Сцепаніда ўся трымцела ад гора, ужо добра ведаючы, што чакае гаспадарку, якая засталася без каня, ды яшчэ ў такую пару, калі ён найболей патрэбны. Пятрок разгублена пастаяў, змакрэлы ад поту, урэшце не вытрымаў, сеў і, утуліўшы ў рукавы твар, заплакаў. Сцепаніда не супакойвала яго, крадком выцерла слязіну з уласнай шчакі і ўспомніла нядаўнія агледзіны поля і таго нежывога жаўраначка пад мяжой.
— Гэта яе праклялі, гару гэтую. Не было зямлі, але і то не зямля.
Пятрок супакоіўся трохі, пасядзеў яшчэ, астыў целам, нутром — трэба было думаць, як жыць далей.
Пад вечар ён прыйшоў з хамутом на хутар, узяў старую рыдлёўку і скіраваў у Баранні Лог, да хваёвай выспачкі, дзе капалі пясок і закопвалі здохлую жывёлу. Там, на ўскрайку хвойніку, выкапаў яміну, затым прывёў ад Ладзіміра з Выселак яго ладнага буланага коніка з хамутом і пастромкамі і адвалок кабылку да выспачкі. Сцепаніда туды не пайшла, яна не магла на тое глядзець, і думала ўсё, як жыць, калі такія напасці ў такі самы непрыдатны час. Дзе ўзяць каня, каб узараць той пракляты пагорак? Не кідаць жа яго зноў аблогай, з чаго ж тады жыць?
Пятрок прывалокся позна, скупа адказаў на яе пытанні, з'еў трохі крупніку і сеў на парозе ў сенях. Яна спрабавала нешта сказаць, можа, выклікаць яго на размову, але, мабыць, яму было не да размовы, і яна не стала назаляць, занялася сваімі справамі. А пасля і яна задрамала ў запеччы, а калі прачнулася на світанні, Петрака ўжо не было, кудысьці сышоў, і яна падумала: мабыць, у Выселкі, трэба ж было прасіць у каго каня, даць рады той выспе. Іншыя ўжо адсеяліся, а яны не маглі яшчэ ўзараць.
Але яго не было і ўранку, як развіднела, і пасля, на сняданне, тады яна, устрывожыўшыся, зірнула цераз плот на гару і ажно знерухомела ад скрухі і здзіўлення, убачыўшы ўдалечы адзінокую сярод поля постаць, якая мерна неяк хісталася ў бакі, быццам што робячы на адным месцы. Яна хацела пабегчы туды, але ў печы ўжо варылася бульбачка, неяк было кінуць печ без прыгляду. Тады, зразмеўшы нешта, яна трохі счакала, наладкавала сякі-такі харч у хустку — міску бульбы, як зварылася, кавалак сала, хлеб, гарлач малака — і пайшла на гару.
Ну, так яно і было, як ёй здалося: Пятрок капаў рыдлёўкай — калупаў, біў, сек пракляты той глей, парослы ўжо маладым пырнікам між ссохлага леташняга быльнягу, і ўжо агораў ладны клінок з канца ніўкі. Але як яна зірнула на яго твар, дык ледзьве пазнала мужа — такі ён стаў страшны, схуднелы, аброслы цёмнаю шчэццю, а ў яго вялікіх вачах тлеў немы дакор за ўсе няўдачы жыцця — каму толькі? Пляскатыя грудзі яго і яшчэ апалі, плечы выпнуліся худобай, мокрая ад поту зрэбная кашуля матлялася ад ветру, як на калку.
— Пятрок, што ж ты робіш? — сказала яна і стала ў канцы ніўкі.
— Што бачыш, — задышліва адказаў ён, не прыпыняючы працы.
— Ці ж ты ўскапаеш!
— А што ж рабіць?
— Можа б, даў хто каня? Нада ж да людзей схадзіць.
— Ужо хадзіў. Хто дасць? На гэтую во камяніцу?
Яна не настойвала болей, ведала, што ўвогуле Пятрок казаў праўду: такой пільніцай у каго дапросішся, кожнаму конь патрэбны самому. Зноў жа, хто дасць свайго беражонага ў чужыя рукі ды яшчэ на такую зямельку? Дык што ж, капаць рыдлёўкамі? Але, мусіць, іншага не выпадала.
Яна, памятае, трохі нават заплакала тады, уявіўшы сабе сялянскую долю без коніка. Пятрок прыпыніў працу, знямогла абапёрся аб рыдлёўку.
— Што ж рабіць? Жыць жа нада. Як-небудзь…
Чатыры дні ад цямна да цямна яны ў дзве рыдлёўкі адольвалі той глей і ўсё ж неяк адолелі яго. Праўда, абое засталіся без сілы, знемаглі дашчэнту, але неяк усё ж ускалупалі, хоць і мелка, мясцінамі толькі падрапалі зверху рыдлёўкамі. Рабілі ўсе дні моўчкі, часам толькі пераводзячы дых з рыдлёўкамі ў руках. Пасля Пятрок паўдня біў кукай глыжы і аднойчы ўранку ўзваліў на сябе паўторбы ячменю, узяў плеценую з саломы сявалку. Пасеяў хутка, забаранаваць, праўда, на паўдня пазычыў каня ў Лявона, надзел якога быў побач, трохі ніжэй, зямля там таксама была не дай Бог, але трохі мякчэйшая па супесі. Управіліся якраз у суботу, ціхім пагодлівым адвячоркам, і Сцепаніда думала адпачыць трохі, разагнуць адубелыя, у мазалях, далоні. Але Пятрок, хвіліну пасядзеўшы на прызбе, узяў сякеру і падаўся кудысь узроўкам. Яна запытала, па што, думала, па якую лясіну ў печ, бо дроў было мала, але ён не адказаў і знік за плотам.
Вярнуўся ён на падворак, калі яна ўзялася даіць карову, і адразу ж, не павячэраўшы, паваліўся ў запечку. Калі, управіўшыся з вечаровымі справамі па гаспадарцы, яна ўвайшла ў хату, ён зняможана хроп, і яна не стала нічога пытацца, таксама лягла.