Рудзька не адрываў позірку ад яго корпання ля самагоннага начыння і ўмольна-цікаўнымі вачмі суправаджаў кожны яго рух з конаўкаю: цярпліва чакаў, мабыць, што гаспадар урэшце чымсь пачастуе яго. Але пачаставаць яго ў Петрака не было чым, ён і сам выгаладаўся, пакуль перагнаў казан брагі — выйшла яшчэ тры бутэлькі, далей ужо сачылася рудая юшка, на сподзе, мабыць, засталася адна гушча. Трэба было канчаць, і Пятрок выграб з-пад казана ўвесь жар, затаптаў яго апоркамі ў доле, казан адвалок з прагаліны ўсё ў той жа шыпшынавы куст, дзе старанна закапаў лісцем і зверху кінуў яшчэ некалькі хваёвых лапак. Змеявік, як самую каштоўную дэталь, трэба было ўзяць з сабой, таксама як і дзяжу. Тры бутэлькі з яшчэ цеплаватым самагонам парассоўваў па кішэнях і за пазухай. Урэшце напаследак прыкурыў ад вугольчыка і памалу пайшоў да сцежкі.
Пакуль ішоў ровам каля ручая, Рудзька бег ззаду, але затым на паваротцы да хутара трохі адстаў, і Пятрок, павярнуўшыся, ціха паклікаў яго. Рудзька наўскач дагнаў старога і болей ужо не адставаў. Здаецца, ён быў сціплы і выхаваны сабачка, які паважаў людзей і ніколі не соваўся куды без запрашэння.
Яшчэ падыходзячы гародам да істопкі, Пятрок учуў невыразны голас, быццам бы з хаты, але затым голас той сціх, і Пятрок падумаў, што, мабыць, гэта здалося, — хто цяпер, апроч Сцепаніды, мог быць на сядзібе? Тым не менш маленькая трывога ўжо запала ў ягоную душу, і ён на дрывотні спыніўся, кінуў на трэскі дзежку і, азірнуўшыся сюды-туды, сунуў за дровы змеявік і тры бутэлькі з гарэлкай. Так лепей, бо ці мала хто мог забрысці ў хату, не немцы, дык паліцаі, што таксама не лепей. Пасля, надаўшы твару абыякава-стомлены выгляд, увайшоў у сені.
Ну, так яно і было, ён не памыліўся — з хаты чулася размова: адзін голас быў Сцепанідзін, а другі… Не ўцяміўшы адразу, чый быў той голас, Пятрок нясмела расчыніў дзверы ў хату.
— Во, а мы чакаем. Думалі ўжо — не дачакаемся сёння.
«Вы ды каб не дачакаліся — воўк за гарой здохне», — падумаў Пятрок, пазнаўшы паліцая Недасеку, што падняўся насустрач з лавы. Ён падаў Петраку шырокую далонь, якую той ціхенька паціснуў, думаючы ўсё: «Каб ты здох, унюхаў-такі. Але што ж, мабыць, здагадлівыя… Не паспееш нешта падумаць, як яны ўжо ведаюць».
— Але калі на работу, дык не пайду, — сказаў Пятрок. — Учора падбіўся, няма рады.
— Ай, не хадзі, — ахвотна пагадзіўся паліцай. — Сёння можна і не ісці, немцы паехалі. Ну як, ці нагнаў? — раптам запытаў ён і сціх, поўны ўвагі.
Пятрок зразумеў, што ён мае на ўвазе, і ўжо хацеў быў аднекацца, нешта схлусіць, але перш зірнуў на Сцепаніду, якая моўчкі стаяла пры печы. Злавіўшы ягоны позірк, яна сказала:
— Во дажыдаецца. Быў жа Гуж, ужо ўсё ведае.
Каторы ўжо раз Пятрок моўчкі пры сабе вылаяўся, ну але што ж! Без Гужа тут, ведама, не абыдзецца, але, можа, і лепей, што няма самога старшага паліцая, не трэба нічога тлумачыць ці апраўдвацца. І ўсё ж самагон ён хацеў аддаць ва ўласныя рукі Гужа, каб было зразумела, каму і ад каго, ды, можа, яшчэ і абгаварыць, за што. Папрасіць, каб не дакучаў з працай, не прысылаў немцаў кватараваць, перастаў чапляцца да жонкі. Ці мала ў яго было спраў да Гужа! Але ж во трэба цяпер ні за што, ні пра што аддаваць самагон Недасеку, які, можа, сам усё і вып'е.
Памарудзіўшы трохі, Пятрок выйшаў з хаты і на дрывотні выцягнуў з-за штабялька дзве бутэлькі гарэлкі. Трэцюю рашыў не аддаваць, паберагчы трохі. Ідучы ў хату, трошкі пабойваўся, што Недасека заўпарціцца, скажа: мала, тады прыйдзецца апраўдвацца, што мала нагнаў, бо кепскае начынне ці мала заквасіў. Але, на яго здзіўленне, Недасека не сказаў ні слова, запіхаў бутэлькі ў кішэні суконнага галіфэ, што нізка спаўзло на калені.