Ёсць у Засіма і сяброўская парада, і навука тым, хто думае, быццам паэзія — лёгкая справа, якою забаўляюцца ў вольны час. Хай пачатковец не спакушаецца знешняй лёгкасцю рыфмавання. Засім па-народнаму ўшчувае бегуноў за славай, напамінаючы, што ў нас кожны мае доступ да вучобы, таму нікому нельга дараваць верхаглядства. Малады паэт, па ўяўленню Засіма, павінен быць адукаваным чалавекам, інакш у яго но будзе маральнага права паказваць чытачу, як трэба сёння жыць, як і дзе шукаць шчасця ў жыцці. Калі жыццё пашкадавала цябе: не пусціла па універсітэтах пакут, дык дзякуй і канчай нармальныя універсітэты.
Паэтычнага няўдачніка, які ўпарціцца, лічачы сябе майстрам любоўных вершаў ды хоча перакласці віну і, чаго добрага, работу на плечы літаратурных кансультантаў, дапякуць такія радкі:
I, слухаючы гэтыя няхітрыя, але і не пустыя парады, усведамляеш, што паэт ведаў, адчуваў, што важна для пачынаючых аўтараў. Як і кожны мастак, ён часта ламаў галаву над сакрэтамі творчасці і нярэдка пісаў пра ўласны вопыт.
Ужо на пачатку сваёй літаратурнай дарогі Засім дайшоў да ісціны, што мастацкі твор складаецца не проста са слоў, ён складаецца з жыццёвага лёсу аўтара і з лёсаў яго герояў — чытачоў. Каб узрушыць напісаным, трэба здабыць права на слова, заваяваць гэтае права ў грамадскай барацьбе, якую вядзе народ-чытач. Засім сумленна прытрымліваўся гэтага прынцыпу, таму хоць не шмат напісаў за паўтара дзесятка гадоў да вызвалення Заходняй Беларусі, але напісанае было кроўным, сваім. Гэта быў бадай што галоўны прынцып яго паэтыкі, вуглавы камень яе. Тут ляжаў і галоўны сакрэт поспеху няхітрай, часта каструбаватай, але заўжды жыццёвай яго паэзіі. Сёння мы знаем, што, ідучы за гэтым прынцыпам, паэт прыйшоў у сваё даўгалецце.
Характэрнаю рысай паэтычнай працы і стылю мыслення Міколы Засіма сталі калектыўнасць і адкрытая гутарковасць. Лірычны герой у яго вершах гутарыць з сялянамі-землякамі, як свой чалавек са сваімі людзьмі, ён узбуджаецца і разварушвае пачуцці слухачоў, весяліць іх і вучыць прыкмячаць у смешным сур'ёзнае, а ў напышлівым — смешнае. Паэтычны дыялог у Засіма з вяскоўцамі адлюстроўвае характэрную для палескага сяла атмасферу абшчыннай калектыўнасці духоўнага жыцця, адкрытасці маральных ацэнак, якія рэгулююцца звычаямі і абрадамі. У старой вёсцы духоўнаю працай была занята ўся грамада, і паэт адчуваў сябе толькі запявалам. Яго слухачы выступалі і крытыкамі і памочнікамі. Кожны з іх пачуваў права і абавязак не толькі пахваліць або зганіць яго твор, але і падказаць аўтару, уставіць ямчэйшае слова ці новы факт. I паэт не павінен крыўдаваць на такое ўмешванне ў яго творчую кухню, бо гэта агульная кухня — яго і слухачоў. Наадварот, аўтар удзячны слухачам за падказкі і папраўкі, бо іх зацікаўленасць — адзіны стымул яго творчасці. Да канца дзён захаваў Мікола Засім патрэбу нейкага патрыярхальнага яднання са слухачом. Кажуць, што яго выступленні на калгасных сходах мелі нечуваны поспех. У пісьме да аднаго пачаткоўца ён раіў не расчароўвацца, калі твораў не друкуюць: «Я быў рады сваім вершам, калі пры панскай Польшчы чытаў іх рабочым у тартаку ці на лесасеках, не друкуючы іх. Так і Вы не замыкайцеся ў шкарлупу, а дзяліцеся напісанымі з сябрамі-аднавяскоўцамі. Тады лягчэй будзе на сэрцы і вершы атрымаюцца лепшыя».
Арыгінальнасць Засіма як мастака была асаблівай. Яна ў значнай меры грунтавалася на неабгладжанасці і ў той жа час тыповасці яго чалавечай і паэтычнай натуры. Да арыгінальнасці ў яго заўсёды прымешвалася пэўная доза наіўнасці, а часта і проста банальнасці. Ён нярэдка самастойна адкрываў адкрытае і ніколі не быў упэўнены, што яму ў даным творы ўдалося сказаць новае слова. Ён заўжды меў патрэбу ў ацэнках збоку і быў асуджаны на няўпэўненасць, якая знікала толькі пад уплывам актыўных зносін са слухачом ці чытачом.