Выбрать главу

Вось табе і сваё кіраўніцтва.

«Але як жа так можна, — думаў Пятрок, мерна ківаючыся ля жорнаў у такт ходу млёна — узад і ўперад. Было зусім цёмна, якой газнічкі ён не паліў. Сцепаніда ашчаджала газу, і ён не хацеў сварыцца — змеле і ўпоцемку. — Як жа так можна? — пытаўся ў думках Пятрок, — каб свае — сваіх?» Гэта ж як спрадвеку шанаваліся ў вёсцы добрыя адносіны паміж людзьмі, рэдка хто (можа, вырадак толькі) адважваўся на яўнае зло ў адносінах да суседа, даваў сабе волю судзіцца ці нават сварыцца з такім жа, як сам, селянінам. Здаралася што-нішто, не без таго ў жыцці, але часцей за ўсё праз зямлю — за надзелы, пожні, жывёлу. Але ж цяпер якая ж зямля? Каму яна патрэбна стала, зямля, даўно ўся сварка праз яе адпала, а міру з таго не пабольшала. Людзі разбэсціліся. Раней малады не мог дазволіць сабе прайсці міма старэйшага, каб не зняць шапкі, а цяпер гэтыя во маладыя знімаюць другім галовы разам з шапкамі. І не баяцца нічога — ні боскага гневу, ні суда чалавечага. Як быццам так заведзена тут спрадвеку, як быццам на іхнім баку не толькі сіла, але яшчэ і праўда. А можа, ім і не патрэбна праўда, даволі крыважэрнае нямецкае сілы? На праўду яны гатовы пляваць, калі яна будзе ім замінаць у іхнім злачынстве. Аднак праўда ўсё ж ім замінае, інакш бы яны не азіраліся кожнага разу на немцаў, не залівалі б сваё сумленне гарэлкай, не хапаліся б за вінтоўку, не пагражалі б рэпрэсіяй ды нямецкай строгасцю.

Пятрок змалоў, можа, з гарнец жыта, пакратаў рукой мяккую, цеплаватую ля цёплых камянёў муку і падумаў, што калі ўжо ўзяўся, дык трэба намалоць болей — і на хлеб, і на брагу, бо трэба ж заквашваць зноў. За мерным глухаватым гудам камянёў ён не адразу пачуў голас Сцепаніды з хаты, а як пачуў, дык сцяміў, што кліча яна не першы раз, і нейкі спалох быў у тым яе голасе. Ён перастаў круціць, і адразу моцны стук у сенцах трывогай напоўніў сядзібу — хтось дужа лупануў у дзверы, басавіта лаючыся:

— Хазяін, курва тваю маць! Адкрой!..

Пятрок сцяміў адразу: гэта знадворку, сунуўся ў сенцы, дрыготкімі рукамі намацаў крук і выдзер яго з прабоя. Дзверы, расчыніўшыся, ледзьве не збілі яго з ног, Пятрок адхінуўся, і ў сенцы ўваліўся нехта вялізны, здалося, чамусьці касматы; на Петрака дыхнула моцным пахам гарэлкі, цыбулі і яшчэ нечым — чужым і агідным. Ён моўчкі стаяў за дзвярыма, а яны самі знайшлі дзверы ў хату і расчынілі іх — на сенцы пыхнула чырвоным святлом ад зыркага полымя з грубкі, якую паліла Сцепаніда, і чацвёра іх з тупатам, сапам, шорханнем мокрай адзежы ўвапхнуліся ў хату.

— Хазяін! — зноў раўнуў першы голасам, па якім Пятрок напружана стараўся здагадацца — хто? Але здагадацца ніяк не мог, мабыць, то былі незнаёмыя.

— Я тут, — сказаў ён з сянец.

— Хазяін, свету! Свету дай!

— Дык дзе ж цяпер свет? Нетуці свету. Во хіба з грубкі…

— Дай з грубкі! Лучыну зажгі!

Пятрок увайшоў у хату, якая адразу стала маленькай і цеснай, і прыткнуўся ля самага парога, ужо ведаючы пэўна, што дабром для яго гэты начны прыход не скончыцца. Сцепаніда таропка прыладжвала на загнетцы даўгую лучынку з агнём на канцы. Яе святло мільготка бегала па чатырох грувасткіх, настырчаных постацях, што разваліста тупалі па хаце, азіралі сцены, абмацвалі штось у застоллі. Пятрок зноў паспрабаваў згледзець каго знаёмага, але не пазнаў нікога. Той пярэдні, што першы ўваліўся ў сенцы, як добра загарэлася лучынка, павярнуў да яго насаты, аброслы запушчанай шчэццю твар.

— Хазяін?

— Ну хазяін. Ведама…

— Бандзіты заходзят? Гавары быстра!

— Якія бандзіты? — не зразумеў Пятрок. — Ад нас во нядаўна немцы выехалі, счытай, нядзелю стаялі…

Двое з захожых прыселі на лаву, трымаючы між калень вінтоўкі, двое засталіся на сярэдзіне хаты.

— Сала ёсць? — запытаўся насаты, і не паспеў Пятрок адказаць, як другі, што стаяў наперадзе, крутануўся да яго бокам, падставіўшы позірку левую, з белай павязкай, руку. «Ага, паліцаі, значыць», — здагадаўся Пятрок, які спярша нават не ведаў, як сябе з імі паводзіць, што гаварыць.

— Ды што ты да яго з салам! — нейкім прыемна адкрытым, са шчырасцю, голасам папракнуў паліцай насатага і запытаўся з усмешкай: — Гарэлка ёсць?

— Адкуль жа? Няма гарэлкі, — сказаў Пятрок раптам асіплым голасам. Насцярожаныя госці па-змоўніцку пераглянуліся.

— Эта ты брось зажымацца! Такой номер у нас не прайдзёт! — быў гатовы абурыцца насаты. — Стаў бутылку, а патом пасмотрым.

— Дык чэсна няма! Што я хлусіць буду, — стараючыся як мага болей шчыра і таму, мусіць, фальшыва апраўдваўся Пятрок. Захожыя, відаць, ужо злавілі гэтую яго ненатуральнасць у голасе і яшчэ болей здзівіліся.