Тым не менш ішоў час, а з выспяткам там не спяшаліся: мусіць, сапраўды ягоная ігра спадабалася. Пятрок іграў доўга, пасля песняў узяўся за танцы і перайграў ім і «казачка», і «лявоніху», і «страданіе». Сцепанідзе нават здалося, што там разы два папляскалі яму, і нехта сказаў «брава», ці што. «Глядзі ты! — дзівілася Сцепаніда. — Во ўпадабалі! Ну чакай жа, я табе пакажу, як дагаджаць гэтаму груганню!»
Можа, толькі праз якую гадзіну стукнулі дзверы — адны, другія.
Пятрок сапраўды вярнуўся ў істопку і з парога ціха, але задаволена паведаміў:
— Ну, я ж казаў…
— Аддалі? — холадна запыталася яна.
— Аддалі, во, а ты казала, — ён сунуў ёй нешта ў цемры, і яна не адразу намацала тоненькі ражок скрыпкі.
— А пра курэй спытаў?
— А, пра курэй… Забыўся. Знаеш, забыўся… Там, ведаеш, з імі не дужа пагамоніш.
Коратка размахнуўшыся, яна шпурлянула скрыпку ў цёмны куток ля жорнаў, тая трохі стукнулася аб штось няцвёрдае і адскочыла, ціхенька загуўшы струнамі. Пятрок жахнуўся.
— Ты што, ты што?.. Ты што гэта, таго?..
— Я не таго. Гэта ты, гляджу, хутка таго, — напаўголаса, але злосна вымавіла яна. — Прыладзіўся, грае. Каму ты граеш — падумаў? Можа, яны дзяцей тваіх пазабівалі. Дзе твая дачка? Дзе сын? Каторы ўжо месяц — ніякай вестачкі, а ён ім грае.
— Ну, дык што зробіш? Што? Так сказалі. Ну і граў. Затое аддалі.
— Аддалі! Цяпер штовечар ім граць будзеш?
Пятрок не паспеў адказаць, як знадворку недзе блізка ля хаты бабахнуў дужа гучны ўначы стрэл, і адразу загаманілі там многія галасы — устрывожана, з вокрыкамі, па-нямецку. У хаце рэзка бразнулі дзверы, усе там выскачылі на цёмны падворак, і яшчэ пачуліся трывожныя крыкі, і зноў запар два разы бабахнулі стрэлы. Сцепаніда сядзела, бы нежывая, не разумеючы, што там дзеецца, куды і ў каго там страляюць, як раптам над хатай і падворкам пыхнула сляпучае, бы электрычнае, святло ўгары: у акенца шыбануў яркі вогненны пук, які хутка перабег цераз падлогу, па дзежках з Петраком, што змярцвела трымаў у руках чырвоную скрыпку, і раптам згас на сцяне пад чорнаю бэлькай столі.
— Ракета, — сказаў Пятрок запалым голасам. — Што ж гэта робіцца? Спаляць…
Яна таксама не ведала, што гэта робіцца, і не бачыла нічога, толькі страхавіта ўслухоўвалася ў незразумелую калатнечу каля сядзібы. Падобна было, аднак, калатнеча пасунулася за хату, да рова, чуваць стала, што беглі туды, тупаючы па зямлі ботамі; там жа бахнула яшчэ некалькі стрэлаў. А калі неўзабаве загарэлася яшчэ адна ракета — яе дальняе святло цьмяным няпэўным водбліскам шаснула па суччы ліп, грувасткім будане машыны пад імі. «Каго яны там згледзелі? — думала Сцепаніда. — Няўжо парсючка? Мо выграбся, прыбег, цяпер пэўне ж застрэляць».
Яна ўжо не магла сядзець і слухаць — стала на калені да акенца і ўзіралася ў цемру. Пасля памкнулася нават выйсці, але тут жа вярнулася да акенца, падумаўшы, што цяпер выйсці нельга: яшчэ застрэляць у цемры. І яна слухала ўсё: недалёкую ўстрывожаную гаману ля рова ці на гародзе, па той бок сядзібы, яшчэ некалькі стрэлаў і гучных крыкаў-каманд па-нямецку.
— Божа мой, Божа! Што гэта? — не могучы даўмецца, бедаваў Пятрок.
— Ціха ты! Слухай…
Ну ведама ж, што яшчэ ім заставалася, апроч як сядзець і слухаць. Неяк у гэтай несканчонай напружанасці, як там трохі прыціхла, яна пачула кароткую сцішаную размову ля ганка — мабыць, хтось загаварыў з вартавым, і яна зразумела адно толькі знаёмае слова «бандытэн». Але адкуль тут і якія бандыты? Няўжо напалі на іх, калі немцы так раз'юшана кінуліся за імі да рова? Але чаму тады не чутно стрэлаў адтуль?
— Што будзе, што будзе? — ледзь чутна бедаваў Пятрок, і яна ціха азвалася да яго:
— Што будзе, тое і будзе. Не знаеш хіба?
— Каб жа хоць не спалілі! Гэныя ракеты, знаеш, як паляць!
— Могуць і спаліць, — проста пагадзілася Сцепаніда. — Яны ўсё могуць.
Ёй здалося, што нехта прабег завуголлем ля сцяны істопкі на падворак ці да палаткі, зноў там загаманілі, але на гэты раз кароценька — слова на слова, і той зноў пабег кудысь у гарод. Стрэлаў, аднак, не было чуваць, хоць ракеты яшчэ некалькі разоў пасвяцілі, і ціхі іх дальні водбліск трохі парэдзіў цемрадзь на двары і ў істопцы. Яна ўбачыла белы, як палатно, Петракоў твар, у руках няшчасны музыка сціскаў непатрэбную цяпер скрыпку, мусіць, не ведаючы, куды з ёю дзецца.