Выбрать главу

Мне здаецца, што ў працах такога тыпу не так істотна, калі напісана тая ці іншая старонка, важна тое, ці граматнае і цікавае прачытанне мастацкіх твораў паэта, якое я асмельваюся прапанаваць чытачу, ці з'яўляюцца выказаныя тут ацэнкі і меркаванні прафесійнымі і самастойнымі. Адказ на натуральныя ў нашай прафесіі пытанні можа даць толькі чытач. Пра сябе як аўтара я магу хіба што сказаць — стараўся.

ВЯРТАННЕ ЗОР

Рупная праца беларускіх перакладчыкаў, якія літаральна здымаюць зоркі з неба сусветнай паэзіі, добра сведчыць пра творчую сталасць нашай літаратуры. Нядаўна ім пашчасціла перакласці на родную арбіту першую буйную зорку сваёй нацыянальнай паэзіі. Гэта — паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Патрыятычная паэма была створана ў эпоху Адраджэння на мёртвай сёння латыні. Факт гэты можа здацца сучаснаму чытачу парадоксам, дзіўнаю анамаліяй, хоць на самай справе тут усяго адна з праяў гістарычнай абумоўленасці развіцця і пашырэння мастацкага слова.

Заходняя Еўропа ў сярэднія вякі пісала на мове рымлян амаль усё — вучоныя трактаты і палітычныя дагаворы, палемічныя пасланні і нават эпіграмы, віншаванні. Будзённая латынь, пазбаўленая класічнай чысціні і ўрачыстай святочнасці, атрымала назву вульгаты. Валацужныя паэты-шкаляры, так званыя ваганты, складалі на ёй фрывольныя да непрыстойнасці вершы, абражаючы вушы пана бога і пачцівых слугаў яго ў гарадах і сёлах. Свабодай выказванняў такая латынь не ўступала кожнай жывой мове. Пазней, у часы Адраджэння, ужыванне латыні звузілася. На ёй гаварыла і пісала свецкая і духоўная арыстакратыя, імкнучыся вярнуць мове Гарацыя і Цыцэрона страчаную веліч і бляск. Латынь у гэтую пару заставалася мовай культуры, на ёй стваралася пераважна высокая паэзія, а клопатную штодзённасць пачалі абслугоўваць мовы нацыянальныя, якія па рымскай традыцыі належала б назваць варварскімі. Цераз родныя мовы, аднак, маглі далучацца да культуры і грамадскага жыцця шырокія масы просталюдзінаў, асабліва мяшчан, саслоў'я, якое цяпер вырастала ў магутную грамадскую сілу, здольную ўплываць на гістарычны працэс, надаваць аблічча эпосе.

Лацінская мова «Песні пра зубра» стварае прэцэндэнт, ці не залічыць гэты твор да арыстакратычнай паэзіі. Але як бы мог арыстакратычны твор уваскрэснуць у наш дэмакратычны час?

Сотні гадоў ляжала паэма ў фондах рэдкіх кніг, не часта адчувала цяпло пальцаў нейкага бібліяфіла ці вучонага паэта, але не астыла. Хіба гэта не пераканаўчы доказ мастацкасці?

Да з'яўлення паэтычнага перакладу літаратуразнаўцы не маглі гаварыць пра эстэтычную вартасць паэмы. Літаратура беларускага Адраджэння характарызавалася пераважна імёнамі Скарыны, Буднага ды Цяпінскага. Спадчына гэтых гуманістаў выключна каштоў-ная, аднак трэба лічыцца з тым, што яны выступалі пераважна ў жанрах публіцыстыкі, а найбольш паказальным жанрам літаратуры эпохі Адраджэння была паэзія. Уваскрошаная перакладам «Песня пра зубра» дорыць беларускаму Адраджэнню мастацкую паўнакроўнасць і эстэтычную культуру.

«Carmen de bisontis» — так скарочана гучыць лацінская назва твора — у 1968 годзе была перакладзена на рускую мову вучоным-лаціністам Якубам Парэцкім і таленавітым паэтам-перакладчыкам Язэпам Семяжонам, а на беларускую праз год — самім Семяжонам23. Упершыню паэма друкавалася ў 1523 годзе ў Кракаве, але да нядаўняга часу пра яе ведалі толькі асобныя польскія, чэшскія і нямецкія літаратары ды рускія вучоныя-прыродазнаўцы. У Польшчы і Расіі «Песня» нават перавыдавалася ў XIX стагоддзі. Але на лацінскай мове і маленькімі тыражамі, таму не выйшла з ліку рэдкіх кніг. Паэт Ян Каспровіч пераклаў яе на польскую мову і зацікавіў надрукаванымі ўрыўкамі шырэйшае кола аматараў мастацкага слова. Ён прызнаў «Песню» творам самародным і прыкмеціў уплыў Гусоўскага на творчасць Адама Міцкевіча, асабліва на паэму «Пан Тадэвуш». Сёння ў Полыпчы «Песня пра зубра» разглядаецца не толькі ў спецыяльных навуковых даследаваннях, але і у агульных працах па гісторыі літаратуры. Праўда, усё яшчэ прыкметна неўсталяванасць ацэнак. Так, выдатны літаратуразнаўца Юльян Кжыжаноўскі ў кнізе «Dzieje literatury polskiej», што выйшла ў 1970 годзе ў Варшаве, называе Гусоўскага сярэднім паэтам, мастацкую вартасць паэмы прымае з агаворкамі. У сваёй ранейшай, больш аб'ёмнай кнізе вучоны тлумачыў стрыманасць сваёй ацэнкі тым, што Гусоўскі лішне захапляецца жахлівасцямі, гэта значыць, дапускае пахібы густу, па майстэрству вучоны вышэй ставіць «Раксаланію» Фабіяна Кляновіча24. Даследчык польска-лацінскай паэзіі Мар'ян Плезія цэніць Гусоўскага вышэй: ён называе аўтара «Песні» самабытным мастаком эпічнага складу, хваліць яго за адвагу выяўляць уласныя пачуцці, арыентавацца на рэчаіснасць, а не на кніжныя ўзоры і аўтарытэты25. Даследчык любоўна вышуквае жывінкі нават у царкоўных агіяграфічных творах паэта, напрыклад, у «Жыцці святога Яцэка». Відавочна адно: творчасць Гусоўскага не месціцца ў рамкі польска-лацінскай традыцыі эпохі Адраджэння. Гэта акалічнасць схіляе да пошукаў новых аспектаў аналізу.