Знешне яно так і было: магнаты адракаліся ад роднага, а просты народ заставаўся самім сабой. Толькі ці было гэта адрачэнне простай прыхамаццю паноў? I ці ад сціплай інертнасці простага люду залежаў лёс нацыянальнай мовы і культуры? Здаецца, зашмат гэта будзе нават на буйную прыхамаць такога свавольніка, як Радзівіл — «Panie kochanku». Мне б таксама хацелася прыняць бесканфліктнасць польска-беларускіх узаемаадносін у мінулыя часы, намаляваную Юзэфам Галомбэкам. Я хацеў бы без засцярог прыняць і далейшыя разважанні Яна Гушчы пра тое, што затуханне і адраджэнне беларускай культуры і літаратуры — гэта нібыта натуральны лёс яе, абумоўлены геаграфічным становішчам на стыку дзвюх болып моцных культурных стыхій — польскай і рускай, але паважаны аўтар прадмовы сам не мог утрымацца на такой дабрадушна:ідылічнай пазіцыі. Ды і выхад у свет анталагічнага зборніка, складзенага Янам Гушчам і выдадзенага ў Лодзі, падрывае аўтарытэт геаграфічнага прынцыпу. Літаратурная геаграфія розніцца ад звычайнай.
Разглядаючы артыкул Максіма Багдановіча «Хто мы такія», дзе паэт у палемічна завостранай форме, з эмацыянальнымі ператрымкамі выставіў рахунак крыўды свайго народа польскім і рускім рэакцыянерам-вялікадзяржаўнікам, Ян Гушча адчувае патрэбу каменціраваць і ўдакладняць, I, на мой погляд, рабіць гэта неабходна. Перакінуўшыся ў глыбіні вякоў, аўтар прадмовы спасылаецца на аўтарытэт вядомага лінгвіста Лера-Сплавінскага, які выявіў, што «кішаць ад рутэйізмаў (ці беларусізмаў) пісьмы такіх знатных асоб, як Жыгімонт Аўгуст, як Радзівілы ці Сапегі...». Вярнуўшыся да сучаснасці, Ян Гушча адзначае, што такія творы, як «Беларусь» П. Броўкі, дзе паэт, прыгадваючы Грунвальдскую бітву, назваў яе ўдзельнікамі толькі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў (а палякаў прамінуў),— стаяць за рамкамі палемікі.
Гэта добра, што Ян Гушча паставіў пытанне пра памылкі і хібы ў ацэнках польска-беларускіх адносін. Памылкі былі ў нашых мастацкіх, літаратуразнаўчых і гістарычных працах. Былі і ў польскіх. Яны, напэўна, ёсць і сёння і будуць далей — ужо як выдаткі згладжвання вострых кантаў, калі мы станем ухіляцца ад таварысцкай добразычлівай, але сур'ёзнай размовы. Варта падкрэсліць, што адной добразычлівасці будзе замала, каб знайсці ісціну, якая б растлумачыла дыялектыку нашых літаратурных сувязяў. Для гэтага патрэбна навуковая метадалогія. Мы не бачым іншай метадалагічнай асновы для пошукаў правільных ацэнак, акрамя ленінскай тэорыі культуры, якая сцвярджае барацьбу дзвюх культур у кожнай нацыянальнай культуры класавага грамадства як гістарычную непазбежнасць. Гэты погляд дае мажлівасць ацаніць як адну з даброт сацыялістычнай рэвалюцыі дружбу абноўленых нацый і культур, іх арганічнае збліжэнне дзеля ўзаемнага ўзбагачэння і памнажэння скарбніцы культуры сацыялістычнай, агульначалавечай.
Погляд у мінулае, кінуты з ленінскай метадалагічнай пазіцыі, дазваляе нам убачыць не ідылію са свавольнай зменлівасцю сімпатый, а драму, поўную вост-рых канфліктаў. Драма ж больш ёмісты жанр, чым ідылія, яе напаўняюць больш важныя ісціны.
