяну, абклееную зрудзелымі, сям-там прадранымі ўжо газетамі. Пятрок толькі зірнуў туды, як адразу змярцвеў ад страху — на самым відавоку, дзе дагэтуль вісеў кажух, цямнеўся на газеціне здымак Першамайскага свята ў Маскве і на ім — партрэт Сталіна.

— Вас іст дас? — сцішана паўтарыў немец.

Пятрок усё зразумеў і маўчаў: бо што ён мог ім сказаць? Ён толькі з прыкрасцю пры сабе вылаяўся — трэба ж было так не даглядзець! Шаравалі падлогу, стол, прыбіралі ў кутках, а на сцены не паглядзелі нават. А цяпер во, расплата…

— Сталін, паночку, — запалым голасам урэшце выціснуў з сябе Пятрок, гатовы да ўсякай кары.

— Сталін карашо?

— Ну, ведаеце… Мы людзі простыя… Каму карашо, каму не надта… — паспрабаваў выкруціцца Пятрок, падумаўшы пры сабе: каб цябе маланка забіла, чаго ты да мяне вяжашся?

Позірку, аднак, ён не адрываў ад афіцэра, апасліва стараючыся зразумець, што будзе далей, якая спасцігне яго кара.

У цёмных вачах афіцэра бліснула гняўлівая строгасць, хоць цвёрды чарнявы твар заставаўся ранейшы — спакойна-няўрымслівы, але рука пацягнулася на жывот, дзе злева ад спражкі грувасцілася тоўстая скураная кабура. Рука гэта з блішчастым вузкім пярсцёнкам на пальцы нетаропка расшпіліла язычок кабуры і ашчаперыла чорную рукаяць пісталета з тонкім даўгаватым ствалом.

«Ну, усё! — паныла падумаў Пятрок. — Як жа недарэчна, аднак… Каб хоць сказаць што Сцепанідзе…»

З ранейшаю неспяшлівасцю немец апусціў руку, другой дужа тузануў пісталет, у якім нешта касцяна шчоўкнула, і рука пачала паднімацца ўгору, паўз Петрака. «Зараз паверне!» — падумаў Пятрок і ўжо склаў пальцы, каб перахрысціцца напаследак, як ствол на секунду знерухомеў і ў хаце грымотна бабахнула.

Петрака аж хіснула ад страху, вакол засмярдзела порахам, і сіні смярдзючы дымок ціха паплыў да акна.

У сцяне на сярэдзіне здымка чарнелася круглая дзірачка. Каб не спазніцца пасля, Пятрок загадзя і таропка перахрысціўся, гатовы да ўсяго найгоршага.

— Капут! — холадна зазначыў немец і, чамусь дзьмухнуўшы ў ствол пісталета, запіхаў яго ў кабуру. Твар яго зноў не азначаў нічога, вочы холадна свяціліся пад шырокім казырком-капытом. Сам не свой ад страху, Пятрок стаяў ля акна, пакуль фельдфебель ззаду не дужа моцна, але настойліва не штурхануў яго ў плячо.

— Вэк!

Ён хістка пераступіў парог, ледзь паднімаючы ацяжэлыя ногі, сунуўся ў істопку. У яе пыльным прыцемку аслупянела стаяла Сцепаніда.

Пятрок знясілена прытуліўся да яе пляча.

7

Паснедаўшы з кацялкоў на падворку, немцы трохі патаўкліся каля свае кухні, пагергеталі, пакурылі і зноў пасядалі ў машыну. На гэты раз з імі паехаў фельдфебель — афіцэр зачыніўся ў хаце, і яго не было чуваць, мабыць, нешта рабіў або спаў. Пятрок, звесіўшы голаў, сядзеў ля жорнаў у істопцы і не курыў нават — мусі, пасля таго, што здарылася, не памагло б і курыва.

Сцепаніда спакваля аклемалася ад спалоху і ціхенька стаілася ў паўзмроку збоч ад акенца, чуйна ўслухоўваючыся ва ўсё, што рабілася на падворку. Але, пэўна, на падворку засталіся адны толькі кухары, іншыя з'ехалі ўсе на мост. Тады з нейкаю насцярогаю ў душы яна выйшла ў сенцы, яшчэ трохі прыслухалася — за дзвярыма ў хаце нібы ўсё вымерла, не чутна было ніводнага гуку. Мабыць, прыдаўся момант пакарміць парсючка, а то яшчэ зарохкае па-дурному і тады не ўберажэш — забяруць. Падумаўшы так, Сцепаніда нарэзала ў чыгунок трохі бульбы, трохі пасыпала абмешкі, дадала яшчэ ўчарашняй варанай, усё перамяшала. Цяпер трэба было неўпрыкмет аднесці чыгунок у застаронак.

— Пётра, глянь там, — шэптам сказала яна мужу, але той не скрануўся нават. — Чуеш?

— Ат!.. Не ўберажэш! Усё роўна…

— Як гэта — усё роўна?..

Яны ціха перагаворваліся так у істопцы, але нядаўні стрэл, мусіць, так скалануў нутро Петрака, што той быў нібы сам не свой. Нібы ў гарачцы ці якім здранцвенні. Іншы раз яна б насварылася на яго, але цяпер не было як сварыцца, ды і разумела: хапіла страху старому, і Сцепаніда хуценька глянула з сенцаў.