БЕРАСЦЕЙСКАЕ ВОГНІШЧА
Раскопваючы старажытнае Бярэсце, гарадзішча якога на паўднёвым востраве цяперашняй Брэсцкай крэпасці, вучоныя-археолагі знайшлі грабянец. мабыць, згублены нейкай красуняй у лабірынце цесных вулак паміж маленькіх драўляных, рубленых «у круглы вугал» домікаў на дзядзінцы. Сюды заможныя людзі збягаліся ў страху перад нападамі ворагаў, пакідаючы больш прасторныя дамы на знешнім гарадскім пасадзе. Зроблены з дарагога заморскага дрэва самшыту, грабянец служыў не толькі для туалету. Чыясьці рупная рука выразала на яго глянцавітых баках літары кірылаўскага алфавіта. Грабянец стаў букваром.Па ім вучыліся грамаце берасцейцы ў ХІІ стагоддзі – такі век вызначылі знаходцы вучоныя. Прэзідэнт Акадэміі навук БССР назваў знаходкі ў старажытным Бярэсці цікавейшаю падзеяй навуковага жыцця ў рэспубліцы за 1970 год. Значыць, ужо на заранку гісторыі ўсходніх славян у Бярэсці паважалі пісьменных людзей. А дзе пісьменнасць, там і мастацтва пісанага слова, літаратура. На жаль, помнікаў старадаўняга пісьменства вучоныя ў Бярэсці не знайшлі. Пражорлівы фанатызм, які ва ўласніцкіх грамадствах звычайна жыруе на нацыянальна-культурных паграніччах, папасвіўся і тут, на берасцейскай зямлі. Ёсць пэўная заканамернасць у тым, што культурнае жыццё гарадоў актывізуецца, напружваецца на паваротах гісторыі. Так і Бярэсце. Хоць на старонкі летапісу горад трапіў у 1019 годзе, вогнішчам культуры стаў толькі ў XVI стагоддзі, у эпоху Адраджэння. Гэта быў час змяркання феадалізму, у нетрах якога выспявала новае, буржуазнае грамадства, новы стыль жыцця. Раслі, узвышаліся гарады з іх рамёствамі, гандлем, вопытам арганізацыі грамадскіх адносін. Брэст першы з усіх беларускіх гарадоў атрымаў самакіраўніцтва і яшчэ ў 1441 годзе быў залічаны каралеўскай прывілеяй да буйнейшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага.
У сярэдзіне XVI стагоддзя тут адкрываецца друкарня, праўда, у ёй друкуюцца лацінскія і польскія кнігі, сярод іх славутая «Biblia Brzeska». Самастойнае чытан-не і каменціраванне бібліі ў тую пару было прагрэсіўнаю справай: адсюль пачыналася вальнадумства. У бібліі нашы продкі былі абавязаны шукаць пацвярджэнне слушнасці сваёй незадаволенасці існуючым станам рэчаў. Так паступаць абавязвала тагачасная традыцыя: царква была тады магутнаю грамадскаю сілай, гатоваю скрышыць кожную праяву вальнадумства, калі яно ішло ўразрэз са святым пісаннем. Людзі ж ў масе сваёй былі веруючымі, таму грамадскім рэфарматарам было неабходна выдаваць свае ідэі абнаўлення і ўладкавання жыцця як праяву боскай волі, як голас неба. I хоць Брэсцкая біблія не тое што скарынінская — не надавалася для сцвярджэыня актуальнай тады ідэі нацыянальнай паўнацэннасці беларусаў, для ўзвышэння прэстыжу іх мовы і культуры ў цывілізаванай Еўропе, але і яна ўсё ж дазваляла тым свецкім людзям, што ведалі польскую мову, самім пранікаць у змест па сутнасці народных біблейскіх кніг без пасрэдніцтва ксяндзоў, якім карцела ўтрымаць сярэдневяковую манаполію на чытанне і каменціраванне «слова божага» дзеля ўлады над душамі веруючых.
Ужо ў часе свайго культурнага абуджэння Брэст адчуў супрацьстаянне розных нацыянальна-культурных стыхій. Гэта адчуванне станавілася яго лёсам. У Брэсце адбыўся царкоўны сабор 1596 года, які пасведчыў крызіс праваслаўнай царквы як адной з дзвюх апор феадальнага ладу на нашых землях. Унія ўпісала назву Брэста ў шматлікія творы палемічнай літаратуры, дзе зводзілі парахункі праваслаўныя з уніятамі і католікамі, аспрэчвалі пад выглядам пытанняў веры царкоўную палітыку, справу нацыянальных свабод і гарантыю годнасці асобы чалавека.
Ідэолаг і важак уніяцкага руху Іпацій Пацей, епіскап Луцкі і Уладзімірскі, быў гадунцом старадаўняга дваранскага роду, які жыў пад Брэстам. Палітычную кар'еру ён зрабіў яшчэ ў маладосці, дайшоўшы да пасады берасцейскага каштэляна. Выхаваны ў Кракаве пры каралеўскім двары, Пацей, як і многія адукаваныя людзі той пары, быў заражаны духам рэлігійнага індыферэнтызму і скептыцызму: ён лёгка пераходзіў з праваслаўя ў лютэранства, потым зноў вяртаўся ў праваслаўе, але ўжо ў ролі саноўніка царквы. Душою і целам адданы каралю магнат, спрытны палітык і здольны публіцыст, Іпацій Пацей трапна развенчваў праваслаўную царкву і яе слуг. Ён вінаваціў правас-лаўных артадоксаў за кансерватызм і адсталасць, згаджаўся з важаком езуітаў Пятром Скаргай, што праваслаўнае духавеігства закаснела, апусцілася і зусім не здольна рухаць наперад справу асветы ў краі, а тым болып развіваць багаслоўскую думку на ўзроўні новага часу.