— За яго адказнасць. А яму ніякай адказнасці! Наплёў — і прэч з воза. А тут шавялі мазгой. Бойся! Думай, што выйдзе. Мабыць жа, гэтым не кончыцца.
— Мабыць, не кончыцца.
— Трэба ехаць у мястэчка, — сказаў Лявон і падняў знявечаны твар да Ганчарыка. — Паедзем удвух.
— А як жа апісанне? — запытала Сцепаніда. — Яшчэ ж той канец сяля застаўся. Ці мо другім разам?
— Не, — сказаў Лявон. — Вы апісвайце. А мы пад вечар прыедзем.
— Ну добра.
Павольна, усё дужа паныла Карніла патэпаў па хаце, нешта падумаў і так і гэтак. Ведама: яму было не соладка — працягнулі ў газету. Сцепаніда пашкадавала яго, бо ведала, які ў яго самалюбівы нораў, хоць з выгляду ён быў мужык ціхі, негаваркі. Карніла хацеў нешта сказаць, надзеў на рукі лапленыя, з кажуха, рукавіцы, зноў зняў іх. Але махнуў рукой і ўзяўся за клямку. Сцепаніда таксама пайшла да дзвярэй.
Так, моўчкі, Карніла наперадзе, а Сцепаніда ззаду, яны пайшлі вуліцай у дальні канец Выселак, што раскінуўся за пагоркам у нізінцы. Карніла доўга маўчаў, шырока тупаючы па наледзянелым снезе ў чорных валёнках. Валенкі былі яшчэ новыя, каляныя і здаваліся цяжкімі ў нязграбных, клееных з тоўстай аўтамабільнай гумы галёшах. Канешне, ён часам наймаў што памагчы, хоць на зямлю і быў не багаты, але быў ашчадны, любіў майстраваць і меў троху пчол. Казалі суседзі, што быў скупы і не любіў пазычаць не толькі вяскоўцам, але і родзічам. Ад калгаса не адмаўляўся, уступіў разам з усімі. Лявон яшчэ меўся паставіць яго брыгадзірам, бо Карніла гаспадарыць умеў і быў рупны. Ды вот гэты допіс у газеце.
— Во, кажуць: кіраўнікі, кіраўнікі, — сказаў ён, павярнуўшыся да Сцепаніды, і тая подбегам дагнала яго. — А я табе скажу: горай за суседзяў нікога няма. Ніхто табе столькі шкоды не ўчыніць, як твой сусед.
— Ну, ведама ж, — пагадзілася Сцепаніда. — Бо ўсё блізка, пад бокам.
— Пад бокам, усё бачаць і заходзяцца ад зайздрасці. Асобенна яшчэ, калі нягеглы які. Няўдака! Такі не тады рады будзе, калі сам каня купіць, а калі ў суседа конь здохне. Праўда! Знаю я такіх суседзяў! Ад іх кавалак хлеба трэба пад армяком есці. А то пазайздросцяць. А зайздрасць, яна бокам вылязае. Канешне ж, не таму, хто зайздросціць. Я не кулак, не багаты. Зямлі не болей, чым у другіх. Але я работу люблю. І парадак. Не тое што другі: кінуў, рынуў, пайшоў. Я, калі ўзяўся, дык давяду ўсё да ладу. Зямлю, я яе лепей чым лусту хлеба дагледжу, усе шнуркі на каленях выпаўзаю, усе камочкі ў пальцах ператру. Я ржавую драціну не абміну, падбяру. А як жа іначай у гаспадарцы? Ды во, некаму вочы коле.
— А няўжо гэта Патап напісаў? — усумнілася Сцепаніда.
— А то хто ж? Ён жа ў нас селькор. Памятаеш тады, як на Прахорыху даказаў? Пра лён?
Гэта Сцепаніда памятала добра. Пра той учынак Патапа Каландзёнка, можа, з год гаманілі ў Выселках, а то і ва ўсім раёне. Былі нават спрэчкі: каторыя маладзейшыя ледзь не загрудкі браліся са старымі, якія ганілі хлопца, а маладыя хвалілі, бо пра Каландзёнка напісала тая ж газета, праславіла на ўвесь раён. Здарылася тое залетась, позняю восенню, калі раён апынуўся ў прарыве па льназдачы. Лён не ўрадзіў, не вырас, бо з вясны засушыла, а здаваць трэба было, мужыкі спрэс сталі нядоімшчыкамі. З акругі і з раёна адразу прыехалі аж два ўпаўнаважаныя і разам з Лявонам пачалі хадзіць па дварах, выбіваць лён. Але што можна было выбіць, калі ўсё паздавалі дагэтуль, сабе не пакінуўшы ані каліва; калаўроты і кросны той год стаялі без працы. Каб як выпаўзці з планам, нават развівалі вяроўкі, конскія путы — усё здавалі як валакно. У старой Прахорыхі, ведама, не знайшлося нават якой вяроўчыны, каб раскруціць, упаўнаважаныя яшчэ пашкадавалі бедную бабыліху, якая ўсё плакала і наракала на лёс, на сваю старасць і нездароўе.
Але як толькі камісія выйшла з халоднай, няпаленай хаты на двор, Патапка Каландзёнак, які заўжды круціўся каля начальства, падышоў да старшага ўпаўнаважанага, маладога мужчыны ў чорным бобрыкавым паліто, і шапнуў, што ў пустым хляве ў бабкі схаваны лён. Спярша яму не паверылі, зазірнулі ў пусты, з расчыненымі дзвярыма хлеў, і Патапка, узлезшы на бэльку, выцягнуў з-пад страхі тры куксы выдатнага гладкага кужалю. Гэта быў сабатаж, і хоць Прахорыха апраўдвалася, што ўшчэнт абнасілася, што тое ёй для сподняга на смерць, склалі пратакол і хацелі судзіць. Але неяк абышлося з судом, мусіць, усё ж пашкадавалі бабулю, а пра класавую пільнасць Патапа Каландзёнка напісала раённая газета «Чырвоны араты». Во пасля таго выпадку Лявон і пусціў у сельсавецкую хату Каландзёнка з маткаю, якія жылі да таго ў лазні. Самога ж Патапа ў вёсцы сталі клікаць Селькор — адны з пахвалой і зайздрасцю, а другія з насмешкай. Што ж датычыцца Патапа, дык, мусіць, ён зразумеў гэта па-свойму, і яшчэ разы два ў газеце паявіліся кароценькія заметкі пра высялкоўцаў: адна — што ў вёсцы добра працуе лікбез, а другая пра збор попелу на ўгнаенне.