Выбрать главу

Ігнат Канчэўскі асабіста ведаў тагачасных паэтаў-рамантыкаў — Леапольда Родзевіча і Уладзіміра Жыл-ку. Паведамляючы ў пісьме пра смерць Канчэўскага, Родзевіч пісаў Жылку: «Уздыхні, браце, глыбока, тужліва — Канчэўскі памёр. Вялікая страта. Не апішаш, не аплачаш»41.

Віленскае жыццё пацвярджала ранейшыя прыкрыя назіранні Ігната Канчэўскага: вызваленчы рух, узняты польскімі сацыялістамі і радыкаламі, вынес да ўлады палкоўнікаў і генералаў, якія пачалі прыгнятаць працоўных і апалячваць нацыянальныя меншасці. Дзеячы нядаўна прыгнечанай нацыі, дарваўшыся да ўлады, сталі такімі ж прыгнятальнікамі, як цар і кайзер. «У іх «вольнай дзяржаве» пратэст супроць вяльможнага машэнства,— піша Канчэўскі,— раўняецца да здрады бацькаўшчыны і без літасці пакараецца. У парывах сацыяльнага натхнення родзяцца палітычныя партыі, а праз колькі гадоў, бачым, жменька здольных хлапцоў круціць чалавечыя галовы, а разам не запамінае і аб сваёй кішэні»42. (30).

Публіцыст шукае спосаб, які б засцярог ад нацыяналістычнага перараджэння вызваленчы рух Заходняй Беларусі. Шукае ў фантазіі. Нават прыхільная Канчэўскаму рэдакцыя прагрэсіўнай газеты «Наша доля» агаворвала суб'ектыўны характар прапаноў Канчэўскага, разглядала яго выступленні ў друку як запеў для дыскусій пра сапраўдную светапоглядную аснову вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Лейтматывам і зыходным пунктам пошукаў Канчэўскага з'яўляецца дэвіз: «З нашага высокага парыву індывідуальнага і народнага адраджэння не створым жа гвалту і енку ні для іншых, ні для саміх сябе: не павінна быць беларускага месіянізму. I ў вялікім і малым, і для сваіх і для чужых, ён — прымус, здзек і смерць». (22—23)

Тэрмін месіянства публіцыст запазычыў з польскага вызваленчага руху і прыдаў яму сваё значэнне — фанатызму і шавінізму. Чытач можа законна спытаць, а дзе ж тут рамантызм? Слушна. У суб'ектыўна-фантастычных пісаннях Канчэўскага не ўсё суб'ектыўна-фантастычна. Тое, што яго артыкулы друкаваліся перад выбарамі ў сейм 1922 года, калі больш дзесятка кандыдатаў з Заходняй Беларусі імкнуліся прайсці ў парламент каб стаць прафесійнымі палітычнымі дзеячамі, яскрава падкрэслівае практычны сэнс засцярог Канчэўскага. А рамантыка і суб'ектыўнасць з'явяцца ў контрпрапановах, у карцінах ідэалу, які ў рамантыкаў заўжды на пярэднім плане. Ігнат Канчэўскі адрасуецца не да народных нізоў, а да патрыятычнай інтэлігенцыі, лічачы, відаць, яе творцам грамадзянскіх працэсаў. На інтэлігента разлічана вобразнасць, сімволіка, у якую аўтар апранае свае запаветы. «Матка-Матэрыя — аснова ўсяго існуючага. У ёй зліты ўсе сілы: варожыя і кахаючыя, творчыя і руйнуючыя, але сама яна — невыразнасць, незразумеласць — толькі магчымасць тварыць, а не сама творчасць. Яна — аснова жыцця... Як старавечны бог Ксенафона — камяк гразі, дзе змешана вада і зямля, паветра і агонь — у невыразнасці, толькі ў магчымасці і жаданні радзіцца, стварыцца. Поўна Яна смутку, поўна галасоў няясных, быццам шапаценне нераспушчанага лісця...

А калі зіхаціць першая маланка, шырокай бліскучай істужкай злучаючы высокія хмары з цёмным, чорным, невыразным улоннем Маці-Матэрыі, калі загрымяць грамніцы, патрасаючы грукатам спрадвечную безгалосасць,— гэта прачнуўся, выйшаўшы з лона Маці, адвечны Купала, гэта яго віншаванне сваёй матцы, гэта — першая ласка сваёй жонцы. I ў стапленні цяпла, дажджу і святла пруць увысь у зыбанні дажджавога туману першыя расліны, каторым жыццё дае Матка-Матэрыя, а бласлаўляе прыгожай формай і хараством Бацька-Купала, жыватворны дух, жыватворная форма...

I мы — з лона Маткі-Матэрыі, з вечным творчым духам агнявога Купалы, прыходзім на свет, каб тварыць формы, каб з мацярынскай невыразнасці стварыць нешта «по своему образу н подобню», па вобразу нашай праменнай душы. Хай жа тое, што мы творым, не робіцца нашымі богамі, бо мы яго творым, а не яно нас». (44)

Каб уразумець гэты пантэістычны сімвал веры, мала быць проста інтэлігентам, трэба быць паэтам. У цэнтры фантазмаў Канчэўскага стаіць чалавек, сын прыроды, народжаны для шчасця і безнадзейна загублены ў лабірынце грамадскіх устаноў. Як вызваліць яго сутнасць? Паколькі вызваленчыя палітычныя рухі канчаюцца толькі новаю формай уціску асобы, або, як любіць гаварыць Канчэўскі, душы, дык заходне-беларускаму інтэлігенту трэба падумаць, ці варта ўключацца непасрэдна ў палітычную барацьбу: гэта можа прывесці да ўтварэння дзяржаўнасці, у якой свабода будзе горшая за няволю. Важна не дзяржаўнае вызваленне, а духоўнае вызваленне асобы, свабода ад нявольніцкага духу, абуджэнне прагі творчасці. Галоўны вораг творчасці — духоўнае мяшчанства. У разуменні Канчэўскага гэта фатум, які праследуе грамадства ледзь не ад першабытных часоў. Мяшчанства пачынаецца з фатальных хібаў выхавання, калі выхаванца не прывучаюць да творчасці, а прывучаюць да шаблону. Звычныя з юначых год да пераймання гатовых узораў, створаных некім (так лягчэй), духоўныя мяшчане вынайшлі двух ідалаў грамадскага парадку: моду і дысцыпліну: «Мода моцна трымае жыццё ў сваёй уладзе: яе дыктатура пачынаецца ад выгляду вопраткі і канчаецца на пераконаннях чалавека». (32) Сіла дысцыпліны яшчэ больш згубная, чым улада моды, яе характарызуе Абдзіраловіч як «здольнасць пераламаць сябе і маўчаць, прымаючы тое, проці чаго дух пратэстуе, з чым сумленне не згаджаецца... Гэта — ланцугі, якімі свядома апутаны чалавек, каб ён сядзеў ціха і не рыпаўся». (33)