Трохі наводшыбе ад вуліцы, на Ладзіміравым падворку, ужо тоўпіліся людзі, пахмурна стаялі запрэжаныя ў сані коні. З хаты выносілі майно: клумкі, кажухі, падушкі, мяхі, — усё неяк таропка, без ладу кідалі ў сані. Трошкі ў баку, ля плота, знерухомела купка вясковага люду, болей жанок з дзецьмі, мужчын было мала, і сярод іх на падворку вылучалася высокая постаць Лявона ў залапленым кажусе, з чорнай паскай наўкось па шчацэ, цераз лоб. Выгляд у старшыні быў змрочны і злы, — нібыта раскулачвалі яго, а не Ладзіміра. Непадалёк на снезе стаяў незнаёмы Сцепанідзе прысадзісты мужчына ў чорнай бліскучай скуранцы, які таксама назіраў за гэтай выпраўкай у нікому не вядомы, далёкі, жалобны шлях. Дзверы ў сені былі расчынены, адтуль выскачыў спатнелы, чорны, цыганскага выгляду Антось Недасека, пра штось запытаў у Лявона. Следам паказаўся Васіль Ганчарык, — няспрытна, задам ступаючы з ганка; валок цяжкаваты зялёны куфэрак, які з другога боку трымаў сам Ладзімір. Згледзеўшы той куфэрак, Сцепаніда міжволі ахнула: то ж быў Анюцін пасаг, з якім дзяўчо нядаўна яшчэ збіралася замуж — неяк зімой паказвала Сцепанідзе, што там было нарыхтавана. Цяпер гэты рыштунак сам Ганчарык выпраўляў немаведама куды — на Салаўкі, у Сібір — хто ведае? Сцепаніда глыкнула даўкі ком у горле, з усяе моцы памкнулася стрымаць слёзы. Зрэшты, тое было нялёгка, некаторыя бабы ўжо плакалі, — ціхмана хліпаючы насамі, выціраючы рукавамі вочы, а малая Барысава Маня ўсё тузала маці за палу кажушка і пытала:
— Мама, а куды гэта яны? І я хачу ў сані…
Лізавета крыкнула на дачку раз і другі, ды малая не сціхала, і тады старая Малання, што стаяла побач з кіём у руках, мовіла з нейкім благім намёкам:
— Чакай, дачушка. Вырасцеш — паедзеш яшчэ…
Васіль з Ладзімірам уладкавалі куфэрак на сані, Ладзімір пачаў прывязваць яго даўгой вяроўчынай, а Ганчарык выпрастаўся, і Сцепаніда не пазнала ягоны твар — такі спакутаваны выраз ляжаў на ім, — зусім не падобны на яго, ранейшага.
— Праслядзіце за цем, как укладываюцца, — падкрэсліваючы інтанацыяй кожнае слова, загадаў яму незнаёмы ў скуранцы, — мабыць, упаўнаважаны з раёна. — Пад вашу лічную ответсцвеннасць.
Ён стаяў на двары асобна ад іншых, засунуўшы рукі ў кішані скуранкі, і Вася моўчкі кіўнуў, пайшоў у хату Ладзіміра.
«Гэта ж трэба! — разгублена думала Сцепаніда. — Сам нявесту сваю… Хаця, мабыць, ужо не нявеста…»
Яна хацела пабачыць Анютку, баялася гэтай сустрэчы і не магла абысціся без яе, бо ведала, што ім больш не пабачыцца. Але Анюта ўсё не выходзіла з хаты, мабыць, нешта яшчэ збірала, і Сцепаніда наважылася — рушыла цераз двор у сені. Толькі яна ступіла на ганак, як той, у скуранцы, вызверыўся:
— Эй, куда? Нельзя!
— Чаго?
— Нельзя, сказал!
«Пайшоў ты на сухі лес!» — адказала яна ў думках, і, пыхнуўшы нутраной злосцю, рашуча ступіла ў сені.
— Ганчарык, вазвраці пастаронніх! — данеслася ззаду.
Ганчарык у хаце, аднак, не адазваўся, хаця дзверы былі ўсюды расчынены насцеж, і ў іх стала відаць абадраная, нібы абрабаваная Ладзімірава хата: голыя сцены, засмечаная і заследжаная падлога, бязладна рассунутыя лаўкі. Пасярод пустой горніцы на голым услоне, патупіўшыся, плакала Анютка, і Ганчарык, нерашуча кранаючы яе за плячо, прасіў асіплым, чужым голасам:
— Ну, ціха… Ну, ціха… Ну, што ж цяпер…
Сцепаніда апанурана пераступіла парог, раптам адчуўшы, як штосьці ў ёй нібы абарвалася, і новая непадуладная ёй сіла ахапіла яе разварушаныя за тыя дні пачуцці.
— Анютка!
Анютка падхапілася на ўслоне, а Сцепаніда ўпала побач, абняла дзяўчыну і захлынулася ў кароткім, бы енк, плачы, калі, здавалася, не стрывае, разарвецца сэрца. З даверлівай пакораю дзяўчына прыпала да яе ўсім сваім трапяткім целам, нібы да маці, якую некалі страціла ў дзяцінстве. Абдымаючы яе за плечы, Сцепаніда гладзіла яе вузкую, у плюшавай жакетцы спіну, сама абліваючыся слязьмі, праз іх нічога не бачачы навакол. Аднекуль здаля да яе слыху даляцеў вокрык упаўнаважанага:
— Таварыш міліцыянер!..
Яна не адразу зразумела, што гэта звярталіся да Ганчарыка, які з вінаватай разгубленасцю на збялелым твары крануў яе за плячо.
Так яна і ведала: тут нельга плакаць, абдымацца з дачкой раскулачанага, якая цяпер з сяброўкі, суседкі нібы ператварылася ў заразна-хворую — у класавага ворага. Мабыць, трэба было ёй штосьці сказаць, але Сцепанідзіна сэрца поўнілася невыказным плачам, маўклівай скрухай па недарэчным лёсе гэтай няшчаснай дзяўчыны.