Выбрать главу

— Сход, ці што, будзе? — ціха запытаў Карніла, болей каб парушыць няёмкую ціш хаты.

— Раскулачванне! — нядобра буркнуў Лявон.

— Як? Ужо ж раскулачылі?!

— Раскулачылі, ды не ўсіх! — сарваным голасам знервавана выпаліў Лявон, устаў і адвярнуўся да акна. — Казаў жа, адным не абыдзецца.

Касмачоў за сталом павярнуўся бокам, пасля зноў абапёрся локцем аб стол, відаць было, ён таксама стрымліваў хваляванне, хоць знешне стараўся выдаць сябе спакойным, як заўжды, памяркоўным. Але гэта яму давалася кепска. У той жа час Лявон без дай прычыны злосна-пагана вылаяўся і ляпнуў недакуркам аб дол. Мужчына, не паднімаючы галаву ад стала, спадылба ўставіў у яго пільны цяжкаваты позірк, паглядзеў трохі, перавёў позірк на Касмачова. Той тады павярнуў галаву да Лявона і, пазіраючы ў падлогу, сказаў з дакорам:

— У класавай барацьбе галоўнае — падняцца над асабістым.

Зноў стала ніякавата і дужа ціха, здавалася, ніхто не дыхае нават. Сцепаніда заскарузлымі пальцамі ціхенька церабіла рубчык на пале кажушка і адчувала сябе так, што хоць праваліся з той лавы.

— Дык каго ж раскулачваць? — унутрана напяўшыся, запытаўся ў гэтай цішы Карніла. Лявон са здзічэлым спрытам адскочыў ад акна.

— А тых, што наёмны труд мелі! Што ў газеце працягнуты! Уразумеў?! — крыкнуў ён, і было незразумела, чаго ён так вызверыўся — ад злосці або ад спачування.

Карніла сцяў шырокія пашчэнкі, паволі апусціў долу твар. Пасядзеўшы трохі, устаў і памалу пабрыў да дзвярэй. Як дзверы за ім зачыніліся, Сцепаніду нібы працяло болем ад думкі: што ж гэта робіцца?

— Што, і яго? — запыталася яна, звяртаючыся да ўсіх. Голас яе напяўся ў нервовай узрушанасці, і гэта ўсе адчулі.

— І яго. І Ладзіміра. І Пракопіху, — кінуў Лявон.

— Раскулачыць?

— Анягож прэміраваць!

Яе ўсю хапіла нейкая ўнутраная гарачка, плечы адразу спатнелі, вочы заслала невідушным туманам, хвіліну яна не ведала, што сказаць ім і што падумаць самой. А яны ўсе тут — мужчына за сталом, Касмачоў ля яго, аднавокі Лявон і нават Ганчарык — з нейкай напружанай увагай знямелі і толькі чакалі, што скажа яна. І яна дужа не ў лад са сваімі пачуццямі зарагатала нядобрым нервовым рогатам, якога аж сама спалохалася, бо адчула, што гэты яе смех вось-вось абарвецца нечым жахлівым.

— Дурні вы! — раптоўна прыцяўшы смех, выпаліла яна. — Ёлупы! Каго раскулачваеце? Тады ўсіх раскулачвайце! Усіх да аднаго! І калгаса не трэба будзе. І ніякага клопату. Давайце ўсіх! І мяне таксама — парабчанку пана Яхімоўскага. І яго вунь — беззямельнага Ганчарыка! Усіх! Дазвання!

Яе трэсла, бы ў ліхаманцы, змутнелым позіркам яна нікога не бачыла ў хаце, яна думала, што затрасуцца і яны ад яўнай бязглуздзіцы іхняга намеру, ад такой відавочнай несправядлівасці. Але яны спакойна сабе сядзелі, як пні, — нязрушна, упэўнена, і тады ёй зрабілася блага — ад страты ўлады над сабой.

— Ціха, цётка, — сапраўды дужа спакойна сказаў Касмачоў. — У палітыцы патрэбна паслядоўнасць.

— Якая паслядоўнасць? — ускочыла яна з лавы, болей за ўсё ўзрушаная гэтым яго разумным спакоем. — Якая паслядоўнасць? А справядлівасць не трэба? Калі ўжо да беднякоў дайшло! Дык хіба справядліва? Вы, разумныя людзі, хіба вы не бачыце! Але ж спытайцеся ў мужыкоў… У якога цёмнага дзеда спытайцеся, ён скажа вам: так жа нельга! Нельга, каб свае — сваіх! Ці вы ўжо здурнелі там ад навукі, не бачыце? Гэта ж усе людзі навакол бачаць, а вы…

Яна крычала — нязладна і блытана, пераскокваючы з крыўды на злосць, болей звяртаючыся, аднак, да таго незнаёмага мужчыны ў чорнай скуранцы. Яна хацела, каб ён, чужы чалавек і, мабыць, нейкі начальнік, зразумеў, што робіцца несправядлівасць, і заступіўся. Яна верыла ў справядлівасць і дужа хацела верыць, што справядлівасць зараз жа пераможа крыўду. Але ў хаце ўсе маўчалі, маўчаў і гэты мужчына, упарта хаваючы вочы, — нават не зірнуў на яе. Тады яна закрычала яшчэ гучней:

— Гэта ж ашалець трэба! Лявон! Ты ж свой, тутэйшы, як жа можна так? Трэба куды ісці скардзіцца! Трэба ў Маскву ехаць, да самога Калініна. Ён жа павінен заступіцца! Нельга ж так! Не па-людску гэта! Не па-бальшавіцку! Гэта ж перагіб!

— Ану ціха, цётка! — ужо нядобра гыркнуў Касмачоў. — Таварыш Ганчарык, што стаіцё? Супакойце гражданку!

Вася павярнуўся да акна, і на ягоным твары адбіліся такая пакута і такая разгубленасць, што Сцепаніда трохі абцішэла.

— К чорту ўсіх вас! Рабіце што хочаце! Але без мяне!..

Яна павярнулася і шыбанула ў дзверы, размашыста бразнула імі знадворку. Дзверы не зачыніліся, тады, падумаўшы, яна вярнулася і прычыніла іх.