Выбрать главу

Тут трэба агаварыцца: мастацкае пазнанне ў жанры лірычнай паэзіі набывае спецыфічную форму пачуццяў, настрояў, эмоцый, думак, а не характараў і абставін, што ўласцівы эпасу або драме. Таму пры вывучэнні лірыкі даводзіцца на падставе пэўнага тыпу пачуццяў рэканструяваць чалавечыя характары. Канешне, гэта рэканструкцыя носіць прыблізны характар; у болыпасці выпадкаў нам удасца адгадаць толькі агульныя контуры лірычнага героя, але загадкавасць і няяснасць прадугледжаны ў рамантычнай тыпізацыі.

Найбольш вядомымі паэтамі пачатку 20-х гадоў у былой Заходняй Беларусі былі Г. Леўчык, Л. Родзевіч, Ул. Жылка, К. Сваяк. Ім была ўласціва рамантычная скіраванасць твораў, хоць відавочны і шырокі дыяпа-зон індывідуальных і тыпалагічных адрозненняў, а таксама розныя маштабы таленту.

Гальяш Леўчык быў закончаны летуценнік, высакародны і непрактычны шукальнік справядлівасці ў яе чыстых і абсалютных праявах. Схільнасць паэта да абстрагавання праўды і крыўды, свабоды і няволі, альтруістычны характар яго гуманізму, несціханы боль душы песняра як лейтматыў лірыкі — усё гэта праявы рамантычнага стылю ў Гальяша Леўчыка. Відавочна, рамантызацыя вышэйшых пачуццяў абумоўлена традыцыйным для інтэлігентаў яго кругу ідэалістычным уяўленнем, быццам гісторыю можна тварыць, кіруючыся высокімі або ніякімі ідэямі. Гальяш Леўчык імкнецца ўздзейнічаць на гісторыю цераз гэтыя ідэальныя здольнасці чалавечых душ.

Больш складаныя формы рамантычных адносін да гісторыі выяўляе творчасць Леапольда Родзевіча. Справа не толькі ў перабольшванні і ўслаўленні грамадзянскіх поглядаў і пачуццяў лірычнага героя — маладога інтэлігента-патрыёта, які гатовы на смерць у імя свабоды. Справа ў бунтарскім духу паэзіі Родзевіча, якая сцвярджае поўную і абсалютную нялюдскасць існуючага ладу жыцця. Існуючы лад агідны і невыносны для ўражлівага і гордага бунтара. На некаторых вершах Л. Родзевіча са зборніка «Беларусь» відаць уплывы дэкларацый футурызму з яго культам жорсткай барацьбы і анархічна-бязлітаснага змагара. Праўда, герой паэзіі Л. Родзевіча не п'янее ад прыліву біялагічнае сілы, яго змаганне не зусім беспраграмнае, як у футурыстаў. Калі ён гаворыць: «Я згару у барацьбе, о зайздросць маёй судзьбе»,— дык разумее, што зайздрасці варта не сама здольнасць пераадолець страх смерці, а тая азоранасць сэнсам жыцця, якую ён знайшоў у мэтах змагання — шчасце народа, росквіт Беларусі.

Дамінантай духоўнага свету лірычнага героя Л. Родзевіча з'яўляецца нейкі таямнічы настрой душы. Герой увесь ва ўладзе прадчуванняў, лятункаў, надзей на вялікія здзяйсненні, што адбываюцца і адбудуцца ў свеце. Ён не можа трываць у сучаснасці, бо яна — сімвал уціску і паніжэння. Ён ірвецца наперад і ўгору, любоў да вольнай Беларусі дае яму крылы:

Для мільёнаў я надзея, Сонца прада мной бляднее, Бо люблю Цябе я44.

З такіх малітоўна-заклінальных адносін да Радзімы пачынаў паэтычную творчасць Л. Родзевіч, каб потым прыйсці да болып глыбокага погляду на сувязі чалавека з гісторыяй.

Як інтэлігент ён адчувае сваю адасобленасць ад масы і ў той жа час не мысліць свайго існавання без народа. Гэта дваістасць самаадчування героя не ўспрымаецца ім як раздвоенасць асобы. Праз удзел у Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, а потым у Кампартыі Заходняй Беларусі Л. Родзевіч становіцца прафесійным рэвалюцыянерам. Практычная дзейнасць у падполлі арганізацыйна звязала яго з масамі, адкрыла поле для працы ў масах. Вывучэнне марксізму-ленінізму ў Кя-муністычным універсітэце народаў Захаду (1924 г.) узброіла яго веданнем заканамернасцей гісторыі. Гэта памагло Л. Родзевічу ўслед за рамантычнымі, асацыятыўнымі, адрасаванымі самой будучыні вершамі-прароцтвамі ствараць агітацыйныя вершы-заклікі. У грамадзянскай лірыцы паэта канца 20-х гадоў назіраецца набліжэнне рамантычных сноў да гістарычных прагнозаў, рэальных, хоць рамантызаваных карцін будучыні («Куток Леніна», «Крутуха», «Адраджэнне»). Рамантызм як высакародна-безразважнае светасузіранне і як форма эстэтычных адносін да рэчаіснасці саступаў месца рэвалюцыйнай рамантыцы як эмацыянальна-стылёвай афарбоўцы мыслення і вобраза. У канцы 20-х гадоў, калі Родзевіч узначальваў выдавецтва пры ЦК КПЗБ, агітацыйная паэзія стала ў яго творчасці дамініруючай. У лепшых творах палітычнай лірыкі ён адзін з першых у заходнебеларускай літаратуры ўвёў вобраз рэвалюцыянера, дзеяча-прафесіянала, вобраз камуніста. Паэт ішоў да рамантычнай плыні ў сацыялістычным рэалізме, якую сёння літаратуразнаўцы характарызуюць як «узнёсласць і акрыленасць размовы пра ўзнёслае і акрыленае»45.