Выбрать главу

Урэшце Каландзёнак завязаў тугі вузел на ягоных руках, другі канец вольна раскінуў у доле па стаптанай капытамі і развернутай аўтамабільнымі коламі дарозе, і Пятрок аж здзівіўся: нашто? Але тут жа стала ўсё зразумела — з другім канцом у руках паліцай узлез на каня.

— Пайшоў! Быстра! — скамандаваў Гуж, не ад'язджаючы, аднак, ад яго. Ад'ехаў адзін Каландзёнак, лейцы на гразі распрасталіся, напяліся і дужа тузанулі яго за рукі. — Быстра, сказаў!!!

Гуж зноў секануў яго дубцом па галаве, якую наскрозь працяў боль. Каб не ўпасці, Пятрок змушаны быў пабегчы на гэтай вяроўчыне за Каландзёнкам, які нагамі штурхаў у бакі каня, а Гуж з дубцом у руках паганяў яго ззаду.

— Быстра! Быстра, стары бальшавіцкі корч!

Пятрок не паспяваў, спатыкаўся, кідаўся ў бакі, апоркі вязлі ў гразі, але ўпасці цяпер на дарогу было б яшчэ горш. І ён бег, сігаў, тузаўся на вяроўцы, якая рвала скуру на ягоных руках і цягнула, валакла яго да гасцінца. Твар ягоны зноў замакрэўся ад слёз, якія няспынна студзіў пругкі вецер, што парывіста дзьмуў насустрач.

— Нячысцікі! Гадаўцы! — захлынаючыся ветрам, крычаў Пятрок. — Але пачакайце! Мой Федзька прыйдзе! Сын мой прыйдзе… Ён вам пакажа… Не думайце… Федзька прыйдзе!..

22

Пятрок знік, прапаў з гэтага свету, як і для яго прапалі гэты хутар, роў, Сцепаніда, іхнія дзеці Фенька і Федзя — прапаў цэлы свет. І засталіся, можа, успаміны, калі яшчэ было каму ўспомніць ягоныя жыццёвыя пакуты, дробныя і вялікія клопаты. Адны з іх і ён бы не прамінуў забыць — навошта было травіць душу кепскім ці непрыгожым, што назбіралася за жыццё, другое ж хацеў бы помніць. І хацеў, каб трохі помнілі людзі, можа, што згадзілася б і для іх. Бо былі ў тым перажытым разам з горыччу і нейкая непазнаная слодыч, аддалены гук жыцця, а можа, і само жыццё — хто скажа?

…Снег тады валіў тыдзень ад самых Калядаў, а за тры дні да Вадохрышча ўсчалася завея, якой тут не зналі ці не з сатварэння свету. Снегу намяло поўны двор, дзён колькі неяк было вылезці з хаты. Але ж трэба было прынесці вады, прыдбаць дроў, дагледзець скаціну, і Пятрок перш чым адчыніць дзверы ў хлеў, кожны раз мусіў адкопваць іх, каб як прашчаміцца ўнутр. Праз паўгадзіны, аднак, ад яго адкопанак не заставалася і следу — спрэс у двары грувасцілася некранутая тоўшча тугога, спрасаванага ветрам снегу.

Той дзень, праўда, зверху не сыпалася — болей мяло нізам, надзьмула на падворку даўгую хрыбціну-гурбу — ад дрывотні да самых варотаў хлява, крыху меншую — ля калодзежа і пад тынам. Калодзежны зруб апынуўся ўпоравень з долам, Пятрок ледзьве дабраўся да яго з вядром, але зачарпнуць вады не было як: у зрубе чарнелася вузенькая, бы нара, дзірка-адтуліна. Пятрок пра сабе вылаяўся. Настрой яго быў і без таго кепскі: у хаце толькі што пасварыўся з жонкай — усё праз клопат аб хлебе. Хлеб Сцепаніда ашчаджала, можа, праз меру, дамешвала ў яго бульбу і вотруб'е, і той хлеб ужо неяк стала ўзяць у рот. Хоць, ведама, яна мела на тое прычыну — жыта ў засеку засталося не болей мяшка, а да вясны і першай травы было не меней чатырох месяцаў. Як было не ашчаджаць? Неяк адагнаўшы ад сябе звыклы той клопат, Пятрок прычапіў да калаўрота вядро, але вядро адразу засела ў цеснай снегавой нары, не дастаўшы вады. Тады ён азірнуўся, каб папіхнуць яго чым, якой жэрдкай з плота, ды так і знерухомеў над замеценым зрубам. Цаліком па дашчэнту зараўнянай дарожцы з гасцінца прабіраліся тры цёмныя постаці — марудна ішлі пад вецер, угнуўшы галовы і, мусіць, ступаючы ў сляды пярэдняга. Вецер шалёна курыў ад іхніх ног снегам, нёс яго цераз усё поле да хвойніку, дзе на гасцінцы чарнеліся дзве легкавушкі і ля іх таксама варушыліся людзі. «Ну, пэўна, там замяло, там заўжды замятае ўзімку, асабліва на краі сасоннічку, наўрад ці прайсці тым легкавушкам», — падумаў Пятрок, зняў рукавіцу, высмаркаўся. Цяпер ужо не было сумнення, што тыя здарожаныя з гасцінца кіравалі сюды, да хутара. Трэба было сустракаць гасцей.

Выцягшы з калодзежа лёгкае, са снегам, вядро, Пятрок стуліўся ад ветру і пачакаў крыху, пакуль людзі падыдуць да варотцаў падворка. Пярэдні быў ужо блізка — ладна сігаў шырокім і дужым крокам, на яго плячах чарнелася блішчастая на марозе скуранка, пад пахай ён трымаў такі ж чорны партфель і быў віднейшы за іншых паставай, напэўна, маладзейшы за таго, што ішоў следам. Ужо ля варотцаў Пятрок добра разгледзеў гэтага другога — то быў сярэдняга росту мужчына ў чорным бобрыкавым паліто і высокай, перасыпанай снегам каракулевай шапцы, на яго счырванелым ад ветру твары відаць былі невялічкія падстрыжаныя вусікі. Трэці быў у даўгім чырвонаармейскім шынялі і шлеме з шырокімі апушчанымі вушамі, падпяразаны дзягай з наганам, што ў такт кроку целяпаўся на правым баку.