Выбрать главу

Лёс «Песні пра зубра» і яе аўтара склаўся так непамысна, што вельмі цяжка гаварыць аб яе прамым уздзеянні на аўтараў і творы беларускай літаратуры. З упэўненасцю можна весці гаворку толькі пра сугучнасць ідэалаў і тэм. Гэта мы прасачылі ў публіцыстыцы і ў паэзіі XVII стагоддзя.

Варта яшчэ адзначыць, што цераз творчасць Адама Міцкевіча пранік адбіты прамень святла гэтае дзіўнае зоркі ў XIX стагоддзе, у творы пачынальнікаў новай беларускай літаратуры — Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Давялося чакаць цэлыя вякі, покуль беларуская літаратура набярэцца сілы кантынентальнага прыцяжэння каб блукаючая зорка, запаленая Гусоўскім, сышла на родную арбіту. Гэта здарылася тады, калі беларусы сталі сацыялістычнаю нацыяй, а іх літаратура састаўной часткай літаратуры новага свету, для якога блізка і родна ўсё лепшае ў культурнай скарбніцы чалавецтва.

Пасля смерці папы Лявона X і Эразма Цёлка ў часе эпідэміі 1521—1522 гадоў Мікалай Гусоўскі вярнуўся ў Кракаў, дапісаў там і надрукаваў паэму, звяртаючыся ўжо да новага папы Адрыяна. Аднак, відаць, не дагадзіў гэты твор густам духоўных і свецкіх вяльможаў, бо старасць сваю паэт скаратаў у галечы. Не ўдалося яму знайсці новага мецэната. Яго калегі па пяру Ян Дантышэк і Андрэй Кшыцкі зрабілі бліскучыя кар'еры, а ён застаўся белай варонай, адзінокім дзіваком, старамодным «літвінам». Да ролі прыдворнага паэта гэты самабытны чалавек падыходзіў так, як зубр да карэты. Цяжка было яму спаборнічаць у паэтычным рамястве з начытанымі і вымуштраванымі дваракамі. Вярнуцца ж у родныя мясціны Гусоўскаму, відаць, не дазваляў той самы халодны яшчэ клімат, ад якога вымушаны быў выехаць у Прагу Францыск Скарына, каб «даканаць жывата» на пасадзе каралеўскага батаніка.

Перастварэнне

Рускі і першая часопісная рэдакцыя беларускага перакладу паэмы значна адрозніваюцца паміж сабою. Па задуме перакладчыкаў Якава Парэцкага і Язэпа Семяжона, рускі тэкст максімальна набліжаны да арыгінала паводле зместу і мае нейкія рысачкі падрадкоўніка. Гэта відаць у грувасткасці стылю, у кніжнай цяжкаватасці сказаў і выразаў. Але найбольш дынамічныя карціны і ўсхваляваныя маналогі паэта атрымаліся пераканаўчымі і хвалюючымі. Перакладчыкі добра выкарысталі багацце ўзнёслага стылёвага пласта ў рускай мове і дабіліся ўрачыстага гучання адпаведных мясцін. «Песня пра зубра» гучыць у рускім перакладзе больш узнёсла, чым у беларускім, але ў гутаркова-бытавых сцэнах адчуваецца пэўная сухаватасць і штучнасць.

Беларускі пераклад з'явіўся ў выніку ўнутранай незадаволенасці мастака-перакладчыка, якім з'яўляецца Язэп Семяжон. Робячы з Якавам Парэцкім рускі пераклад, ён вымушаны быў стрымліваць фантазію, якая падказвала яму не лексічныя, а вобразна-эмацыянальныя эквіваленты. Адчуўшы нацыянальны дух твора і самабытнасць асобы аўтара, Я. Семяжон «убачыў» паэму ў беларускай нацыянальнай вогіратцы, больш таго, ён улавіў унутраную сувязь гэтага твора з сучаснаю літаратурай. Акрамя сказанага, паэт-перакладчык захацеў, і гэта натуральна, выступіць як творчая асоба, стаць адзіным пасрэднікам паміж талентам патрыярха беларускіх паэтаў і сучаснікамі.

Галоўная ўвага перакладчыка засяродзілася, як мне здаецца, на перадачы народнасці ідэйнай пазіцыі і вобразнага мыслвння Гусоўскага (дакладней — фальклорнай плыні ў гэтым мысленні). Семяжон адтварыў каларытны вобраз апавядальніка-сказіцеля, які ўмее хораша маляваць дынамічныя сцэны аблавы і экзатыч-ныя малюнкі прыроды, свежа пераказваць народныя паданні, устаўляць у тканіну твора аздобы — трапныя прыказкі і дасціпныя слоўцы. Народнасць — галоўная ідэйная стыхія твора — стала першым клопатам перакладчыка. Мажліва, гэтая праблема занадта асучаснена (народнасць жа мае свае гістарычныя класава-канкрэтныя граніцы), але сутнасць рашэння знойдзена.

Беларускі пераклад у паэтычных адносінах багацейшы за рускі. Язэп Семяжон знайшоў мастацкія сродкі, якія ўзрушаюць і экспрэсіўнасцю і ўрачыстай развагай і, галоўнае, народным досціпам, хоць часам і бянтэжаць прастарэкасцю, накшталт просьбы да маткі божай «падай на пахмелле мысляў», або ўжыванне выразу воўчая «ляпа» ва ўрачыстым кантэксце тае ж малітвы, урывак якое я вымушаны быў прывесці вышэй з увагі на яго змястоўнасць. Можна знайсці і іншыя выдаткі моўнай свабоды і асучаснівання: «бела ад хустак, кашуль і бравэрак», або «страўніку — ежу, а глузду — і кемнасць і мудрасць» (Падкрэсліванні мае.— У. К.). Недапушчальна скажоны пераклад той мясціны, дзе асуджаныя Вітаўтам хлусы «з ціхай пакорай лёс сустракалі — хутчэй бы вяроўку на шыю».