У рускім перакладзе гаворыцца: «...покорно вину сознавая, к смерти стремились — скорее веревку на шею». Гэта адпавядае гістарычнай праўдзе і звычаям часу. Ян Длугаш апісаў выпадак, як у часе Грунвальдскага паходу двое дружыннікаў Вітаўта абакралі касцёл. Князь загадаў ім павесіцца, і яны самі рабілі сабе шыбеніцу, яшчэ і падганялі адзін аднаго, каб хутчэй выканаць на сабе княжы прысуд.
Думаецца, што асучасніваць твор варта асцярожней, больш клопату праявіць, каб ачышчаць тэкст ад мнагаслоўнасці. Тут паказальны (праўда, залішне) польскі пераклад Яна Каспровіча.
Мне асабіста здаецца, што ў нас у мовазнаўстве і літаратуразнаўстве надта ўжо аксіяматычна трактуецца навукова абгрунтаваны прынцып, што паміж старажытнаю і сучаснаю беларускай мовай затрацілася сувязь. Вопыт Максіма Багдановіча, які стварыў такія цудоўныя рэчы, як «Апокрыф» ці «Апавяданне аб іконніку і залатару», на мове, блізкай да сярэдневяковай, гаворыць пра адноснасць гэтага разрыву. Не выключана, што інтэнсіўнае развіццё сучаснай беларускай літаратуры, узбагачэнне яе нацыянальна-стылёвай своеасаблівасці навядзе майстроў слова на неабходнасць больш грунтоўна асвоіць моўныя і вобразныя багацці старога пісьменства. Сімптомы, звястуючыя гэты працэс. я бачу ў стылёвым багацці перакладаў і філасофскіх вершаў Аркадзя Куляшова, у шэрагу твораў Максіма Танка, у прозе і паэзіі Уладзіміра Караткевіча і іншых пісьменнікаў. Не выключана, што працэс вобразна-стылёвага ўзбагачэння мовы беларускай паэзіі, які працякае цяпер, спародзіць прэцэдэнт для яшчэ адной рэдакцыі перакладу «Песні пра зубра». Я маю на ўвазе пераклад, які б шырэй выкарыстоўваў мову, сучасную Гусоўскаму, сёння, праўда, яна лічыцца безнадзейна ўстарэлай, але, дарэчы, Адам Міцкевіч называў яе паэтычнаю і блізкаю да жывой гаворкі беларускіх сялян XIX стагоддзя. Язэп Семяжон выкарыстоўвае архаізмы, але пераважна лексічныя, захаваныя ў паляўнічым жаргоне пэўнай мясцовасці. У другой рэдакцыі беларускага перакладу, падрыхтаванага Язэпам Семяжонам для выдання паэмы асобнаю кніжкаю, шмат чаго зроблена, каб прыдаць тэксту болып строгасці і, галоўнае, болып стылёвага каларыту даўніны. Так, прыведзены вышэй выраз пра выкананне Вітаўтавых прысудаў самімі асуджанымі гучыць у новай рэдакцыі болып прымальна: «Цяжкасць віны ўсведамляючы, з ціхай пакорай самі прыспешвалі час непазбежнае смерці». У тэксце эпілога-малітвы, дзе раней кідаліся ў вочы прастарэкасці і вульгарызмы, зараз чытаем:
Пры чытанні новай рэдакцыі перакладу толькі зрэдку вока можна спыніць на стылёва-спрэчным слове ці выразе накшталт «пырне раганосца» — у кантэксце твора гэта азначае проста сутычку зубра з аленем, а падтэкст слова «раганосец», які бянтэжыць чытача, перакладчык скінуў з разліку. Таксама парушаюць цэласнасць эстэтычнага ўспрымання дыялектызм «цюкае пушча», неалагізм-калька з рускай мовы «верхнікі», русізмы «чуйны скакун» замест конь, «арланы» замест груганы і некаторыя іншыя. Засталіся ў шэрагу выпадкаў і дыялектныя або гутарковыя словы, якія перакладчык надзяляе аўтарытэтам даўніны. Так, нанрыклад, воі у часы Вітаута на вайсковых занятках у якасці мішэняў падкідаюць — «хтосьці свой брыль ці магерку». Слова «брыль» магло быць у лексіконе тых часоў, а «магерка» (народная этымалогія — мадзярка) прыйшла ў беларускую мову пазней, у часы Стэфана Баторыя.
Зусім зразумела, што новая рэдакцыя перакладу, якія б істотныя змены ні парабіў аўтар, не можа стаць тым новым варыянтам перакладу, пра які гаварылася вышэй. Каб стварыць такі пераклад, трэба ўявіць сабе, як бы выклаў свой твор сам Гусоўскі на тагачаснай мове, калі б доктар Францыск Скарына запрапанаваў яму «ціснуць» паэму ў сваёй друкарні віленскай «рускім языком і словы». Канешне, рабіць пераклад на мову Скарыны сёння не мае сэнсу, гаворка ідзе пра адтварэнне каларыту тагачаснай мовы пры захаванні даходлівасці тэксту для сучаснага чытача.