Выбрать главу

Мастак у адрозненне ад духоўнага мешчаніна ніколі не задавальняецца створаным вобразам, знойдзенаю формай, ён шукае новых форм, стараючыся паспець за зменамі жыццёвай плыні: «Мастацтва не мае свайго канону, не мае зацверджаных шляхоў, абразцоў. Калі мастацтва ўступае на гэты шлях, яно гіне: так было з усімі прыкладамі мастацкага акадэмізму». (40) Мастацтва, паводле Абдзіраловіча,— краіна абсалютнай свабоды духа, дзе няма прыкладаў і ўзораў. Ізноў жа тут відаць уплывы эстэтычных дактрын неарамантыкаў, якія ўзводзілі ў абсалют выказванне Канта, што «геній ёсць прыроджаны задатак душы, цераз які прырода дае мастацтву правіла». Абдзіраловіч увогуле супраць усякіх правіл і ўзораў. Праўда, гэты «творчы галоп» без аглядкі ён усё ж імкнецца скіраваць на карысць грамадству. Паўстае новая супярэчлівасць паміж перманентнай дэструкцыйнасцю яго дыялектыкі і добрымі намерамі ідэолага нацыянальна-вызваленчага руху. З аднаго боку ён заклікае: «Хай не будзе для чалавека нічога нерухомага, святога: ні дактрын, хаваючых усё жыццё ў труну выразнай формы, ні зацверджанай маралі на кожны дзень і гадзіну, на кожнае ўздыханне». (41) А побач з гэтымі анархічнымі тырадамі ідуць супрацьлеглыя высновы пра падпарадкаванне суб'ектыўных жаданняў грамадскай неабходнасці: «Ясна, што пад чужацкім панаваннем мы, як і іншыя здаровыя народы, асуджаны на паўстанне або на дэгенерацыю». (55)

I вось тут мы яшчэ раз пераконваемся, што пры ўсёй супярэчлівасці фантазмы Ігната Канчэўскага на-лежаць прагрэсіўна-рамантычнай плыні заходнебела-рускай грамадскай думкі і паэзіі. Дастаткова ўчытацца ў артыкул Уладзіміра Жылкі пра беларускае адраджэнне, апублікаваны ў часопісе «Перавясла» ў 1923 годзе, каб убачыць прадаўжэнне і канкрэтызацыю стрыжнявога прынцыпу Абдзіраловіча. Ул. Жылка выражае маральны недавер буржуазна-нацыяналістычным палітыканам, якія ў Польшчы, Латвіі і Чэхаславакіі плялі антысавецкія інтрыгі, робячы выгляд, што змагаюцца за палітычную незалежнасць Беларусі. Такой незалежнасці паэт супрацьпастаўляе міф Канчэўскага пра «незалежнасць духу». Многа цьмянага і наіўнага ў міфатворах I. Канчэўскага, яны паказальны як праява анархічных схільнасцей, уласцівых дробнабуржуазнай інтэлігенцыі наогул. Але за рамантычнай цьмянасцю яго слоў скрыты свой паказальны сэнс. Сёння яны цікавыя як сведчанне таго, што ля пачатку вызваленчага руху Заходняй Беларусі была і такая ідэалістычная плынь, яна дапамагае зразумець вытокі рамантычнай паэзіі таго часу. У абстрактных вобразах Канчэўскага чытаецца рэальная незадаволенасць здрабненнем віленскай беларускай інтэлігенцкай сябрыны, якая раней, у часы Купалы і Коласа, мела больш гераічнай раўнавагі, не так паддавалася палітыканскай пошасці.

