— Выказваюцца меркаванні, што некаторыя раёны будуць паменшаны ў граніцах, даведзены да аптымальных, эканамічна апраўданых памераў.
— Слушныя меркаванні.
— А як жа са стратамі садавіны думаеце вырашаць? — вяртаецца Максім Танк да ранейшай гаворкі.— Трэба кансервавы завод будаваць. Давайце разам будзем дабівацца,— прапануе дэпутат.— Складзіце абгрунтаванне, разлікі...
— Завод ужо будуецца. Толькі адзін завод на раён мала бядзе паможа. Тут бы ў кожным калгасе па заводзіку... Сховішчы садавінныя з халадзільнікамі патрэбны, а гэта вельмі дарагія і дэфіцытныя рэчы...
— Так, але ж іншага выйсця няма?! Акупяцца з часам... Амерыканскія фермеры, для прыкладу, такіх страт не вытрымалі б. Збанкрутавалі б як вокам міргнуць. Там цану прадукту ведаюць. Кожнаму яблыку якіясьці ўколы даюць, каб не гніло. Аж да наступнага лета можа ляжаць.
— А як там прадукты, танней, чым у нас?
— Даражэй, значна даражэй, канешне, калі браць паўнацэнныя прадукты. А танныя... Таннае, напрыклад, мяса з халадзільнікаў, вырашчанае на сінтэтычных кармах. Дык у ім ні паху ні смаку... Мясам яно і не аддае.
Перасеўшы ў парткомаўскую «Волгу», едзем на Моталь. Пытанне пра электрычнасць для глухой вёсачкі ўжо ўладжана. «Сельэлектра» запэўніла. Адзін клопат у дэпутата з плеч... Давядзецца толькі ўдакладніць у сельсавеце.
Гаворка пераходзіць на палітыку. Яўген Іванавіч расказвае пра дзейнасць Палітычнага Каміэта ААН, у рабоце якога яму давялося прымаць удзел як дэлегату Беларусі. Мы з таварышам Курзавым распытваем пра жыццё і норавы амерыканцаў.
Заўважаю, што нават у захапленні палітыкай Максім Танк застаецца паэтам. Калі сакратар парткома, у вайну маёр бранятанкавых войск, падтрымліваючы «замежную» тэму, расказаў пра капітуляцыю квантунскай арміі і пра норавы японскіх вайскоўцаў, пра фанатызм афіцэраў-смяротнікаў, Максім Танк пачуў у яго словах сугучнасць: «Самурай — сам у рай...»
— Арыгінальная рыфма. Трэба запісаць! Можа, прыдасца.
Пазней, вярнуўшыся дамоў, я пачаў прыпамінаць сабе расказы паэта і параўноўваць іх з вершамі на тэму «заграніцы». Мяне ўразіла падабенства ацэнак. I раней я не сумняваўся ў шчырасці і праўдалюбстве музы паэта, цяпер атрымаў новае пацвярджэнне.
Заграніца ў паэзіі Танка тэма плённая і шматгранная. Недзе ў 50-я гады з'явіліся польскія матывы і па творах маладых паэтаў пайшла пошасць на слоўкі-вобразы з фальклору польскіх «гураляў», адкрытыя Танкам. Пазней ён пратоптваў сцежкі ў іншыя сацыялістычныя краіны і нарэшце трапіў у свет буржуазны, у «антысвет». Нават зборнік, першы зборнік пяцідзесятых гадоў, ён назваў «У дарозе».
З вандровак па свеце Максім Танк прывёз некалькі шэдэўраў, якія ўпрыгожылі нацыянальны фонд нашай лірыкі,— гэта «Ave Maria», «Гібралтар», «Венера Мілоская», «Чарнаморскія чайкі» — усіх няма сэнсу пералічваць, але варта парадавацца, што спіс гэты паспяхова расце: у шасцідзесятыя гады сюды ўключыліся: «Негрыцянка пяе», «Рэклама Брадвея», «У Парыжы», у найноўшай кнізе — «На радзіме Гамлета», «Фінская лазня» і іншыя.
У чым сакрэт мастацкай сілы гэтых твораў? У нагрэве спрэчкі? Так, напэўна! Не выпадкова Максім Танк выбраў сабе ганаровым, так сказаць, спадарожнікам па вуліцах і плошчах Парыжа Уладзіміра Маякоўскага. Спрачаецца Максім Танк з буржуазным антысветам горача, фантазія падказвае яму асацыяцыі і параўнанні нечаканыя, парадаксальныя:
Пародыя і гратэск, парадаксальнасць вобразаў тут выплывае з самой сутнасці ўласніцкага ладу жыцця. На беларускага чытача «замежныя» вершы Танка зрабілі моцнае ўражанне, акрамя ўсяго іншага, грунтоўным веданнем буржуазнай культуры, унутраных супярэчнасцей, якія ўласцівы масавай суперкультуры. Паэт умее вылучыць у гэтай культуры здаровае агульначалавечае, аддае належнае здабыткам матэрыяльнай культуры Захаду, але ў той жа час з горыччу бачыць паэт, як матэрыяльныя даброты, будучы прыватнай уласнасцю, губяць чалавечую годнасць гаспадароў, ператвараюць людзей у нявольнікаў уласнасці, пазбаўляюць здольнасці свабодна дыхаць, бескарысна марыць, радавацца жыццю. Смех і ганьбаванне шле паэт нявольнікам уласнасці, культу ўласнасці з яго рытуалам — усемагутнаю рэкламай. Пародыя і гратэск тут слушная мера смеху.
I тым не менш, калі прызнаць, што самабытнасць гэтых вершаў Танка толькі ў палемічнай вастрыні, грунтоўнасці спрэчак, дасціпнасці і г. д., дык нам давядзецца доўга параўноўваць іх з аналагічнымі творамі іншых савецкіх паэтаў. Здаецца мне, што стыль майстра, непаўторны почырк яго відзён у самабытнасці і глыбіні, з якою ўспрымае ён трагізм чалавечай асобы ў свеце адчужанасці, эгаізму, уласніцкага здзічэння... Сэрцам гуманіста, годнасцю савецкага чалавека Максім Танк выяўляе такія формы паніжэння і ўпадку чалавека, якіх той сам, прывучаны да здзічэлых нораваў, не заўважае, не адчувае.