Выбрать главу

Адзіны паратунак ён бачыў у аб'яднанні праваслаўнай царквы з каталіцкім касцёлам, тым больш што разыходжянні паміж царквой і касцслам, на яго думку, былі нязначныя. Такое аб'яднанне, Пацей гэтага не скрываў, з'явілася б доказам вернасці каталіцкаму каралю і дзяржаве, якая вяла войны з праваслаўнай Масквой. Ён глыбакадумна працягваў епіскапскае жазло пастве, што загразла па віне невукаў-пастыраў у грахах цемры і ўбостве. Жазло гэтае аказалася рапірай, якая раздзяліла беларускую народнасць на дзве часткі; нелады і спрэчкі, лютая варожасць паміж праваслаўнымі і уніятамі перашкодзілі яднанню прагрэсіўных сіл для абароны нацыянальных інтарэсаў, грамадзянскіх правоў і прагрэсіўных традыцый культуры, здабыткаў Скарыны і Гусоўскага.

Іпацій Пяцей не абмяжоўваўся публіцыстычнымі баталіямі з праваслаўнымі. Змоладу прызвычаены панаваць, уніяцкі ўладыка сілаю захапіў у Брэсце ўсе дзесяць праваслаўных цэркваў і абодва манастыры — Сімеонаўскі і Раждзественскі, разагнаў мікольскае праваслаўнае брацтва, у якое ўваходзілі шаўцы, гарбары, рымары і іншыя рамесніцкія цэхі.

Царкоўная унія адкрывала шлях каталіцка-шляхецкай экспансіі на Усход, стварала пагрозу існаванню беларускай народнасці.

Пазней уніяты праявілі некаторыя клопаты аб беларускай мове і літаратуры, уводзячы яе ў свае школы і выкарыстоўваючы ў цэрквах, але ў цэлым унія, прынятая пад націскам каралеўскай улады, як і кожны акт гвалту, прынесла многа шкоды. Яна не дала жаданай карысці нават ініцыятарам яе і прыхільнікам. Уніяцтва засталося ў Рэчы Паспалітай другараднаю верай, перыферыйнаю царквой «русінаў»-просталюдзінаў. Езуіты, разбудаваўшы манастыры, калегіі і Віленскую акадэмію, пераманілі цвет заможнай моладзі к сабе. Едучы шляхам Скарыны прадаўжаць вучобу на Захад, гэтыя асвечаныя перакулыпчыкі пісаліся «рускі de patrio, polonus па нацыянальнасці». У школьных спектаклях яны кпілі з уніятаў, паказваючы іх смешнымі прастакамі, што недалёка адышлі ад праваслаўных «схізматыкаў». Каталіцкія вяльможы паблажліва называлі уніяцкую царкву сварліваю сяброўкай.

У разгар палемікі вакол уніі праваслаўны лагер выяўляў большае разуменне нацыянальных інтарэсаў беларускай народнасці і яе культуры, чым уніяцкі. Гэта датычыць, галоўным чынам, радыкальных сіл — гараджан, арганізаваных у брацтвы, прафесійныя аб'-яднанні рамеснікаў і купцоў, якія ў крытычны момант перарасталі ў грамадскія культурна-асветніцкія вогнішчы, апорныя бастыёны змагання за правы беларускай народнасці, за раўнапраўе веравызнання, моў і культур — традыцыйную для Вялікага княства Літоўскага талерантнасць.

Выдатным дзеячам брацкага руху першай палавіны XVII стагоддзя ў Брэсце быў даравіты пісьменнік палеміст Афанасій Філіповіч. Ён іменаваў сябе берасцейскім гарбарчыкам, але меў дастатковую адукацыю, каб працаваць настаўнікам пры двары літоўскага канцлера, князя Льва Сапегі, а пазней спрачацца з «мудрымі латыннікамі» па самых тонкіх дагматах веры, свабодна каменціраваць грэчаскія і лацінскія тэксты. Зведаўшы гідлівасць ад палітычных інтрыг, у якія быў уцягнуты магнатам-хлебадаўцам, што даручыў яму выхоўваць Івана Лубу, чарговага Лжэдзмітрыя, Філіповіч пастрыгся ў Вільні ў манахі і ўключыўся ў барацьбу за вяртанне даўняй верацяргіімасці і свабоды сумлення ў краі. Смела і напорыста дзейнічаў Філіповіч, заняўшы ў 40-я гады пасаду ігумена брэсцкага Сімеонаўскага манастыра, адваяванага праваслаўнымі братчыкамі ад уніятаў.

Просталінейны, фанатычны, ён смела браўся за рызыкоўныя пачынанні — то вёў тайныя перагаворы з маскоўскім пасольствам, выкрываючы інтрыгі Сапегаў вакол самазванца, то ўрываўся на пасяджэнні вальнага сейма ў Варшаве і паднімаў скандал, каб дайсці сваіх правоў. Значную ролю ў гэтай барацьбе іграла пяро публіцыста і нават паэта. Пяру Афанасія Філіповіча належыць славуты «Днарнуш» (дзённік) — фактычна шматпланавы і рознастылёвы расказ пра зацяжны суд аўтара з уніятамі, езуітамі і прыхільнымі да іх саноўнікамі на чале з канцлерам і каралём, суд за «успакаенне праваслаўнай цэрквы». Берасцейскі ігумен аказаўся сапраўдным сынам эпохі шляхецкай і гарадской дэмакратыі: у яго натуры сужываецца ганарлівасць шляхціца з настырнасцю купца. Гадамі ходзіць ён «ад суду да суду для лепшага абьясненя вялікай справы». Хоць і кажа пра сябе Філіповіч, як і належыць чарняцу, што ён «нэндзны (нікчэмны) чалавек, прастак, гарбарчык, калугер убогі», якому быццам няма чаго рабіць «межы манархамі света», але на справе гэты прастак павучае рускага цара, а польскага караля кліча да адказнасці перад законам.