Выбрать главу

— А што скажу… — Вайцяховіч абарваў фразу, змоўк. Набычыўся, надзьмуўся, як капрызны хлапчук, маўчаў.

«От будзе маўчаць, і што ты яму зробіш?» — насцярожыўся капітан.

— Зацягваецца тваё маўчанне, зацягваецца. Не ведаеш, як лепш адказаць?

— Ведаю. Што было, тое і скажу.

Маскальчук узрадаваўся, што хлопец загаварыў, ажно з палёгкай уздыхнуў:

— Я слухаю.

— Адзін туфель я абуў свой, саракавога памеру, другі, большы, — бацькаў. А хіба такога не можа быць?

— Чаму адзін свой, другі бацькаў? Дзіўна!

— Мой нагу муляе.

— То ў такім разе ты ж мог абодва бацькавы абуць. Мог?

— Як мне захацелася, так і абуўся. — 3 твару Вайцяховіча не сыходзіла злосць. Раптам у вачах яго нешта бліснула, некалькі секунд як бы тлела і ўспыхнула гарачымі агеньчыкамі. — Аднак жа вось яшчэ што: пасля мяне мог там таксама нехта пахадзіць. У туфлях сорак другога памеру. Людзі ўсюды ходзяць. Так што след сорак другога памеру яшчэ не доказ, што нас было двое.

«Як лоўка пляце! — зноў здзівіўся Маскальчук. — У кемлівасці, відаць, яму не адмовіш. Аднак вось гэтая логіка ў такой незвычайнай для яго сітуацыі!.. Быццам ён адпаведную вывучку прайшоў. Дык чыя ж гэта школа, калі так?»

— Добра, Вайцяховіч, мы той туфель сорак другога памеру калі не ў твайго бацькі, дык у каго-небудзь іншага пастараемся знайсці. На ім ёсць вельмі характэрная прыкмета.

Хлопец зіркнуў і адказаў памяркоўна:

— Вам відней, што рабіць, шукайце.

Абодва незнарок паглядзелі ў акно. Удалечыні шырокай стужкай пабліскваў Дняпро. За ракой на лузе ярка зелянела атава. Туман, які з раніцы густа вісеў над зямлёю, там-сям над лугам яшчэ не развеяўся. Туды, дзе не было туману, імклівыя хмурынкі кідалі свае калматыя цені, якія сёння чамусьці раздражнялі Маскальчука.

— Яшчэ такое пытанне,— сказаў ён глухавата, стрымліваючы прыкрае раздражненне. — Што ты купляў на тыя грошы?

— Якія там грошы былі! Па восем — дзесяць рублёў. Віна куплю, пабалдзеем з хлопцамі — вось і ўсе пакупкі.

— Разбойнічалі ў нецвярозым стане?

— Ну пэўна ж. Хіба цвярозы пайшоў бы на такое?

— Тыя, з кім ты, як кажаш, балдзеў, ведалі, як здабываліся грошы на віно?

— Не, вядома. Хто ж будзе хваліцца, што злачынствы робіць.

— Цяпер давай высветлім вось што. Усе пацярпеўшыя даводзяць, што злачынцы пагражалі ім рэвальверам і нажом. Што ты скажаш наконт гэтага?

— Праўду, таварыш следчы, скажу. Ніякага рэвальвера ў мяне няма і не было. А нож быў, я яго ў рэчку выкінуў, хочаце — пакажу куды. Выкінуў, бо вырашыў больш не займацца бруднымі справамі.

Зазваніў тэлефон. Маскальчук узяў трубку і пачуў у ей малады звонкі голас. Дзяжурны па райаддзелу міліцыі паведамляў, што прыйшла жанчына і сцвярджае, быццам на вуліцы сустрэла грабіцеля, з якога сарвала маску. Ён таксама пазнаў яе, усё стараўся схавацца ў натоўпе, потым, калі яна зрабіла выгляд, што не сочыць за ім, ускочыў у магазін.

Маскальчук сказаў дзяжурнаму, каб выклікаў з гаража машыну, паклаў трубку на рычаг апарата і кінуў Вайцяховічу:

— Давядзецца перапыніць. нашу размову. Жанчына, якая сарвала маску з твайго хаўрусніка, апазнала яго. Так што неўзабаве сустрэнецеся.

Вайцяховіч ухмыльнуўся, недаверліва паглядзеў на капітана. Яны пайшлі ў пакой дзяжурнага.

Перадаўшы Вайцяховіча дзяжурнаму міліцыянеру, каб той адвёў яго ў ізалятар часовага ўтрымання, Маскальчук павярнуўся да жанчыны, якая ўсё спрабавала загаварыць да яго.

~ Раскажаце, Сіліванава, па дарозе,— сказаў ёй. — Паехалі, кожная хвіліна дарагая.

Ён ведаў жанчыну. Пазнаёміўся надоечы, калі дапытваў па яе заяве наконт аграблення.

Па дарозе Сіліванава расказала, што ўбачыла свайго «даўжніка» ў аўтобусе. Злачынец сядзеў непадалёк ад яе па другі бок салона. Яна спачатку заўважыла на шыі ў яго глыбокі шрам. Доўга пільна прыглядалася, намагалася пазнаць, ён ці не? I ён сам ёй памог. Адчуўшы на сабе яе позірк, павярнуў галаву. Яны сустрэліся вачамі. Злачынец на момант як аслупянеў. Потым рэзка адвярнуўся і ўтаропіўся ў акно. Яна не спускала з яго позірку. Ён некалькі разоў зіркаў на яе крадком, а калі аўтобус спыніўся, з усіх ног кінуўся ў дзверы. Але тут ужо яна не адступілася, выскачыла за ім і пачала сачыць, куды ён падасца.

Машына спынілася каля прамтаварнага магазіна, дзе, са слоў пацярпеўшай, схаваўся злачынец. Яны таропка выйшлі з кабіны, накіраваліся ў магазін. Ля дзвярэй Сіліванава, якая ішла паперадзе, раптам стала як укопаная і, рэзка ўскінуўшы руку, тыцнула пальцам як не ў грудзі рыжаму хлопцу: