Мабыць, засвоенае аўтарам у маладыя гады пачуццё роднасці з простымі людзьмі падказвае яму такі чулы, даверлівы, трывожны і зацікаўлены тон размовы. Лірычны герой паэзіі Максіма Танка нясе ў сваім сэрцы побач з нянавісцю да ўласніцтва спагаду і боль за простага чалавека, ахвяры рафініраванага на сучасны лад і манер драпежніцтва. Ацэнкі сучаснай цывілізацыі ў Максіма Танка пранікаюць у нюансы з'яў і адносін, яны тонкія і сацыяльна акрэсленыя. Культура эксплуатаваць і прыгнятаць, сцвярджае паэт,— адна з функцый суперсучаснай буржуазнай культуры. Сучасная смерць, якую ўбачыла ўяўленне паэта на берагах Амазонкі, гэта не традыцыйны шкілет з касою за плячыма, а цалкам прыстонная асоба: яна выклікае давер, яе запрашаюць у госці:
Паэт не дае сябе звесці зіхоткім выслоўям, у якіх на ўсе лады скланяецца эпітэт «сучасны». Ён прыгадвае, як аднойчы прайшоў з Дантэ па пекле і той дзівіўся, сустрэўшы ў пекле новыя сучасныя кругі. Кругі тыя — таксама выпладак сучаснага прагрэсу, суперуласніцкай цывілізацыі...
А выйсце дзе? — слушна будзе пытацца чытач. Якую надзею дае паэт чалавецтву? Якую гарантыю?
Сам факт, што песні яго бачаць і чуюць, выкрываюць,— ужо надзея. Паэт не мірыцца з наяўнасцю зла і пагрозы, паэт не дае змірыцца чытачу. Надзея ва ўсеагульнай непрымірымасці са злом. Паэт-трыбун ідзе на бераг Іардана, у тыя мясціны, дзе, як гавораць біблейскія паданні, людзі нашай еўрапейскай цывілізацыі страцілі рай, дзе потым прарокі навучалі іх, як вярнуць гэтую страту, паэт ідзе, каб на гэтым адвечным месцы прароцтваў сказаць сваю бязбожную пропаведзь:
Гарантыю на памыснае вандраванне чалавецтва на караблі «Зямля» да порта шчасця мастак бачыць у глыбіннай еднасці людзей. Тут дадамо яшчэ адзін штрых з верша «Фінская лазня», дзе амаль у сімвалічных абагульненнях паэт сцвярджае гуманістычную еднасць чалавецтва, якая праяўляецца ў сходнасці нораваў, натуральных чалавечых схільнасцей, адчуванняў. Паэтызацыя ідзе ў стылі «Калевалы»:
У гэтых ідэалізаваных на казачны лад абставінах вельмі натуральна праяўляецца еднасць чалавечай закваскі сяброў — беларуса і яго фінскага друга Арві. Здавалася б, што тут такога? Але без гэтай закваскі поспехаў у барацьбе за яднанне чалавецтва цяжка было б чакаць.
...Гравійка, па якой мы едзем, размалочана грузавікамі дашчэнту. Шафёр круціць за руль так спрытна, нібыта вучыўся маланкавасці рэагавання ў Чарлі Чапліна з фільма «Агні вялікага горада», дзе той іграў ролю амерыканскага рабочага, якога фабрычны канвеер ператварыў у жанглёра. Наша «Волга» грукоча збітымі амартызатарамі, але слухаецца руля і выкручваецца паміж лужынамі і калдобінамі ды прэ сабе даволі нават хутка і адносна плаўна. Пераскочылі сасоннік, поўны задубянелых маслякоў (ноччу быў замаразак), і выбраліся на шырокую, як вокам акінуць, раўніну. Асушанае тарфянішча. Наўзбоч прамое высокае грэблі, па якой пралягла дарога, серабрацца каналы, нібы казацкія пікі, пакіданыя ваякамі ў начных бойках з чарцямі, якія ў гэтых балотах мелі сваё царства.