Выбрать главу

— Цётачка, можа б, ты як прыйшла, папрасіла бацьку. Ён жа цябе паслухае, — раптам прыпынілася Анюта. У яе тоненькім голасе былі такая скруха і адначасна такая надзея, што Сцепаніда хуценька пагадзілася:

— Ну добра ж… Скажу калі.

На ваколіцы яны разышліся. Анюта павярнула па сцежцы, да свайго падворка, а Сцепаніда пайшла дарогай далей — з пагорка ўніз, цераз гасцінец, да свайго хутара. Яна думала, што, ці пагаворыць з Ладзімірам, ці не, усё роўна па-ягоным не будзе — будзе так, як пагодзяцца маладыя. Цяпер настае такі час. Гэта не тое што пры царызме, калі без бацькоў маладыя дзеўка ці хлопец не маглі нічога, а бацькі трымаліся даўніх звычаяў, законаў дзядоў, парушыць якіх ніхто не адважваўся. Цяпер жа рушылася ўсё, дазвання, на добрае ці не — хто ведае. Можа, і пашкадуюць пасля, але цяпер ужо ходу назад няма — толькі наперад і наперад, як пяецца ў той песні.

Наўкола ляжала прытуманеная бель поля, неба поўнілася мігатнёй зор, відаць было далёка — шырокі палявы прасцяг з гасцінцам, які цемнаватаю рысай пралёг упоперак яе шляху. У далечы таго прасцягу пад змрочнаю сцяной гаю на Галгофе мясцілася цёмная купка яе Яхімоўшчыны, хутара, які стаў яе лёсам. І хто б мог падумаць? Некалі маладой дзяўчынай яна пайшла туды наймацца на жніво да незнаёмага гаспадара, у незнаёмую сядзібу, а цяпер во бяжыць туды, як у свой адзіны прытулак. Во як павярнула жыццё. Сцепаніда не чаплялася за старое — у старым у яе наўрад ці набралася б паўгода людскага жыцця, спрэс душылі работа, ранняе сіроцтва, нэндза і бяспраўе. Гадоў колькі парабкавала ў пана Жулегі і паўпанка старога Яхімоўскага, рабіла на чужой зямлі, бо сваёй не мела. А што такое чужая зямля, той да скону дзён не забудзе, хто хоць раз паспытаў хлеба з ласкі чужых рук. Праўда, пасля рэвалюцыі ўсё тут крута змянілася, павярнулася да такіх, як яна, другім, лепшым, бокам: пан Жулега ўцёк у Варшаву, скончыў свой шлях на зямлі стары Яхімоўскі, і яны з Петраком перабраліся з істопкі ў хату і атрымалі ад новай улады дзве дзесяціны хутарской зямлі. Спярша зажылі і няблага, уволю наеліся свайго, а не панскага хлеба, абзавяліся скацінай, канём. Пётра, які ў галотнай бацькавай сям'і быў нібы за парабка, так зашчыраваў на сваёй гаспадарцы, што яна спалохалася за яго здароўе. Але свая зямля вымагала, і ён так рупіў з усякай работай, так заўзята араў, біў кукай глыжы, угнойваў кожны маленькі лапічак глею, затым сам адзін касіў, звозіў і зноў араў, сеяў, скародзіў. Набытая ад старой гаспадаркі кабылка не вытрымала і пала першай вясной, гэта было вялікае гора, якім нагараваліся ўволю, пакуль набылі каня. А тады звалілася ліха на Петрака. Як нарадзілася Феня, Сцепаніда падпала здароўем, і ён мусіў адзін і жаць, і касіць, ірваў, як асілак, і надарваўся. Неяк вазіў з поплава сена, ягоная брычка падвярнулася на ўзроўку, Пятрок падставіў плячо і зламаў ключыцу. Два месяцы праляжаў у бальніцы, ледзь выхадзілі дактары, на полі перастаяла і палегла ярына, па восені нажалі са дзве капы, ледзь вярнулі насенне. Той год выпаў галаднаваты, хлеба хапіла да Вялікадня, добра, што ратавала бульбачка. Былі і яшчэ скупыя на хлеб гады, калі то вымачвала, то засушвала, а то бракавала насення, гною, скаціны. Пятрок, аднак, не здаваўся, рабіў як пракляты, гэтак заўзята, што дзеравенцы з Выселак сталі з яго пасмейвацца — шчыраваў удзень і ўначы, а плёну было курам на смех. Але ён усё не мог нагаспадарыцца ўволю, высах, схуднеў, сіпата дыхаў, але рваў, варочаў, пазней за ўсіх клаўся і раней уставаў. Сам сабе гаспадар, які клапот, такі і ўмалот, што зробіш, тое і заробіш, любіў ён казаць тады, як яна ўшчувала часам, каб паспакайнеў, адпачыў, пабярогся. Сцепаніда ж пасля няўдач у гэтай зацятай барацьбе з зямлёй за жыццё сказала сабе: не, так не забагацееш, толькі надарвеш здароўе і раней часу сыдзеш у глей на вясковых могілках. Калгас дык калгас, сказала яна сабе, як бы там ні было, мабыць, горш не будзе. Як усе, так і мы, авось не прападзем і ў калгасе. А Петрыку дык, пэўна, здаравей будзе, мо лішні год пажыве на гэтым няласкавым свеце.

Здалёку на хутары пад ліпамі замігаў чырвоны агеньчык у акне, яна падумала: значыць, прыехаў Пятрок — і парадавалася маладой бабскай радасцю — уся сям'я ўрэшце сабралася, скончыліся дзённыя турботы, цяпер да заўтра душа спакойная. На белым ад месячнага святла падворку стаялі сані з рэштаю сена, конь ужо быў упарадкаваны, карміўся ў хляве. Можа, Пятрок разжыўся на газу, падумала Сцепаніда, бо ў газнічцы яе засталося дужа мала — на адзін, можа, вечар. Яшчэ наказвала папытаць наконт ботаў у аднаго знаёмага жыда-шаўца на станцыі. На боты, канешне, было мала грошай, усяго дзесяць рублёў, але, можа б, як дамовіўся напавер ці паабяцаў якую бараннюю лапатку, фунты два масла ці яшчэ чаго, як-небудзь сплацілі б. А то ў адных валёнках дваім яўна нявыкрутна, калі хто абуе, дык другому хоць сядзі дома, нікуды не вытыкайся. А вытыкацца трэба, як во сёння, кожны дзень не гэта, дык тое, усё клічуць, абавязваюць, трэба ісці-бегчы.