Але жарты скончаны, Брыль надзеў акуляры і схіліўся над рабочым сталом. Спачатку перагортвае напісанае, для разбегу, потым запаўняе аркушы акруглымі, крыху віціяватымі літарамі.
Работа над нарысам у яго істотна не адрозніваецца ад работы над творамі «чыста мастацкімі», нездарма ж называў ён «Сэрца камуніста» то нарысам, то апавяданнем, а «Нёманскіх казакаў» — нарысам і аповесцю.
Апошнім часам крытыкі зацікавіліся мініяцюрамі Брыля, творамі, што заваёўваюць сёння шмат каго з удумлівых чытачоў. Робяцца спробы вызначыць асаблівасці жанру мініяцюры і яго папулярнасць вытлумачыць духам сучаснасці. Мініяцюры зусім не падобны на традыцыйнае паняцце «жанр», пад якім разумеецца тып і спосаб арганізацыі зместу ў мастацкім творы. Жанр — гэта ўстойлівасць структуры твора, якая адпавядае ўстойлівым поглядам на рэчаіснасць як на працэс, які развіваецца лагічна, паслядоўна, заканамерна. Дыялектычная рэлятыўнасць жыццёвага патоку і мажлівыя выпадковасці ў такім выпадку астаюцца па-за вобразам. Мініяцюра ў кантэксце гэтых разважанняў магла б трактавацца як антыжанр, гэта значыць, як структура, якая падкрэслівае зменлівасць плыні жыцця, працэс, які дзеецца ў сутыкненнях супярэчлівасцей, узаемным пранікненні заканамернага і выпадковага, бясспрэчнага і спрэчнага, аб'ектыўнага і суб'ектыўнага.
Калі кожная канкрэтная мініяцюра — антыжанр, дык цыкл мініяцюр — затое ўжо жанр, блізкі да традыцыйнага разумення. Цыклы мініяцюр і кніга мініяцюр — гэта як бы жывы эпас сучаснасці, які схоплівае жыццё як рух гуманістычна зараджаных часцінак сярод нейтральнага, незапоўненага прастору. Чытач, прывучаны да традыцыйных жанравых структур, сам будзе ўкладваць мініяцюры ў сістэму, ствараць кантэкст і аб'ядноўваць цыклы шырокага плана. Чытач па задуме мастака павінен стаць тут актыўным саўдзельнікам творчага працэсу. Так, мастацкую плынь адной цікавай навелы «Юрмала-72» Брыль нібыта знарок пасек зорачкамі і не дзеля сціпласці прызнаўся гераіні гэтага твора: «Мілая, я развучыўся, а можа, і не ўмеў ніколі як след прыдаваць з'явам належную літаратурную форму, будаваць «стройны сюжэт», забяспечваць «вострую займальнасць».
У мініяцюрах Янкі Брыля мы сустракаем тое, што можна назваць манерай адкрытага штрыха. Пісьменнік не гоніцца за дакладным адлюстраваннем, за ілюзіяй (вобраз-жыццё) і накшталт імпрэсіяністаў адкрыта кажа, што чытач мае справу з мастацкім малюнкам, з індывідуальным бачаннем, адборам, пераўтварэннем, ацэнкай. Ацэнка выступае падкрэслена адкрыта, гэта эстэтычны каментарый да адлюстраванай з'явы, падзеі, пачуцця. Агульная ідэя, якую, на мой погляд, выражае гэтая манера адкрытага штрыха, адкрытай ацэнкі ў мініяцюрах Янкі Брыля,— гэта сцвярджэнне той акалічнасці, што ў гуманістычнай сістэме чалавек — свет, асабліва актыўны першы член. Такая спецыфіка гуманітарнага пазнання. Зноў згадваючы Радэна з яго адкідваннем лішняга, мушу адзначыць як істотную рысу Брыля-мастака тое, што ён, бадай, ніколі не лічыць свой надрукаваны твор абсалютна закончаным. Часта вяртаецца пісьменнік да тэкстаў пры перавыданнях, стварае новыя рэдакцыі і варыянты, дастаўляючы клопаты даследчыкам, але і новую радасць чытачам. Добра, што працуе ён не ў мармуры, а ў слове — матэрыяле, падатлівым на змены, матэрыяле, што сам просіць гэтых змен.
У Янкі Брыля, як мала ў каго, мне бачыцца моцная раўнавага эмоцый і разважлівасці, волі. Ён умее паглядзець на надрукаванае як на чарговы варыянт, хутка ахалонець ад задаволенасці сабой і шукаць далей. Як мастак і чалавек, ён здольны быць сабою, верным сабе. Вернасць сабе застаецца і тады, калі ён дапрацоўвае і перапрацоўвае напісанае, нават апублікаванае. Праўда, хай не падумае чытач, што я наіўна лічу кожны наступны варыянт тэксту лепшым за папярэдні. У мастацтве, гаварыў Леанарда да Вінчы, большая вырабатка ў таго, хто менш працуе. I гэта не проста зіхоткі парадокс. Апошні варыянт «Быстранкі» (другі том чатырохтомнага збору твораў) бліжэй да першага «палымянскага» варыянта, чым да тэксту, выпушчанага асобнай кніжкай.
«...Скажыце, Вы працуеце кожны дзень ці толькі як прыйдзе натхненне?» Такую запіску падалі ў прэзідыум літаратурнай сустрэчы на імя Янкі Брыля ў адной школе. Пачакаўшы, покуль зал перастане смяяцца з цікаўнага падаўцы, Янка Брыль з крыху нязвычнаю для яго ўрачыстай сур'ёзнасцю стаў расказваць вучням, як працаваў Талстой, Горкі, як працуе Андрэй Упіт. У канцы, нахмурыўшы бровы, ён сурова, нібы запаведзь, вымавіў: «Пісьменнік, як і кожны чалавек, абавязан працаваць дзень у дзень. Пісаць трэба тады, калі не пісаць не можаш. Але акрамя пісання ў пісьменніка ёсць многа работы — чытаць, перакладаць з іншых моў, выконваць грамадскія абавязкі, а галоўнае — думаць».