Выбрать главу

Паэзія Янкі Купалы прадстаўлена ў анталогіі 21 вершам, у перакладзе ўдзельнічала 12 паэтаў. Калі прыгадаць, што выдадзены да саракагоддзя. БССР на гектографе першы ў Польшчы зборнік паэта, а таксама і друкаваная яго кніжка 1968 года ўключаюць менш чым па дваццаць вершаў, то стане ясным, што падборка ў анталогіі самая багатая. Вершы тут выбраны з улікам сацыяльнай накіраванасці купалаўскай паэзіі. Мажліва, нават сялянская праблематыка некалькі засланяе агульнаграмадзянскую, патрыятычную. Складальнік зыходзіў з пасылкі, быццам самы моцны — ранні Купала, а ў ранняй творчасці, як вядома, багата сялянскай нядолі. Адсюль пэўная вясковая заземленасць купалаўскай музы. Мне думаецца, няма патрэбы пераглядаць прызнанага і відавочнага факта, што росквіт паэтычнага дару Купалы прыпадае на зборнікі «Шляхам жыцця», «Спадчына», «Безназоўнае», гэта значыць, на час, калі паэт мацней чым калі адчуваў сябе народным, нацыянальным вешчуном і песняром новай сацыялістычнай Беларусі. Між іншым, у нататцы пра Купалу зборнікі «Шляхам жыцця» і «Безназоўнае» апушчаны, не аздначана і вучоба Купалы ў Пецярбургу на курсах Чарняева. Савецкі перыяд творчасці Купалы прадстаўлены ў анталогіі ўсяго двума вершамі — «Дыктатура працы» і «Сосны». Купалаўскае патрыятычнае вешчаванне, а пазней азоранае радасцю апяванне новай явы сацыялізму недастаткова выяўлена ў анталогіі.

Муза Купалы па-сялянску сціплая, смутная, але і гордая, і страсная. Творчае крэда Купалы мае два акцэнты: «Зямлі і сонцу нізка пакланюся — Я сын зямлі, і сонца вольны сын!» Вось гэтая ўзнёсласць, палётнасць, рамантычная страснасць яго характару выяўлена слабавата.

На маю думку, варта было б уважлівей прыгледзецца да гектаграфічнага зборніка купалаўскіх вершаў 1949 года. Побач са слабымі, аматарскімі перакладамі там ёсць удалыя пераклады верша «Я не для вас», урыўка з паэмы «Яна і я» К. А. Яворскага, вершаў «Хмурыя думкі», «З дзён няволі» В. Дамброўскага. Яны маглі б узмацніць анталагічную падборку, надаць ёй больш паказальнасці.

Праўда, тое, што змешчана Янам Гушчам, характарызуецца добрым літаратурным узроўнем, асабліва звяртаюць увагу віртуозныя пераклады «На жалейцы» Северына Поляка, «За годам год» Багдана Жыраніка, «Дыктатура працы» К. А. Яворскага, «Сосны» Васіля Качнова. Леапольд Левін у перакладзе верша «Да беларускага паэта», як мне здаецца, лішне далёка адышоў ад арыгінала і не апраўдаў празмернай вольнасці перастварэння. Між іншым, даваенны цікавы пераклад «Пескі сонцу» Марыі Рудзінскай крыху псуюць два немілагучныя радкі, чамусьці непрыкмечаныя пры рэдагаванні кніжкі. Алітэрацыя «Upieść serce i duszy scisz» яўна перабірае меру свісцячых і шыпячых гукаў, вымаўляць такія збегі зычных амаль немажліва. Яны не ствараюць уражання пяшчоты і сцішанасці, а ўражваюць ненатуральнасцю зыку. Другі радок: «Odnów cały smęcący się lud» фанетычна грувасткі і невыразны, як мармытанне. Не зусім удалася замена ў перакладзе Яна Гушчы «Калі ў лесе зацвіталі» явара на чаромху. Явар у Я. Купалы не проста дрэва, а фальклорны сімвал хлопца-жаніха. Цяжкавата вымаўляецца таксама ў гэтым перакляляе рядпк «Z trzcinami wraz łozy».

Нашы заўвагі не маюць на мэце знізіць агульнае добрае ўражанне ад падборкі купалаўскіх вершаў, якая па-свойму паказальна мастацкай дабротнасцю, бо з'явілася ў выніку працяглай работы значнага калектыву мастакоў, кожны з якіх меў мажлівасць выбіраць сабе твор даспадобы і не таропячыся працаваць над перастварэннем.

Наколькі цяжка рабіць значную колькасць перакладаў аднаму мастаку пры абмежаванасці часу, мож-на заўважыць на падборцы вершаў Максіма Багдановіча. Складальнік асабліва сімпатызуе гэтаму паэту і ста-раўся прадставіць яго паўней і лепш. У лік вершаў ен аднёс нават «Апокрыф», які наша літарату-разнаўства разглядае як стылізаваную прозу. Усяго У Багдановічавай падборцы таксама 21 твор, з якіх 17 пераклаў Ян Гушча. Найбольш удалымі я лічу пераклады твораў «Змяіны цар», «Апокрыф», «Вы, што любіце натрапіць». Тут перакладчыку ўдалося перастварыць на польскай мове як паэтычнасць думкі, так і хараство гучання, своеасаблівае, неназолістае сугалоссе радкоў і актыўнае дзеянне Багдановічавай рытмікі, якая не спрачаецца з законамі інтанацыі. Перакладаючы вершы з цыкла «Старая Беларусь», Ян Гушча адкінуў рыфму. Без гэтага выяўленчага сродка пераклады, на мой погляд, набылі пэўную празаічнасць.