Калі глядзець звонку, дык развіццё рэвалюцыйных тэорый, ператварэнне ўтапічных мар у навуковыя гіпотэзы, а стыхійных бунтаў у арганізаванае змаганне азначае змяншэнне рамантыкі ў рэвалюцыйным працэсе. Нашы ідэйныя праціўнікі нават выказваюць спачуванні з выпадку таго, быццам сучасную савецкую літаратуру пакідае рамантыка, што дасталася ёй у спадчыну ад рэвалюцыі31. Але дарма стараюцца нядобразычліўцы. Чарговы рамантычны выбух зарэгістраваны ў савецкім літаратуразнаўстве на пераломе 50-х і 60-х гадоў. Марксісцкі светапогляд крытычна асэнсоўвае рэвалюцыйныя утопіі, здымае з іх рамантычны ідэалізм, паднімае высакародныя мары да ўзроўню навуковых тэорый і гіпотэз сацыялістычнага ўладкавання свету. Але ці выжываецца рамантызм марксісцкаю тэорыяй і рэвалюцыйнаю практыкай камуністычнага руху? Ці не ачышчаецца ён у рэчышчы гэтага руху, ці не вызваляецца ад уціску ідэалістычнай суб'ектыўнасці, ці не набліжаецца да навуковай тэорыі і практыкі сучасных пралетарскіх рэвалюцый, ці не прасвятляецца сацыялістычным гуманізмам і інтэрнацыяналізмам?
Так, у працах савецкіх філосафаў настойліва падкрэсліваецца думка пра несумяшчальнасць метада-лагічных асноў рамантызму як светапогляду з марксізмам. Паказальны ў гэтым сэнсе параграф
Г. С. Бацішчава ў манаграфіі «Гісторыя марксісцкай дыялектыкі», дзе аўтар сцвярджае: «Пункт гледжання рэвалюцыйнай крытычнасці, уласцівы рэвалюцыйнай дыялектыцы, мог быць выпрацаваны толькі шляхам адмаўлення і зняцця гэтага рамантычнага крытыцызму. Бо яны глыбока розныя светапогляды»32. Сутнаснаю рысай новай рэвалюцыйнай крытыкі рэчаіснасці, да якое прыйшоў К. Маркс цераз адмаўленне крытыкі рамантычнай з яе безнадзейным максімалізмам і ідэалістычнай узнятасцю над светам, даследчык лічыць: «.... не пакланенне адчужанай магутнасці надзеленых самастойнасцю сутнасных сіл чалавека, а наадварот, практычнае пераадоленне іх адчужанасці — такі пафас Маркса»33. Але ці цалкам стасуюцца гэтыя вывады да мастацтва? Сёння савецкія літаратуразнаўцы ўдакладняюць адрас Марксавай крытыкі рамантызму, якую ў свой час прапагандысты марксізму Ф. Мерынг, П. Лафарг, Г. Плеханаў пашыралі на мастацтва без належнага ўліку эстэтычнай спецыфікі апошняга, а вульгарныя сацыёлагі ператварылі ў догму: «рамантызм — гэта ідэалізм». З гэтай догмы нарадзілася другая: «рамантычнае мастацтва непрымальнае для сацыялістычнага рэалізму». Яшчэ ў 50-я гады балгарскі філосаф-марксіст Тодар Паўлаў і класік латышскай літаратуры Андрэй Упіт стаялі на гэтай пазіцыі, хоць, пачынаючы з Першага з'езда савецкіх пісьменнікаў, яна аспрэчвалася прызнаннем таго, што рэвалюцыйная рамантыка — эстэтычны кампанент літаратуры сацыялістычнага рэалізму.
У 50-я гады наша літаратуразнаўства ўзмацняе пошукі аб'ектыўных навуковых ацэнак мастацкага рамантызму, адкідае сацыялагізатарскія догмы.
Сучасная прагрэсіўная эстэтыка разглядае мастацтва як з'яву шматгранную: гэта і ацэначнае пазнанне свету, якое жывіць душу ісцінай і насалоджвае хараством, гэта і пераўтварэнне рэчаіснасці, якое ўражвае бязмежнасцю ідэалу, патрасае выключнасцю гераічных і трагічных лёсаў, гэта і... можна назваць шмат рыс, якія характарызуюць мастацтва і яго функцыі, але галоўнымі застануцца дзве: пазнанне і выхаванне, таму ў працах эстэтыкаў можна сустрэць падкрэсліванне альтэрнатыўна-сці азначэнняў мастацтва як з'явы34. Пазнавальны і выхаваўчы пачатак выступаюць не проста і як дзве рысы, гэта сілавыя лініі, якія дыялектычна ўзаемадзейнічаюць у мастацтве. Звычайна на глебе рэалізму, як яго разумее наша эстэтыка, усталёўваец-ца раўнавага абедзвюх функцыянальных рыс, гэта і дае падставу трактаваць рэалізм як норму, а рамантызм як анамалію. I тут ёсць свая логіка. Парадокс адно у тым, што рамантычная анамалія становіцца нормай для рамантычных момантаў гісторыі. Гэтыя моманты самі з'яўляюцца шчаслівымі анамаліямі, рэвалюцыйнымі выбухамі жыцця і мастацтва. Ёсць свая рацыя ў тым, што, напрыклад, тэарэтык рэалізму В. Дняпроў аддаў гэтаму метаду манапольнае ўменне і права выявіць нават саміх рамантыкаў у якасці жыццёвых тыпаў. Сутнасць агню выяўляе вада, але па-свойму гэта ж робіць і порах. Жыццёвую сутнасць паміраючага казака Астапа выявіў рамантык Тарас Бульба. Хіба ж жыццёвей зрабіў бы гэта рэаліст Чычыкаў? Само паняцце жыццёвасці ў рамантычныя эпохі зусім іншае, чым у рэалістычна-зроўнаважаныя. Нормы эстэтычных ацэнак не могуць стаць вечнымі і абсалютнымі эталонамі. Рэалістычныя нормы ўзаемадзейнічаюць з рамантычнымі анамаліямі, і недзе на скрыжаванні ў кожную эпоху паўстаюць рухомыя рэгістры. Рамантычныя эпохі паднімаюць рэгістры ацэнак як у жыцці, так і ў мастацтве, узводзячы рэалістычную тыпізацыю да ўзроўню рамантычнай ідэалізацыі, а індывідуалізацыю да маштабаў звышнатуральнасці, абстрактнасці.