Мода і дысцыпліна трактуюцца ў Абдзіраловіча як выкліканае лянотай і недасканаласцю чалавека звырадненне творчасці.
Жыццё патрабуе творчых адносін, бо яно зменліва, а мода і дысцыпліна як сурагаты творчасці скоўваюць рух жыцця і ператвараюць чалавека-творцу ў механічную сілу, якая выконвае прадпісанні аўтарытэтаў, а не творыць. Творчасць Абдзіраловіч разумее як нейкі універсальны фетыш.
«Творчасць,— заклікае ён,— на кожным кроку: у штодзённай працы, у сямейных адносінах, у грамадскім руху. Толькі тады жыццё не будзе сціскаць форма і чалавек здаволіць сваё прыроднае імкненне быць творцам». (38)
Форма трактуецца ў Абдзіраловіча як нейкая метафізічная катэгорыя, фатальны фіксатар жыццёвай плыні, які мярцвіць жывое, забівае змест. Афармленне зместу непазбежная, але і фатальная рэч, бо аформлены змест — тормаз развіцця. Адзіны спосаб дастасаваць плынны змест да цвёрдай канстантнай формы — гэта няспынная творчасць. Яна зможа абнаўляць формы так хутка, як хутка змяняюцца з'явы. Творчасць — збавіцель свету ад застыласці і чалавека ад коснасці, рутыны, духоўнага мяшчанства.
Як відаць з гэтых разважанняў, Ігнат Канчэўскі аперыруе ідэалістычнаю дыялектыкай і, стоячы на зыбкім плывуне рэлятывізму, містыфікуе супярэчлівасці рэальнага жыцця, адчужае іх і ставіць над чалавекам як фетышы. Дагнаць і асвоіць гэтую мітусню фетышаў ён дазваляе толькі фетышызаваным чалавечым здольнасцям — творчасці. Многае ў суб'ектывісцкім філасафаванні Канчэўскага навеяна горыччу смяротна хворага чалавека, а болып яшчэ заганамі той гуманітарнай адукацыі, якую ён атрымаў ва універсітэце. Але ёсць і грамадскія прычыны яго крытыкі. Услухаемся ў скаргі публіцыста на недасканаласць сучаснага яму свету: «Толькі невялічкая частка людзей хоча быць сапраўднымі творцамі, ды заказаны ім творчыя зпляхі ў абшары грамадзянскак і асабістак штодзённасці, і ўся іх творчая энергія кіруецца ў вольныя далі мастацтва і навукі». (39) Ці не схаваўся ў фантазмах пра вызваленне духу Мефістофелеў сон аб уладзе, дакладней аб немагаце здабываць яе? Ці не ўладу апранае публіцыст у нявінныя шаты грамадскай творчасці? Творчасць грамадскага дзеяча не тое што творчасць мастака, ёю нельга займацца асабіста. Інструментам творчасці тут павінна стаць маса людзей, згуртаваных у палітычныя партыі, звязаных дысцыплінай. У віленскіх інтэлігентаў, да таварыства якіх належаў Канчэўскі, не было масавых палітычных арганізацый (БРА налічвала ўсяго 300 членаў), затое былі павышаныя грамадска-творчыя амбіцыі. I, не могучы даць ім выйсце ў барацьбе, Абдзіраловіч спрабуе сублімаваць іх і выжываецца ў фантазіраванні пра сапраўдную дзейнасць. Рамантычная прырода фантазіі
Канчэўскага відаць у нечаканых пераходах ад сучаснасці ў мінулае і будучыню. Параўнанне сёняшняга дня з мінулым і будучым абумоўлена, як і заўсёды ў рамантыкаў, незадаволенасцю з сучаснасці. Рамантыкі звыкліся ўзносіць над сучаснасцю сівую легенду або светлае заўтра. Канчэўскі ўзносіць «беларускія сябрыны, паўночныя славянскія ватагі, чарнаморскія ўдружэнні і чэшскія задругі» — вольныя аб'яднанні вольных людзей, якія не прыгнятаюць індывідуальнасці і даюць прастор для творчасці ў грамадскай сферы. У будучым такою сябрынай мае стаць кааперацыя, сёння шчэ «ўпэцканая ў селядцовым совусе». Такім чынам, шырокі прастор для творчасці — толькі ў ідэалізаваным мінулым і будучым. А сучаснікам брамы для грамадскай творчасці зачынены. Застаецца толькі адна прадуха — мастацтва: «...мастацтва дае толькі прыклад таго творчага жыцця, якое павінны тварыць людзі». (39) Публіцыст і паэт ідэалізуе мастацкую творчасць на ўсе лады. Аднак жа, як убачым, не без рэальных падстаў.