Выбрать главу

Яны падышлі да скасабочанай, пад трухляваю страхой хаты, Карніла пакратаў зачыненыя знутры веснічкі. Тут жыў Багацька Барыс, мнагадзетны бядняк, які, аднак, ці не апошні на сходзе запісаўся ў калгас і адразу знік з вёскі. Казалі, некуды з'ехаў. Веснічкі ніяк не адчыняліся, тады Карніла так трасянуў іх, што тыя ледзь не паваліліся разам са слупкамі і расчыніліся. Яны абое зайшлі на засмечаны саломай і трухой, зруднелы ад памыяў падворак, праз халодныя сені ўвайшлі ў хату.

— Дзень добры. Ці ёсць тут хто? — падаў голас Карніла.

Не адразу з запечча выткнулася Лізавета, Барысава жонка, з паспешна захінутым нейкаю радзюжкай малым на руках, які туліўся мурзатым тварыкам да пустой Лізавецінай сіські. Счырванелымі, мабыць, ад плачу вачмі Лізавета ўставілася ў захожых.

— Лізаветка, мы апісаць, што ў калгас абабшчаствляць падлягае, — стараючыся як мага ласкавей, сказала Сцепаніда. Лізавецін твар ад тых слоў пыхнуў знянацкім гневам.

— Апісваць? Апісвайце! Во іх апісвайце! Маня, Тэкля, Гануля — усе сюды! Во іх бярыце, карміце ў сваёй камуне.

З запечча да маці кінуліся дзве басаногія малыя ў заношаных каптаніках, ухапіліся за брудную спадніцу. Саромеючыся, выйшла старэйшая Гануля і таксама, пазіраючы спадыбла, стала за маці. У падпеччы, чуваць было, спуджана кудахталі куры, смярдзела чымсь непрыемным, і было дужа няўтульна ў запушчанай хаце.

— Ладна, — сказаў Карніла. — Ты тут нам шпіктакль не строй. Дзе Барыс?

— А я знаю, дзе той Барыс? Мне не сказаў. Калі ў калхоз запісаўся, дык яго і апісвайце. А я не пайду і каровы не дам. Карова мая, у пасаг бацька выдзеліў. Не маеце права адбіраць.

— Ды сціхні ты, Лізавета! — зазлавала і Сцепаніда. — Карову мы пісаць не будзем. Запішам толькі каня. Ну і вупраж. Семяны тожа.

— А няма сямян. І каня тожа няма.

— Як гэта няма? — настырчыўся Карніла. — Быў жа конь, вараны.

— Быў, ды няма. Сплыў. Во як!

— Сплавілі? Прадалі?

— Хоць бы і прадалі, — выцерла слёзы Лізавета. — А што ж, дарма ў камуну аддаваць? Ці нам яго хто дарма даў? Грошы плацілі.

— Дурная ты, як стаптаны бот! — памаўчаўшы, зазлаваў Карніла. — Во і пастрой з такімі калхоз! Перш табе б розуму набрацца! Культуры якой навучыцца! Во ў хаце не прыбрана, дзеці замурзаныя. Гультайка ты, а маладая яшчэ! Толькі малых раджаць, болей анічога не варта!

— Якая ёсціка!

— Ідзі паказвай, што дзе. Каб мы не тыцкаліся, як зладзеі.

— А не буду нічога паказваць. Самі глядзіце.

Яна пачала хутаць у радзюжку малога, зусім безуважная да іх, і Карніла, не стрываўшы, плюнуў пад ногі.

— Ну глядзі, апішам. Тады не наракай.

Удваіх са Сцепанідай яны зноў выйшлі на забруджаны ўшчэнт падворак, Карніла агледзеўся.

— Дзе тут у іх што? Там варыўня, здаецца?

Але не паспеў ён павярнуць да старой, з выкрышанымі вугламі будыніны, як з вуліцы пачуўся задыханы дзіцячы голас:

— Дзядзька Карніла, татка сказаў, каб вы ў сельсавет ішлі.

Абвязаная пад пахі хусткай, па той бок веснічак стаяла меншая Лявонава дачушка Волечка. Зірнуўшы на яе счырванелы ад бегу твар, Сцепаніда зразумела: штось сталася.

— Чаго яму там закарцела? — насцярожыўся Карніла.

— Ай, там прыехаў… Ну, з мястэчка дзядзька такі з чорным каўняром.

— Касмачоў?

— Ну. І яшчэ другі з ім. Дык татка сказаў…

Карніла адразу пазмрачнеў з твару, нешта трохі падумаў і з роспаччу вылаяўся:

— Ядры яе маць! Так я і ведаў!..

Болей ён не казаў нічога — валюхаста прыпусціў па наледзянелай вуліцы, і Сцепаніда ледзьве паспявала за ім. Воддаль бегла задыханая Волечка.

Ля сельсавета быццам бы ўсё было па-ранейшаму, коней не было відаць: можа, стаялі ў двары? Напусціўшы ў хату сцюжы, яны разам сунуліся ў дзверы, якія Сцепаніда не дужа ўпраўна зачыніла ззаду — і паглядзела за стол. Там ужо сядзелі двое: Касмачоў — у канцы ля акна і наўзбоч ад яго пры сцяне — незнаёмы плячысты мужчына з цвёрдым паголеным тварам, у бліскучай скуранцы, наўкось ад пляча перацятай рамянём — ад нагана, ці што? Мужчына глядзеў перад сабой на сашчэпленыя на сталешніцы рукі, вялікімі пальцамі якіх ён неяк спрытна круціў адзін каля аднаго. Касмачоў у паддзёўцы з чорным каўняром заклапочана пазіраў у парог; у прасценку на лаве, угнуўшы галаву і абапёршыся локцямі аб калені, нервова дыміў самасейкай Лявон. Побач з ім сядзеў Вася Ганчарык. Усе зацята маўчалі, мабыць, нешта прыгнечана перажываючы, і гэтая іх прыгнечанасць адразу перадалася двум захожым, якія, ціха павітаўшыся, селі на лаву ў парозе.