— Курэй пільнаваў. Як тых дзвюх застрэлілі, дык астатнія на ўзроўку ў яму ўбіліся. Тую, з крапівой. Сядзяць і ў хлявок не рушаць. Дык пасыпаў ім там, хай начуюць.
— Колькі ж іх хоць ацалела?
— Сямёрачка. Тэй рабенькай і чорнагалоўкі няма. І старой жоўтай няма, але не павінна, каб і жоўтую застрэлілі. Так недзе схавалася.
— Каб жа схавалася, — уздыхнула Сцепаніда, думаючы ўжо аб іншым. Новая думка-жаданне нечакана з'явілася ў яе галаве, і яна ўжо не магла думаць аб іншым — падворак цяпер уладарна прыцягваў усю яе ўвагу. Але яна маўчала, адно толькі слухала.
— Ай-яй! Прыйшоў злом! — пабедаваў Пятрок. — Во скарынку жую. На і табе, мабыць жа, нічога не ела…
Ён сунуў ёй з цемры счарсцвелы кавалак хлеба, і яна ўзяла з жалем — не да сябе, да яго. Каторы дзень ужо без гарачага, на сухім, а ў яго ж хворы страўнік — бедны стары Пятрок! Другім разам пачаў бы наракаць, скардзіцца ці дакараць яе, а цяпер во з адною пакорай. Дажыўся! Але дажылася і яна. З учарашняга не было ў роце макавай расінкі, і цяпер счарсцвелы хлебны кавалак здаўся надзвычай смачным. Яна прылягла на сеннічок, прыкрыўшы ногі ватоўкай, і, патроху адломваючы ад кавалка, клала ў рот, ціха жавала. Але найбольш яна слухала. На падворку і ў палатцы, мабыць, ужо супакоіліся, але цераз сені ў хаце чулася нягучная вечаровая гаворка двух ці трох чалавек — на гэтых сну не было. А ёй дужа трэба было, каб яны там паснулі, у ёй усё мацней разрастаўся тайны і страшны намер, ад якога часам кідала ў дрыжыкі, але, ведала яна, адрачыся ад яго ў яе ўжо не хопіць сілы. Зрэшты, яна і не думала адракацца, яна збірала сілы, каб здзейсніць яго, нават калі б і ведала пэўна, што пасля ёй гэта вылезе бокам. Праўда, пакуль што нельга было і рыпацца; пакуль яны там не спяць, яна не магла выйсці з істопкі. Але яна ўмела чакаць. Яна ўсё жыццё толькі і рабіла, што чакала чагосьці, часам зусім па-дурному і марна, а часам усё-такі ёй шэнціла. Але яна рэдка калі адмаўлялася ад сваіх намераў, бо часта адмовіцца ад іх ёй патрабавалася больш сілы, чымсьці іх здзейсніць.
Хлеб яна зжавала ўвесь і ціхенька ляжала без сну, не кратаючыся на сваім сеннічку. Невядома, ці спаў Пятрок, але яго таксама не было чуваць — ні дыху, ні руху, мабыць, усё ж заснуў. Картавае гергетанне ў хаце, здаецца, таксама ўціхла — ці не паснулі і там? Паляжаўшы яшчэ хвілін колькі, яна ціхенька ўстала і, абапёршыся рукой аб сцяну, зірнула ў акенца — не, на падворку ўсё яшчэ блішчэла на траве яркая паласа святла, прарэзаная ўздоўж чорным ценем ад рамы, дальнім канцом амаль дасягаючы тыну з вёдрамі. Вінтоўкі адсюль не было відаць, але, адчувала яна, тая стаяла на ранейшым месцы. Сцепаніда зазірнула наўкось у адзін бок двара, у другі — нідзе не відно было ні душы. Тады яна зноў лягла на сеннічок, падумаўшы: урэшце ж рана ці позна пакладуцца і тыя, у хаце. Трэба чакаць.
Яна яшчэ паляжала з гадзіну, пільна слухаючы блізкія і далёкія гукі ночы. Недзе, мабыць, на Выселках ці ў Забалоцці за ровам, доўга, настырна брахаў сабака, аж разрываўся ад лютасці, пасля неяк раптоўна віскнуў і сціх — пабіты ці спушчаны з прывязі. Гамана ў хаце сціхла, але разы два там пачуліся крокі — кароткі цяжкаваты тупат ботаў па дошках падлогі, бразнулі дзверы, нехта выйшаў на двор, але хутка вярнуўся ў хату. Па тым, як, хліпнуўшы, знік цьмяны водсвет на чорнай бэльцы істопкі, яна зразумела, што ўрэшце там выключылі святло, скрозь стала цёмна — у сенцах, у хаце і на падворку запанаваў змрок бязмесячнай восеньскай ночы. Сцепаніда доўга яшчэ ляжала без сну, краем свядомасці гаротна перажываючы сумныя падзеі мінулага дня: сваё хітраванне з тым малаком, якое, відаць, і пагубіла Бабоўку, дратаванне сядзібы, страляніну па курах, яе неспадзяваную ўдачу з парсючком. Можа, хоць ён уцалее, калі гэтыя не дабяруцца да рова, не выпаруць яго з барсуковай нары. Так думала яна аб усім, а сама міжвольна збірала ў сабе адвагу, каб урэшце наважыцца.
Усё ж яна, здаецца, трохі задрамала і падхапілася ад нейкага неўсвядомленага нутранога штуршка, услухалася. Пад жорнамі ціхенька драпаў пацук, ды сіпата, з прысвістам, дыхаў на дзежках Пятрок. Яна села на ўслоне, спусціла ногі на дол. Цяпер ужо нічога не было ў яе жаданнях, апроч упартае прагі цішыні, каб зрабіць тое, што яна ўжо не магла не зрабіць. Быццам не па сваёй волі, а па нечым жалезным прымусе яна ступіла да дзвярэй істопкі, ціхутка, як толькі можна было, павярнула закрутку і прыадчыніла старыя, сточаныя шашалем дзверы. Добра, яны не скрыпнулі, толькі прашэрхалі трохі, і яна пакінула іх так, не зачыненымі. Затым яна на дыбачках наблізілася да расчыненых дзвярэй з сянец, у якія трохі задзімаў вецер, услухалася. У хаце хтось сонна хроп — не дужа каб моцна, а так, супакоена-роўна, і гэта яе абнадзеіла. Мусіць, трэба смялей. Што яна, урэшце, не мае права па сваёй патрэбе выйсці з хаты на двор, хіба яна перастала быць чалавекам? Ну і што, што вайна, немцы. Жылі людзі да гэтай вайны і, мусіць, будуць жыць і пасля, а во ці давядзецца жыць гэтым, яшчэ невядома. Хто палез на іншых з ражном, як бы сам не напароўся на той самы ражон. Ціхутка ступаючы, яна сышла з камянёў-прыступкаў на прыстылую ўжо зямлю падворка, па сцюдзёнаватай воглай траве забегла за вугал на дрывотню і там стаілася: здалося, у палатцы хтось нешта буркнуў. Але гэта, мусіць, у сне, якога вартавога на падворку нідзе не было відаць, і гэта яе трохі ўзбадзёрыла. Падумала, што чуліся яны ўпэўнена, нібы гаспадары. Ведама, чаго ім баяцца, хто ім зробіць шкоду? І ўсё ж што-нішто трэба зрабіць, хай не думаюць: калі ўехалі, дык ім усё можна.