Сіняковенка, не атрымаўшы згоды на пачастунак, чамусьці пасунуў бліжэй да канапы новае, са свежай цёмна-зялёнай абіўкай крэсла, момант памарудзіў, быццам разважаючы, садзіцца ці не. Сеў.
— Дык што, так і будзем сумаваць? — звярнуўся да дзяўчат, хаваючы ў куточках губ ледзь улоўную гаркавую ўсмешку.
— А што нам рабіць, спяваць ці танцаваць? — непрыязна кінула яму чарнявая. Ёй, мусіць, не падабалася яго наўмысная напышлівасць.
Ён пільна паглядзеў на яе, але не пакрыўдзіўся.
— Можна было б і маг уключыць ды патанцаваць, каб начальнік дазволіў. — Кіўком галавы ён паказаў на Маскальчука.— Такія запісы ў мяне ёсць — закачаешся! Але жарты жартамі, а сумаваць, дзяўчаты, сапраўды не трэба. Пакуль яны тут будуць весці шмон, я раскажу вам што-небудзь цікавае. — У голасе, у выглядзе яго ўжо не было ранейшай робленай напышлівасці.
У пакой увайшоў Багачэнка. У руках ён трымаў новенькія, блішчастыя светла-карычневыя туфлі.
— Зусім не ношаны абутак, а ношаныя я не знайшоў, — Багачэнка недаўменна паціснуў плячамі. — Ці вы, Сіняковенка, апошнім часам зусім з кватэры не выходзіце?
— Навошта ж так спрашчаць, таварыш старшы лейтэнант. — Перад тым як вымавіць слова «спрашчаць», Сіняковенка на момант запнуўся, мусіць, хацеў уставіць яшчэ нейкае, з’едлівае, ды не адважыўся. — Я і на работу хаджу, і ў кіно, і ў магазін наведваюся. Сёння апоўдні ў абутковым дык і вас сустрэў. — У яго быў такі выгляд, быццам яму карцела падміргнуць участковаму інспектару. — А вас цікавяць мае ношаныя туфлі? Шкада, але вы ўжо іх ніяк не зможаце знайсці. Я іх выкінуў у смеццевы кантэйнер, а машына пад’ехала, зачапіла яго крукам — і на звалку. Вось такая карусель, таварыш старшы лейтэнант.
Сіняковенка гаварыў, не хаваючы сваёй асалоды ад той здзеклівасці, якую ён укладваў у гэтыя словы.
Маскальчук кінуў на Багачэнку хуткае пільнае вока, і яму падалося, што ў таго зараз вырвецца: «Як на звалку, чаму?!»
— Інакш яно і не можа быць. Калі знасіліся — у скрынку для смецця іх, вось і ўся сутнасць, — спакойна адказаў участковы інспектар. Аднак Маскальчук бачыў, што спакой яго — толькі знешні.
Багачэнка таксама ўвесь час шукаў «трэцяга». Па-мятаючы, што на месцы злачынства быў выяўлены след, пакінуты правым туфлем сорак другога памеру з набойкай-касячком на абцасе, ён упарта думаў, як знайсці той абутак. Каму мог належаць след? Меркаваў і так, і гэтак. I адно з яго меркаванняў усё ж неяк сыходзілася на Сіняковенку: «почыркі» злачынстваў чорных масак і тых, якія некалі ўчыніў Сіняковенка, былі аднолькавыя. Багачэнкава падазрэнне па меры таго як ён стараўся глыбей асэнсаваць яго, пачынала ўсё больш непакоіць. Часам, праўда, яно крыху атухала, потым зноў разгаралася — як вугольчыкі ў шэрым прысаку, разварушаным свежым павевам ветру. Ён спадзяваўся, што, можа, Сіняковенка, ідучы з работы ці на работу, пакіне след дзе-небудзь на незатаптаным вільготным снезе, які апошнія дні час ад часу рэдзенька церушыў з хмарнага неба, засцілаючы зямлю тонкім, як марля, покрывам. Дзе-небудзь каля голай клумбы, што насупраць заводскай прахадной, ці на крайку тратуара пакіне. Багачэнку толькі б зірнуць на той след, тады б ён ведаў, што рабіць. Сёння яму сустрэўся Сіняковенка ў горадзе на цэнтральнай вуліцы. Заўважыўшы, як той зайшоў у абутковы магазін, Багачэнка адчуў, што нейкая насцярожаная, прыкрая цікавасць і яго туды пацягнула. Але ўсярэдзіну не пайшоў: як стаў каля шырокіх зашклёных дзвярэй, так і не зрушыўся. Пасля падумаў: «Зайду, можа, што сыну на ногі нагледжу».
У магазіне ў аддзеле дзіцячага абутку ён стаў, пацікаваў за Сіняковенкам. Той, не заўважаючы яго, пачаў здымаць з нагі правы туфель, каб прымераць новы. Тут Багачэнка ўгледзеў на абцасе набойку-касячок і ледзь не ўсклікнуў, не выгукнуў сваё ўлюбёнае: «Вось і ўся сутнасць!» Сіняковенка прымяраў туфлі сорак другога памеру… 3 магазіна Багачэнка хуценька пашыбаваў у аддзел міліцыі і ледзь дачакаўся там Маскальчука, пакуль той вярнуўся ад Дняпра, дзе вадалазы шукалі зброю. Расказаўшы капітану пра сваё неспадзяванае адкрыццё, ён катэгарычна зазначыў: трэба рабіць вобыск. Маскальчук нерашуча запярэчыў, што адной гэтай падставы для вобыску малавата, а сам таксама падумаў: трэба, відаць. Багачэнка, што бывае з ім даволі рэдка, загарачыўся. Хай фактаў малавата, аднак жа з рахунку і тое, што ёсць, не скінеш! Наадварот, неабходна не марудзячы праверыць, высветліць усё. Як гэта зрабіць? А так і зрабіць: даруйце, Сіняковенка, але мы вас патурбуем. Служба!.. Калі ён вінаваты, дык точыць жа яго душу хоць які страх? Точыць, безумоўна. I адразу хоць чым ды і выдасць сябе, гэта — закон. Гэта бывае з кожным, калі ёсць грэх за душою. А дзейнічаць трэба хутка яшчэ і таму, што ў яго, акрамя тых туфель можа, і яшчэ што знойдзецца.