Такія вывады дазволіў зрабіць мастацкі аналіз, праведзены Танкам. Краіна Робатаў павінна быць пад сталым чалавечым наглядам, гуманістычнай праверкай і кантролем.
Царства Робатаў стварыў не цэльны чалавек, а чалавек разарваны, чалавек мазгавы. Царства Цярэшкі па-над той разарванасцю, таму, нягледзячы на ягоную нелагічнасць, тут прывольна жыве чалавек, тут ён можа праяўляць і развіваць усе свае здольнасці — розум, пачуцці, душу і цела. I такому ўсебакова развітаму чалавеку, на думку паэта, можна даверыць лёс нашай маці-Зямлі. Робату даверыцца небяспечна.
Робат ведае больш за Цярэшку, ён можа растлумачыць, што Сусвет — гэта мірыяды планет, падобных і непадобных на нашу Зямлю, якія ўжо 15 мільярдаў светлавых год разлятаюцца ў бясконцыя далі Сусвету ад нейкага страшнага звышвыбуху нейкага звышцвёрдага рэчыва, якое было перад тым у адным месцы, у цэнтры Сусвету. Цярэшка нічога гэтага не ведае, а калі ведае, дык не патрабуе адмены ўсіх іншых тлумачэнняў. Яму, напрыклад, здаецца не менш, а можа, і больш каштоўнай «гіпотэза», паводле якой Зямля трымаецца на трох сланах, сланы на чарапасе, чарапаха на голубе, голуб на жытнім коласе, колас на сцяблінцы, сцяблінка на калысцы, калыска на матчынай песні. Чым жа каштоўная гэта «гіпотэза»? Ацэначнымі ведамі, гуманістычным хараством. Покуль будзе гучаць песня, гаворыць паэт у вершы «Касмалогія», покуль будзе гушкацца калыска, покуль будзе хістацца сцяблінка, покуль будзе сядзець на ёй голуб, покуль чарапаха будзе паўзці Млечным Шляхам, покуль сланы будуць стаяць на чарапасе —
Покуль будзе ў душы чалавека месца на бескарыслівую дабрату, на хараство, датуль Зямля можа адчуваць сябе бяспечнай. Вось у гэтым перавага Цярэшкі над Робатам.
Захоўваючы фальклорную канвенцыю, паэт любіць ставіць па-дзіцячы наіўныя, парадаксальныя пытанні свету:
Такія ж парадаксальныя адказы-здагадкі, напрыклад:
Парадаксальнасць разважанняў заснавана на тым, што нейкі нашчадак нашага знаёмага Цярэшкі ўжо не трактуе Зямлі як жывой істоты, хоць піша яе імя з вялікай літары. Ён звяртаецца да яе, разумеючы парадаксальнасць свайго звароту, больш таго, гэты нашчадак Цярэшкі ведае прынцыповую цяжкасць, нават і немажлівасць зрабіць чалавека шчаслівым толькі шляхам уздзеяння знешніх сіл і абставін. Так глыбінна, філасафічна асучасніваецца фальклор, нават не фальклор, а фальклорны анімізм, на які простыя героі з вершаў Танка глядзяць крыху зверху. Пранікліва і дасціпна. Яны ведаюць разам з чытачом, што цудоўнасць рэчаў мае не магічную, а грамадскую гуманістычную аснову. Паэт у адыым з вершаў просіць ювеліра аправіць у золата, як самую вялікую каштоўнасць, камень з бруку горада. Гуманістычнае мастацкае ўяўленне падказала яму, што камень гэты — паўнапраўны ўдзельнік гісторыі, сведка рэвалюцыі, вайны, будаўніцтва, ён ачалавечыўся, набыў у нашым успрыманні свой адменны лёс.
Калі адносіны лірычнага героя да прадмета адухаўляюцца, дык тут жа вызваляюцца гуманістычныя сутнасныя сілы, якія пранізваюць адносіны чалавечыя — суб'ект ураўніваецца з аб'ектам. «Я дружу з ветраком»,— заяўляе герой. I не толькі для таго, каб уразіць нас парадоксам. Ён хоча прымусіць нас падумаць, навошта патрэбна гэтая парадаксальная дружба. Ці не для таго, каб адстойваць права чалавека на паэтычную мару, права на высокую і ўсхваляваную думу пра жыццё і людзей, права на антыбюракратычнае і антыснабісцкае ўспрыманне свету. Паэт паказаў нам той вятрак, з якім дзесьці калісьці ваяваў высакародны дзівак Дон-Кіхот. Ветраку таксама, як і каменю з вуліцы горада, перадалася гістарычнасць існавання. Чалавеку, калі ён усё гэта заўважае, уласціва паэтычнае светабачанне.