Наўрад ці паглыбіцца наша ўяўленне пра мастацкі рамантызм у заходнебеларускай літаратуры, калі мы станем разглядаць і ацэньваць яго агульным патокам, незалежна ад палітычных катэгорый прагрэсіўнасці і рэакцыйнасці. Няма гаворкі, што таленты могуць ствараць мастацкія каштоўнасці нават у тым выпадку, калі іх светапоглядныя канцэпцыі супярэчлівыя і нясуць у сабе кансерватыўныя ці рэакцыйныя элементы. Аднак жа дзейнічае і другая заканамернасць, паводле якой прагрэсіўны светапогляд спрыяе творчасці мастака, асабліва калі ён засяроджваецца на ацэнках грамадскіх праблем. Сацыяльны аспект у ацэнцы рамантычнага мастацтва — не адзіны і не заўжды галоўны аспект. Аднак жа сувязь мастака-рамантыка з сацыяльнымі сферамі жыцця, з ідэалогіяй, як мне здаецца, больш істотная, чым у мастака-рэаліста. У творчым акце рэаліста самачыннае аб'ектыўнае выяўленне, аналітычнае шуканне праўдзівасці іграе большую ролю, чым у рамантыка, якога цягне да суб'ектыўнага сінтэзіравання з'яў, да інтуіцыйнага пасягання іх сутнасці. Відавочна, поспехі і няўдачы мастака-рамантыка ў большай меры, чым мастака-рэаліста, залежаць ад светапогляднай асновы яго творчасці. I не выпадкова Максім Горкі, для якога рамантызм быў сталай творчай праблемай, увёў паняцці рамантызму актыўнага і пасіўнага, рэвалюцыйнага і рэакцыйнага. У эпохі рэвалюцыйных зрухаў мастацтва наогул наэлектрызоўваецца ідэалогіяй, а рамантычнае — асабліва. Літаратура Заходняй Беларусі дае ў гэтым сэнсе ўдзячны матэрыял для назіранняў. Яна прадаўжала ў новых умовах рамантычныя тэндэнцыі беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя.
Віленская беларуская інтэлігенцыя аднаўляла ў пачатку 20-х гадоў свой ранейшы замкнёны круг. Многія не вярнуліся з вайны, іншых жыццё вярнула перайначанымі. Не аднаўляўся былы свойскі дух гэтага невялічкага калектыву, дзе людзі зналі адзін аднаго пайменна, часта бачыліся, сустракаліся і па меншай меры звыкліся між сабой, калі палітычныя разнагалоссі або характары перашкаджалі зжыцца. У такім вузкім асяроддзі словы і думкі кожнага ўспрымаюцца з папраўкамі на асабовасць і нораў, за выказваннямі людзі бачаць жывога чалавека.
Ігнат Канчэўскі вярнуўся з вайны на віленскі брук у вянку пакутніка. Віленскія беларусы ведалі, што гэты ціхі бескарыслівы кааператар прайшоў крутыя сцежкі, адзначаныя не адным заломам. У студэнцкія гады яму, сыну праваслаўнага свяшчэнніка, давялося парваць з традыцыямі набожнай сям'і, выпрацаваць свецкае светаразуменне. Вучыўся ён у Маскоўскім універсітэце, спачатку на прыродазнаўчым факультэце, потым перайшоў на гісторыка-філалагічны і атрымаў спецыяльнасць настаўніка літаратуры. Але аддаць сілы гэтай гуманнай прафесіі Канчэўскаму перашкодзіла вайна. Яго забралі ў армію, прапусцілі цераз казарму і афіцэрскае вучылішча, потым кінулі на фронт. Лету-ценны кніжнік не раз паглядзеў у вочы смерці, задумаўся над жорсткаю бессэнсоўнасцю яе. Неўзабаве рэвалюцыя абвясціла эпахальным абсурдам усю вайну, узаемнае знішчэнне ашуканых царамі і магнатамі людзей працы. Крызіс манархічнага патрыятызму суправаджаўся вызваленчым рухам і адраджэннем народаў былой імперыі.
Рэвалюцыя застала Канчэўскага на Украіне, і ён спрыяў вызваленчым парыванням братняга народа, але заўважыў, што на патрыятычнай самадзейнасці мас пачалі нажывацца буржуазныя нацыяналісты. Расчараваўшыся ў палітыцы, нядаўні паручнік выехаў у Смаленск і заняўся кааператыўнаю справай. Гады разрухі і голаду падкінулі яму бяду — туберкулёз лёгкіх. Дзесьці ў 1920 годзе Ігнат Канчэўскі вярнуўся з жонкаю, данской казачкай, у Вільню, каб тры гады дагараць, безнадзейна верачы ў жыццё. На жаль, сацыялістычную рэвалюцыю ён успрыняў цераз прызму сваіх згрызот, пакут, расчараванняў. Падзеі рэвалюцыі і разруха зліліся ў яго ўспрыманні ў адно. Бальшавікі здаваліся яму апантанымі рамантыкамі, якія хочуць вызваліць толькі рабочых і не дбаюць пра сялян, якім давядзецца «цярпець хоць і пралетарскую дыктатуру». Расчараваны і скептычны, ён падазрона ставіўся да ўсіх палітычных партый, але не мог утрываць, каб следам за малодшым братам Арсенам не наблізіцца да вызваленчага руху. Спачатку ён пачаў працаваць у віленскіх беларускіх кааператывах, потым пісаў у радыкальныя газеты артыкулы і вершы пад псеўданімамі Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Супярэчлівая публіцыстыка Канчэўскага дапамагае зразумець многае ў рамантычнай плыні заходнебеларускай грамадскай думкі і паэзіі пачатку 20-х гадоў.