Значнасць гэтай кнігі дыктуе і асаблівую патрабавальнасць да яе. Беларускую літаратурную грамадскасць, бясспрэчна, зацікавіць пытанне аб прадстаўнічасці і паказальнасці, а таксама пытанне пра якасць перакладаў. На першую тэму можна шмат гаварыць, выказаць шмат заўваг, пажаданняў. Аднак трэба глядзець на справу рэальна. Кніг, падобных на гэтую, нельга зрабіць на голым месцы, яна — вынік цэлага этапа ў бягучых літаратурных сувязях і кантактах. Тут, хочаш не хочаш, будуць адчувацца сіла і слабасць папярэдніх рабочых сувязяў. Як відаць з прадмовы Яна Гушчы, адбілася і недастатковасць сённяшніх дзелавых сустрэч. Складальнік, напрыклад, не меў мажлівасці папрацаваць у Мінску над найноўшаю беларускаю паэзіяй, асабіста пазнаёміцца з паэтамі. Патрэбна была настойлівасць і смеласць, каб у такой сітуацыі не адмовіцца ад задумы складаць анталагічны зборнік.
Складальнік растлумачыў сваю задачу так: «Вырашыў прадставіць класікаў, потым паклаў націск на вершы навейшыя і найноўшыя». А яшчэ клапаціўся ён «пра паказ разнастайных перажыванняў і хваляванняў, якія выражаюцца рознымі паэтычнымі спосабамі», г. зн. пра культуру паэтычнай творчасці, пра эстэтычнае багацце беларускай лірыкі. Ян Гушча разумее, што кожны прынцып адбору мае свае слабыя бакі, а прымяненне яго на практыцы стварае праблемы, якія можна назваць эстэтычным выпрабаваннем густу. Мне думаецца, што ў цэлым складальнік дабіўся паказальнасці адабранага матэрыялу і гэтым поспехам ён абавязаны не толькі адчуванню і веданню нашай паэзіі, але смеласці, якая спалучаецца з пачуццём адказнасці ўзятага на сябе абавязку. Ідучы па вертыкалі, ён вылучыў двух класікаў і двух сучасных паэтаў, гарызантальным ахопам увёў у кніжку 50 імён, амаль столькі, колькі ўвайшло ў першы зборнік літаратурных аўтабіяграфій, выдадзеных у нас.
Кніжку адкрывае купалаўскі верш «А хто там ідзе?», які даецца ў двух варыянтах перакладу (Яна Гушчы і Тадэвуша Хрусцялеўскага), у каментарыях змешчаны першы польскі пераклад гэтага верша, датаваны 1912 годам. Варыянты сучасных перакладаў не спаборнічаюць паміж сабою ў майстэрстве, яны дапаўняюць адзін аднаго і разам сведчаць пра добразычлівую рупнасць складальніка. Добры знавец беларусай мовы і паэзіі Ян Гушча выказаў ужо ў самым пачатку зборніка павагу да беларускага верша, які пры знешняй прастаце і даходлівасці не так проста паддаецца перакладу. Лексічная блізкасць пры фанетычнай аддаленасці беларускай і польскай моў стварае непрадбачаныя цяжкасці. Ян Гушча ў сваім перакладзе купалаўскага верша трымаецца бліжэй да зместу арыгінала, ахвяруе дзеля гэтага рыфмай. Тадэвуш Хрусцялеўскі як бы адыходзіць ад лексічнай асновы купалаўскага твора, каб данесці паэтычную задуму пры дапамозе кампанентаў спецыфічна польскіх, блізкіх успрыманню польскага чытача. Між іншым, два тыпы адносін да арыгіналаў характэрны ўсёй кніжцы. Які спосаб лепшы, гадаць не варта. Кожны мае свае плюсы і мінусы. Важна тое, што яны могуць дапаўняць адзін аднаго, пашыраючы мажлівасці эстэтычнага ўздзеяння нашай паэзіі на польскага чытача. Поспехі перакладчыкаў залежалі не так ад падыходу, як ад таленту і майстэрства. Талент дазваляе сінтэзаваць названыя прынцыпы. I гэта мы бачым у перакладах самога Яна Гушчы, якому асабліва ўдаюцца лірычна-роздумныя вершы, пабу-даваныя на вобразнасці народнага складу, напрыклад, «Песня зімы» Я. Коласа, «Позняя восень» П. Броўкі, «Восень» С. Дзяргая, «Красавік» А. Астрэйкі, «Пятля Кастуся Каліноўскага» Я. Сіпакова, «Добрай ночы» М. Танка, «Ранены» А. Коршака, «Перад дажджом», «Родная мова» П. Панчанкі, шэраг твораў Р. Барадуліна і іншыя. Мастацкай дасканаласцю радуюць пераклады Северына Поляка (можна толькі паіпкадаваць, што іх мала), Казімежа А. Яворскага, Конрада Фрэйдліха, лепшыя працы Леапольда Левіна, дзе ён не лішне вольна трактуе тэкст. Над стварэннем анталогіі сучаснай беларускай лірыкі на польскай мове працавала 30 паэтаў, сярод іх добра вядомыя беларускім чытачам Ежы Путрамент, Леан Пастэрнак, Віктар Варашыльскі, Уладзімеж, Слабоднік і іншыя. I ўсё ж дае пра Сябе знаць маладосць нашых паэтычных сувязяў і вымушаная таропкасць у рабоце над стварэннем анталогіі. З ліку 193 твораў, якія ўключаны ў яе, 107 пераклаў Ян Гушча. Якая гэта вялізная праца, хай пасведчаць перакладчыкі. Удзячнасць добраму сябру беларускай паэзіі за рупнасць, за ініцыятыву, за вялікі творчы ўклад у культурныя сувязі паміж польскім і беларускім народамі павінна быць выказана ад усіх нас — прадстаўнікоў літаратурнай грамадскасці, зацікаўленых чытачоў, аматараў паэтычнага слова. Без гэтай агромністай творчай працы