Ігнат Канчэўскі ідэалізаваў літаратурна-мастацкую творчасць і творчыя аб'яднанні, якія ў пачатку 20-х гадоў складваліся вакол прагрэсіўных беларускіх газет і часопісаў. Прапеты Абдзіраловічам гімн творчасці меў станоўчы ўплыў на тонус інтэлігенцкага асяроддзя таго часу. Заходнебеларуская публіцыстыка першай паловы 20-х гадоў не прайшла міма рамантычных дзівацтваў Ігната Абдзіраловіча. Развіваючы яго засцярогі супраць шавінізму, яго рамантычную крытыку палітыканства, перадавая публіцыстыка праніклася рэвалюцыйнаю барацьбой, паказвала Савецкую Беларусь краінай, у якой дыктатура пралетарыяту стварыла нябачаныя ў гісторыі ўмовы для развіцця працоўнай, грамадска-палітычнай і культурна-масавай творчасці народных мас беларускага народа, у тым ліку сялянства.

Вешчаванне

Мастацкая літаратура мае свой спосаб пазнання жыцця, якому ўласцівы эмацыянальна-ацэначная накіраванасць і гуманістычная страснасць. Эстэтычныя адносіны літаратуры да рэчаіснасці шматгранныя, але найбольш важнымі з'яўляюцца тры яе функцыі: даваць праўду, выхоўваць і несці асалоду, хваляваць. У рэалістычным мастацтве гэтыя функцыі дыялектыч-на яднаюцца. Праўда рэалістычнага мастацтва здабываецца ў працэсе творчага ўзнаўлення рэчаіснасці і адначасна мадэліравання яе перспектыўных форм на шляхах тыпізацыі і індывідуалізацыі вобраза.

Але, мабыць, не пры ўсіх акалічнасцях грамадскага жыцця рэалістычны тып мастацкай літаратуры мае шансы ісці ў авангардзе. На пераломе эпох, калі формы грамадскіх адносін разбураюцца і змяняюцца, а паказальныя чалавечыя характары, якія павінны канцэнтраваць у сабе ідэал будучыні, складаюцца больш ва ўяуленні, чым наяве, мастацкая літаратура, нават калі яна мае добрыя рэалістычныя традыцыі, дабіваецца ўлады над чытачом не цераз патрэбу праўдзівасці, а цераз патрэбу ідэалу, рамантычна выяўляючы тое, што мае быць, што быць павінна, чаго чакаюць усе, чаго прагнуць усе, у тым ліку і мастакі. Гаворачы шырэй, скіраванасць да ідэалу, мадэляванне будучыні становіцца ў пераломныя перыяды гісторыі галоўнаю мэтай духоўнай дзейнасці, і гэта спрыяе развіццю рамантычных тэндэнцый у мастацтве. У такія перыяды людзі бачаць сэнс існавання мастацтва ў тым, што яно ўмее абудзіць у чалавеку мару-лятунак пра жыццё дасканалае, натхніць на барацьбу за здзяйсненне ідэалу. Знамянальна, што рамантычная паэзія, у адрозненне ад рэалістычнай, уяўляе грамадскі і эстэтычны ідэал збольшага, прыблізна, часам цьмяна, таму, мадэлюючы рэчаіснасць у вобразах, яна не асцерагаецца ідэалізаваць свет, а свабодна гіпербалізуе, адбірае ўсё ўзнёслае, паказвае імкненні, жаданні і мажлівасці чалавека ў патэнцыі, увасабляючы ўсё гэта ва ўмоўных вобразах. У рамантычнай паэзіі назіраецца болыы або менш выразны перанос акцэнту са сферы рэальнага ў ідэальнае, з цяперашняга ў будучы час, у выніку чаго выяўленне пачынае дамінаваць над адлюстраваннем, аслабляецца дыялектычная раўнавага паміж гнасеалагічным і аксеалагічным пачаткамі, а ідэйна-выхаваўчыя тэндэнцыі нярэдка выводзяць фантазію мастака за рамкі строгай пазнавальнасці, аналітычныя прыёмы адлюстравання ўступаюць месца сінтэтычным, героі становяцца рупарамі аўтарскіх ідэй, затое ўзрастае эмацыянальная напружанасць твора і яго здольнасць узрушаць, хваляваць, распальваць сэрца пэўных груп чытачоў або і ўсіх чытачоў-гледачоў-слухачоў у рэвалюцыйныя пераломныя эпохі.