— Не, Кірыльчанка, не тое вы надумаліся. Вайцяховіч кажа — была.
— Хай ён не хлусіць. Піва пілі, правільна. Дык ён хуценька апаражніў свой куфель — і за дзверы. У кіно, сказаў, з хлопцамі.
— Навошта яму хлусіць? Што б ён з такой хлусні меў? От вы ўзважце ўсё як след і тады самі пераканаецеся, што дарэмна крывіце душой.
— Нічога я не крыўлю. — Кірыльчанка насцярожана глянуў на Маскальчука і ўцягнуў галаву ў плечы. Шчокі і вушы яго пунсова гарэлі, а вусны былі цвёрда сціснуты. Усім сваім выглядам ён быццам даваў зразумець, што ў яго няма больш ніякай ахвоты працягваць гэтую непрыемную гаворку. Маскальчук раз-пораз пастукваў па стале самапіскай, чакаючы адказу, а Кірыльчанка моўчкі скручваў у трубку і раскручваў нейкую зашмальцаваную паперку, якую выцягнуў з кішэні такіх жа зашмальцаваных шэрых штаноў.
— Што вас так турбуе, Кірыльчанка? Вас што — страх які гняце? Не бойцеся, сядзіце прама, — нягучна сказаў Маскальчук.
Хлопец не варухнуўся, толькі на хвіліну ўзняў вочы і зірнуў на яго пальцы, якія трымалі самапіску. Нешта падняло Маскальчука з крэсла, прымусіла прайсціся па пакоі ад стала да дзвярэй і назад.
— Зраблю вам з Вайцяховічам вочную стаўку, калі так. Паглядзіце адзін на аднаго, можа, у таго, хто хлусіць, загаворыць сумленне. — Ен асадзіў сябе: «Ды не мітусіся ты, супакойся, сядзь». Знарок павольна, каб паказаць сваю вытрымку, апусціўся ў крэсла.— Пачакайце ў калідоры, я вас паклічу.
— А колькі чакаць? — Кірыльчанка падхапіўся.
Капітан паглядзеў на гадзіннік.
— Хвілін сорак. Пасля абедзеннага перапынку паклічу.
— Дык я таксама пайду паабедаю, бо і ў мяне жывот падцягнула.
Маскальчук задумаўся: «Адпусці цяпер цябе, потым шукай — яшчэ, чаго добрага, збяжыш куды». Спытаў:
— Чакаць не давядзецца, не спозніцеся?
— Не, толькі паабедаю і прыйду. Вельмі есці хочацца.
— Добра, ідзіце.
Кірыльчанка борздзенька накіраваўся да выхада. Каля дзвярэй ён на момант затрымаўся, зашпіліў расхрыстаную кашулю, потым таропка, як спуджаны заяц, выскачыў за парог. Адразу ж услед за ім пайшоў з кабінета і Маскальчук.
Паабедаўшы ў кафэ, Маскальчук завітаў у суседні сквер, каб там пахадзіць якіх мінут дзесяць, што заставаліся ў яго ад абедзеннага часу, падыхаць свежым паветрам.
Ён спыніўся каля тоўстага разгалістага клёна, пазіраў на галубоў, якія таўкліся. непадалёку на заасфальтаванай дарожцы, падбіралі кімсьці накрышаны для іх хлеб. Узяўшыся рукою за дрэва, з прыемнасцю адчуваў халодную шурпатасць кары. Галубы мітусіліся адзін перад адным, узмахвалі крыллем, жвава торгалі прыгожымі шызымі галоўкамі.
Маскальчук закурыў цыгарэту, павольна павярнуўся і пайшоў па ўсыпанай вільготным лісцем дарожцы. Марудна ступаў і слухаў, як мякка шамацела пад падэшвамі.
Кірыльчанкі ў аддзеле міліцыі, калі Маскальчук прыйшоў туды, яшчэ не было. Каб заняць час, капітан узяў са стосіка папер на стале вучнёўскую асабовую справу Вайцяховіча, разгарнуў яе, пачаў чытаць. Гэтую справу даслалі са школы сёння раніцай. Яму хацелася — не, абавязкова трэба было — дакапацца, вывучыць, як фарміраваўся характар у хлапчука, як Вайцяховіч зрабіўся такім, якім стаў зараз, дзе, калі, чаму ўзніклі тыя прычыны, якія паўплывалі, каб у юнака зарадзіліся злачынныя схільнасці. У гэтым ён абавязкова павінен быў глыбока разабрацца. Ну добра, Вайцяховіча ён выкрые ў злачынстве, суд пакарае злачынца — і ўсё? А той дзірван, з якога праклюнуўся шкодны парастак, хай застаецца неўзараны? Хай на ім караніцца іншае пустазелле?..
Запісы настаўнікаў, якія вучылі Вайцяховіча ў першым і другім класах, сведчылі, што ён на ўроках быў актыўны і ўважлівы, выдатна рашаў задачы, хутка лічыў. Бацька і маці прыходзілі ў школу, цікавіліся яго вучобай і паводзінамі. Аднак, пачынаючы з чацвёртага класа, яны паслабілі сувязь са школаю, мала наведвалі бацькоўскія сходы.
I вось наступныя запісы.
У пятым класе вучыўся добра, паказаў сябе здольным, але няўседлівым. Да яго патрабавалася вялікая ўвага з боку настаўнікаў і бацькоў. Калі захапляўся чым, быў старанны.
У шостым — паспяховасць пагоршылася. Высветлілася, што мала чытаў кніг.
Класныя кіраўнікі сёмага, восьмага і дзевятага класаў адзначалі цікавасць хлопца да радыётэхнікі. Ён займаўся ў радыётэхнічным гуртку на станцыі юных тэхнікаў. Захапляўся таксама лёгкай атлетыкай. Патрабаванні тых, каго прызнаваў за «лідэраў», выконваў і даражыў іх думкаю.
Характарыстыка таго, як праявіў сябе Кастусь Вайцяховіч у час вучобы ў дзесятым класе, была найбольш поўная. Вучыўся горш, чым мог, бо не меў неабходнага багажу ведаў. Ні ў якой грамадскай рабоце не ўдзельнічаў. Нярэдка замыкаўся ў сабе, рабіўся скрытным. Рэзка вызначыліся ў яго характары таксама крыўдлівасць, запальчывасць. Прапускаў заняткі, уцякаў з урокаў. Школу закончыў з адзнакай «тройка» па ўсіх прадметах і «здавальняюча» па паводзінах.