Выбрать главу

— Бабу адліць?

— Чорт яе не возьме. Сама ачухаецца…

То былі апошнія іх словы, сказаныя ўжо ў сенцах, далей пад вокнамі пратупалі іх крокі, яны сталі сціхаць, і ўсё навакол аціхла.

Пятрок неяк узгрэбся на ногі і, трымаючыся аберуч за абадраныя сцены, пабрыў у сенцы — недзе там была Сцепаніда, жывая ці, можа, ужо мёртвая.

Пераступіўшы парог, ён згледзеў у змроку яе босыя ступні — Сцепаніда нерухома ляжала на разгрэбенай, скрозь раскачанай па зямлі бульбяной кучы.

21

На Петракова здзіўленне, Сцепаніда неяк устала на ногі і, хістаючыся, бы п'яная, сама дабралася да запечча. На ўсе яго лямантацыі яна маўчала, толькі ціха стагнала часам, і ён усё тупаў па хаце — то насіў ёй вады, то ўкрываў кажушком, то бедаваў, горка і шчыра, а болей кляў тых звяругаў, немцаў, вайну. Ён ужо не зашчапляў сенцаў, толькі прычыніў дзверы — чорт з імі, хай ідуць, б'юць, паляць — усё роўна з імі не жыць. Відаць, жыццё наогул трэба канчаць, нашто так пакутаваць, няма для таго ўжо сілы ды і жаднай патрэбы. Усё роўна яны не дадуць памерці па-чалавечы, сваёю смерцю, — яны даканаюць сілком, але спярша пацешацца, як хочуць, дапякуць, што сам павесішся па сваёй ахвоце, — бо што ж яшчэ можна зрабіць з сабой, калі жыццё — бясконцая нясцерпнасць пакут?

Тую ноч ён не клаўся зусім, трохі прыткнуўся на ражку стала, быццам задрамаў, паклаўшы галаву на локці, і на світанку ачнуўся амаль ад спалоху, што пачынаецца новы дзень — што ён прынясе? Але ўжо было пэўна — не добрае ж ён прынясе, а новыя пакуты і страхі, можа, смерць нават, бо колькі ж яны будуць гуляць у смерць, некалі ж, мабыць, і здзейсняць сваю пагрозу. Чорт яе бяры, тую смерць, ён перастаў ужо баяцца яе, білі б толькі хутчэй. Шкада, мусіць, у самым пачатку вайны, многа чаго ён не пабачыць, а галоўнае — не дазнаецца ўжо пра лепшае. Мусіць жа, яно будзе калі-небудзь, лепшае. Але што ж… Так далей жыць нельга. То не жыццё.

Здаецца, Сцепаніда ў запечку трохі аціхла, перастала стагнаць, ці не задрамала нават, і Пятрок выйшаў у істопку, знайшоў свой кажушок на дзежках ля жорнаў. Так ён і не змалоў жыта — ні на хлеб, ні на гарэлку і малоць болей не будзе, не будзе заквашваць — хай мелюць і гоняць самі. Яму ўжо годзе. Калі няма іншага паратунку, дык што ж, гарэлка таксама не паратунак. Хай лепш заб'юць проста так, без дай прычыны, хоць бы за тое, што ён — чалавек.

Ён выйшаў з сянец на падворак і не зачыніў за сабой дзвярэй — нашто? Дзверы цяпер без патрэбы, тыя ўсё роўна адчыняюць і пройдуць, куды захочуць. Для каго цяпер дзверы?

Позні восеньскі ранак з натугай праясніваў хмарнае неба, зацягнутае туманнай смугой бульбяное поле з агалелым хмызняком на краі ля рова; усё навакол поўнілася ветраной стыласцю і золлю. Рэшта рудой лістоты трывожна ляскатала на счарнелым ліпавым голлі, мокрае лісце за ноч густа ўслала дарожку, стаптаную мураву падворка, наліпла на зрубе калодзежа і мокрай лаўцы пад тынам.

Гэта ноч пад расстрэлам нешта зрушыла ў Петраковай свядомасці, нешта непапраўна зламала, збіла хаду яго думак са звыклага для яго кола, ён не ведаў ужо, што рабіць і куды ісці. Карцела, праўда, сысці куды далей ад сядзібы, бо адчуваў, што тут яго зноў спасцігне тая ж навала, зноў з'явяцца тыя, з вінтоўкамі, і яму будзе кепска, калі не зусім пагібельна.

На дарогу ён ужо баяўся паказвацца, адтуль цяпер ішла для яго ўся небяспека, як заўжды, хацелася затуліцца за рог, схавацца ад чужога хцівага вока. Ён пайшоў на дрывотню, зірнуўшы са смуткам на насцеж расчыненыя вароты хлява, раскіданыя па дрывотні лепшыя яго бярозавыя паленцы і нават перакуленую і адкочаную з яе спрадвечнага месца калоду, на якой гадоў трыццаць секлі тут дровы. З дрывотні ён згледзеў знаёмую сцежку цераз здратаваны гарод у роў і нечакана пайшоў па ёй — ён ужо ведаў куды. На аслабелых хісткіх нагах ён сашкандыбаў праз хмызняк уніз, не адхінаючы голля, якое чаплялася за шапку і за плечы, таропка пайшоў па сцежцы ля ручая, мінуў барсукову нару, перабраўся па камянях на той бок і ўрэшце ўзлез угору, у меншы равок, зарослы непралазным гушчаром маладога ельніку.

На знаёмай прагаліне было сыра і пуста, воглае вуголле на ўчарашнім вогнішчы паміж трох закапцелых камянёў апала маленькаю кучачкай. У шыпшынавым кусце з засмяглымі барвовымі ягадамі ён згледзеў свой чорны казан, трохі прыкіданы сапрэлым лісцем і падумаў: чорт з ім! Хай іржавее. Ён болей да яго не дакранецца, з самагонкай усё скончана. Азірнуўшыся, ён прысеў ля куста і пад зламаным сучком разгроб лісце, за брудную шыйку выцяг такую ж запэцканую чорнай зямлёй бутэльку, ашчадна ацёр яе касматай палой кажушка. Яны там пілі, здзекаваліся ці весяліліся, а ён не паспытаў нават. Ён ашчаджаў, стараўся, каб лепшай выгнаць. Каму? Пра каго ён клапаціўся, дурань? Пра сябе, канешне, але хіба пра сябе цяпер так клапаціцца трэба? Ах, дурніла старое…