Выбрать главу

I вось гэтаму традыцыйна-фальклорнаму калектыўнаму тыпу мастацкай творчасці паэт супрацьпаставіў новы тып — творчасць індывідуальную, прафесійна-аўтарскую. Яна жыве не традыцыяй, не знешняю воляй сонца, а кіруецца асабістаю воляй мастака, яго вольным выбарам. няма патрэбы даводзіць, наколькі жыццёвай была гэтая праблема для маладой беларускай літаратуры. Фенамен Рэдкага засведчыў, што нават у самой традыцыйнай народнай творчасці вырасталі парасткі новага, індывідуальнага, аўтарскага мастацтва. Літаратура беларуская магла стаць нацыянальнай і сапраўды сучаснай толькі пры ўмове, што яе стваральнікі сыдуць з арбіт безасабовай творчасці, стануць індывідуальнасцямі, мастакамі новага тыпу, якім пад сілу самастойна тварыць у рэчышчы агульнай народна-гуманістычнай і патрыятычнай місіі мастацтва.

Усё гэта новае і незвычайнае. А дзе новае, там супярэчлівасці, там канфлікты. Промень быў пакараны за творчую інідыятыву, за праяву індывідуальнасці, хоць фактычна не сышоў са шляху агульнай праметэеўскай місіі мастацтва — саграваць свет. Драма промня — гэта рамантычная драма непамернай душэўнай чуласці. Чуласць на пакуты зямлі мелі ўсе промні, сыны сонца, а гэты быў чулы яшчэ і на пакуты адзінокіх нябесных істот. Трэба самому быць індывідуальнасцю, каб спасцігнуць пакуты другога індывіда. Падобная звышчуласць таксама была ўласціва цудоўнаму звону, і той заплаціў за яе вечнаю нематой. Звышчулы дубок загінуў пад тапарамі злыдняў. Промень асуджаны на вечнае блуканне паміж небам і зямлёй. Чым заплаціць Сымон?

Выгнаннем Сымона, яго жабрацкімі вандраван-нямі і прыгодамі Колас падкрэслівае думку, што вялікае прафесійнае нацыянальнае мастацтва не зможа развіцца ў дробнаўласніцкай вёсцы з яе мізэрнымі мерамі жыцця, з панылаю ўпрэжанасцю земляроба ў работу для чорнага хлеба. Каб стаць нацыянальным мастаком, таленавіты сялянскі сын павінен, як той лісток, адарвацца ад роднага дрэва і ўзляцець у паднябессе сусветнай культуры. Мажліва, калісь ён вернецца назад, стаўшы мастаком, а мажліва, і не — як той прамень, ачараваны красуняй-хмаркаю, будзе лунаць у бязмежных прасторах жыцця.

Першыя часткі паэмы маюць шмат рамантычных нечаканасцей і парадоксаў. Хіба не парадокс тое, што самым заядлым уласнікам аказваецца жабрак. Яго маёмасць — «вузялок там, за бокам», торбачка нажабраваных срэбных манет, але жабрак сквапна хавае гэты казачны скарб ад Сымона, палохае смяротнымі закляццямі, пякельным агнём. Яшчэ болып парадак-сальнасці ў тым, што жабрак, цялесны і духоўны галетнік, зрабіўся панам над мастаком, над яго духоўнымі скарбамі. Каб панаваць над Сымонам, жабрак імкнецца забіць у хлапчука індывідуальнасць, прытупіць пачуццё годнасці, асудзіць парыванні да вяршынь жыцця. Гэтаму служыць прытча пра варону-хвальбону, у якой пакорнасць лёсу абвяшчаецца адвечнай заканамернасцю жыцця. Уласніцкую, нявольніцкую мараль жабрак хоча навязаць мастаку. Ён душыць Сымона матэрыяльна, не дае музыку грошай, без якіх ва ўласніцкім свеце няма элементарнай свабоды дзеянняў. Каб падтрымаць у падлетка ўсё ж нейкі тонус жыцця, жабрак падманвае яго цацанкай-абяцанкай купіць новы каптан. Усё тут нібы ў вялікім дзелавым свеце ўласніцтва, толькі здробнена, як на тым камарыным вяселлі, пра якое пяе жартоўная песня. Але ў паэме ўсё сур'-ёзна, рамантычна сур'ёзна, парадаксальна.

Нікчэмная жабракова мараль была варожай духу адраджэння беларускага народа, дэвізам якога стала купалаўскае «людзьмі звацца». Звацца людзьмі — азначала ўзняцца над сметнікам побыту ды ўсёй грамадой выходзіць на прасцяг гістарычнага жыцця.

Разрыў Сымона з жабраком наступае ў момант, калі маленькі мастак упершыню адчуў, што ён здольны быць дарослым. Усвядоміць сталасць яму дапамагла Ганна. Сустрэчу Сымона і Ганны паэт імкнуўся падаць як мага рамантычней: музыка трапляе ў хату да Ганны ў часе навальніцы, бацька дзяўчыны незнарок абразіў валацугу, а маці спагадлівым словам давяла да слёз. Ігра Сымона на гэтым узбураным фоне выглядае як цуд з цудаў. Яшчэ больш рамантычнасці ў начным канцэрце Сымонкі, канцэрце без слухачоў. Ганна як выпадковы слухач — рамантычнае выключэнне. Рамантычнай была і заплата — пацалунак. Праўда, сцэна любоўнага прызнання атрымалася крыху ідылічнай, сентыментальнай. Мажліва, адчуўшы гэта, паэт і адклаў працу над сваім рамантычна-трагедыйным творам ды скіраваў творчы запал у рэчышча рэалістычнай «Новай зямлі», над якой працаваў адначасна.

Перад Я. Коласам паўстала дылема: ці прыладзіць свайго вандроўнага музыку да прыгожай ядыначкі ў заможны гаспадарскі дом, дзе ўмеюць слухаць скрыпку і любяць мастака, ці павесці па нейкіх новых, больш крутых і высокіх шляхах, з новай матывіроўкай яго адзіноты і мэты вандравання.