Узаемаадносіны паміж нацыямі ў далёкім і не так далёкім мінулым былі больш драматычнымі, чым гэта нам бы хацелася. Унутрынацыянальныя класавыя су-пярэчлівасці тармазілі збліжэнне народаў, адводзілі працягнутыя рукі. Міжвольна прыгадваюцца тут радкі аднаго ранняга верша Максіма Танка:
Нам сёння не трэба выказваць прэтэнзій да польскіх каралёў, якія панавалі пасля Ягелонаў, за тое, што ў іх мове адсутнічалі беларусізмы, шчасліва выяўленыя ў пісьмах Жыгімонта Аўгуста і сучасных яму Сапегаў ды Радзівілаў: Сігізмунд Ваза ці Аўгуст другі і Аўгуст Трэці Сасы нават па-польску гаварыць не ўмелі. Варта, аднак, мець прэтэнзіі і палякам і нам да таго, што ніводзін з памянёных каралёў (не важна на якой мове) не змог паўтарыць сваім падданым славутага выслоўя Жыгімонта Аўгуста — «Я не кароль над вашымі сумленнямі». Канец дынастыі Ягелонаў, на жаль, быў канцом шматвяковай рэлігійнай і нацыянальнай талерантнасці (пануючыя класы шляхецкай Рэчы Паспалітай зліквідавалі тую цярпімасць да справы веры, якая ў часы Жыгімонта Старога дазваляла вырасці Скарыне і Гусоўскаму, а ў часы Жыгімонта Аўгуста — Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму). Рэлігійная нецярпімасць, прынесеная на Беларусь езуітамі пад канец панавання Жыгімонта Аўгуста і даведзеная да дзікіх формаў пры Вазах, не была праяваю толькі каралеўскай ці магнацкай прыхамаці або сваволу. Змярканне кожнай грамадскай фармацыі спараджае ў вярхах заслепленасць, фанатызм і цемрашальства. У гэтым сэнсе верхавінка шляхецкай Рэчы Паспалітай, якая выжыла беларускую мову з дзяржаўных устаноў Вялікага княства Літоўскага, а ў XVIII стагоддзі давяла да захірэння пісьмовую літаратуру беларусаў, істотна не адрознівалася ад пануючай касты ў памешчыцкай самадзяржаўнай Расіі XIX стагоддзя. Розніца была толькі ў тым, што рускі феадалізм лютаваў, хістаючыся ад напору рускай рэвалюцыйнай дэмакратыі, якая мела больш сувязяў з народнымі нізамі і болып сілы, чым польскія шляхецкія рэфарматары ў XVIII стагоддзі і нават рэвалюцыйныя рамантыкі ў пачатку XIX стагоддзя. Руская рэвалюцыйная дэмакратыя ўзнялася да разумення сацыяльных і нацыянальных праблем усіх народаў царскай імперыі, у тым ліку польскага і бела-рускага народаў. Тут сакрэт плённасці ўплыву яе ідэй на жыццё і змаганне прыгнечаных народнасцей. Пакаленне пралетарскіх рэвалюцыянераў пераняло і развіло нацыянальна-вызваленчыя ідэі рэвалюцыйнай дэмакра-тыі, выпрацавала ясную праграмную ўстаноўку — права нацый на самавызначэнне. Мне здаецца, менавіта тут трэба шукаць разгадкі тое таямнічасці лёсу Максіма Багдановіча і Змітрака Бядулі, якая інтрыгуе нашых літаратуразнаўцаў і шырока разважаецца Янам Гушчам у прадмове да анталогіі. На скрыжаванні сацыяльнага і нацыянальнага ляжыць разгадка літаратурных лёсаў Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Ядвігіна Ш., Максіма Гарэцкага і многіх іншых пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры, якія вырасталі пераважна з рускай прагрэсіўнай грамадска-культурнай традыцыі ды станавіліся песнярамі маладой Беларусі. Тут схована і разгадка літаратурнага лёсу Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча, Алаізы Пашкевіч, Янкі Купалы — усіх тых пісьменнікаў, якія выхоўваліся ў дзяцінстве пад асабліва моцным уплывам польскай прагрэсіўнай культуры.