Пятрок выдраў папяровы корак з бутэлькі і ашчадна глыкнуў раз, другі. Добрая, халера, гарэлачка, які ён усё ж маладзец, што не аддаў першака — хай п'юць тую бурду, тую рудую рэшту. Мабыць, ім усё роўна. А гэтай во самай лепшай ён сам пачастуе сябе, бо хто ж яго яшчэ пачастуе? І чым яшчэ паласаваць сябе, калі не закуркай ды гэтай во, праз гора выгнанай горкай. Праўда, без чаркі, нібы які п'яніца — з рыльца бутэлькі. Але што ж, такі распракляты час, зручны для смерці і зусім нягожы для людскога жыцця.
Ён яшчэ трохі выпіў, перавёў дух і падумаў, што ўсё ж гэта паскудства піць без закускі, хацеў шпурнуць бутэльку далей у роў, ды сквапна асцярогся: стала шкада недапітага. У думках ужо настала млявая лёгкасць, ягонае гора перастала быць такім безнадзейна горкім, як толькі што адчувалася, з'явілася прыемная ўпэўненасць у сабе і нават прыбыло сілы ў целе. Сволачы яны, канешне, думаў Пятрок пра паліцаяў, але і ён не даўбежка, не які там ахламон, недарэка, ён таксама трошкі цяміць у жыцці і нават у вайне, якую ён пабачыў у тую пару, як тыя пад сталом лазілі. Ён не дасць ім на сабе ездзіць, як ім захочацца, яшчэ ён пастаіць за сябе. Во хоць бы і з гарэлкай: чорта ён даў ім гэтую найлепшую бутэлечку, нават выстаяў пад расстрэлам, нагледзеўся смерці ў вочы, а вот жа не аддаў, упёрся, і паехалі з чым і прыехалі. Скулля ім!
Не азірнуўшыся нават на сваю прагаліну, ён падлез пад калючы ельнік і, трохі запарушыўшы вочы, выбраўся на сцяжыну, па якой нетаропка патупаў у аўражнай цішы назад. Бутэльку з недапітым першаком не кідаў, трымаў у руцэ і думаў, што яшчэ трохі глыне і тады кіне ў ручэй. На завароце ручаіны, дзе разам заварочвала і сцежка, ён стаў, трохі здзіўлены, ледзь не сутыкнуўшыся з Рудзькам, сабака таксама, мабыць, дзівіўся гэтай нечаканай сустрэчы, але тут жа ўзрадаваўся, замахаў хвастом.
— Ну што, што, Рудзька? — загаманіў да яго Пятрок. Цяпер, мусіць, вельмі дарэчы было пагаманіць з кім-небудзь, але з кім жа тут пагамоніш, апроч як з выпадковым сабачкам. Рудзька, з пільнай увагай зразумець нешта, узіраўся ў яго твар сваімі пакутна-няўцямнымі вачмі і енчыў ціхенька, бы просячы штось.
— Галодны? Галодны, канешне. Ну, пайшлі. Цяпер, бачыш, няма анічога, ні якой крошкі. Во, бачыш? — спрабаваў вывернуць пустую кішэню Пятрок. — Няма. А ў хаце што-небудзь будзе. Пайшлі, дома цябе накармлю.
Ён пайшоў далей па сцежцы, думаючы, што на гэты раз трэба абавязкова што-небудзь даць Рудзьку, які ці не з учарашняга чакае яго тут, у рове. Але ж учора не далі тыя звяругі — добра яшчэ, што не прыстрэлілі на падворку. Ды і яго самога таксама хацелі застрэліць, што перажыў — страшна ўспамінаць нават.
— Во, брат, жыццё настала! — паскардзіўся Пятрок і азірнуўся на Рудзьку, які, бегучы ззаду, зноў уважлівей паглядзеў у ягоны твар і пакутна наморшчыў маленькія броўкі. — Жыццё! Сабак б'юць, як людзей, і людзей страляюць, нібы сабак. Ураўнялі род чалавечы! Падспасобілі пад скаціну якую, ага, брат!
«Хаця ім што, — думаў Пятрок, — ім абы жорсткасць сваю спраўляць, упівацца сілай, людскую кроў піць. Без крыві засмяглі б іх глоткі. І гарэлкаю не размочаць. Не, не размочаць. Ім пасля крыві гарэлку давай, а пасля гарэлкі зноў на кроў цягне. Во па гэтым коле і носяцца. Ах, звяругі, звяругі!»
Ён ужо ўпэўнена тупаў па сцежцы з цвёрдым намерам на хутары чым-небудзь накарміць Рудзьку, бо зусім асірацеў сабачка, мабыць, пабойваецца людзей і круціцца на адным месцы ў рове, дзе той страшной ноччу згубіў свайго Янку. Але Янка ўжо ўсё, Янка цяпер далёка, ягоная душа цяпер, мусіць, на небе. Бязгрэшная хлапечая душа, яна пэўне ж пападзе ў рай. А во куды пападуць нашы грэшныя душы?
Пяршак Пятрок не дапіў, цвяроза падумаў, што яму, мабыць, годзе, трэба палячыць Сцепаніду. Пасля ўсяго перажытага жонцы самы раз будзе глынуць які кілішачак жытняй — пэўна ж, прыбудзе сілы ды і бадзёрасці. Малы кілішачак гэта як лекі, і неблагія лекі прытым, самі дактары не адмовяцца. А дактары знаюць, як трэба піць. Дактары ўсё знаюць: і што піць, і чым закусваць. Яму таксама не шкодзіла б чым закусіць, дужа хацелася есці, асабліва цяпер, пасля выпіўкі. Усе гэтыя дні галодны, не раўнуючы як той Рудзька.