Выбрать главу

Чытач, спадзяюся, даруе мне такую доўгую цытату. Я перакананы, што гэтае апісанне падкупіць і яго сваёй аўтэнтычнасцю і бясхітраснай займальнасцю. Іван Пышко выяўляе жывую чалавечую атмасферу, у якой бытавала партыйнае слова ўвогуле і самадзейная агітацыйная паэзія камуністычнага падполля ў асаблівасці, ён дае адчуць соль яе ідэйнага зместу, не пафас. Для паўнаты прывядзём адзін з агітацыйных вершаў самога сакратара зачэпіцкай ячэйкі КПЗБ. Гаворка ў ім ідзе пра тое, як адносіцца да LOP-у (Liga obrony przeciwlotniczej) — Таварыства супрацьпаветранай абароны, арганізацыі, што збірала сродкі на ўзбраенне і часта вяла ваенную агітацыю ў буржуазнай Польшчы 30-х гадоў:

На Лёп! На Лёп! — крычаць паны, Аж пупы сінеюць, Прыціскаюць нас яны, Дурыць добра ўмеюць. Тых падаткаў ім замала, Што з бядоты лупяць, Самалётаў трэба стала — Зноў мужык хай купіць. Не даваць! — скажу станоўка, На Лёп грошай гэты, Бо ўсё гэта падрыхтоўка, Каб разбіць Саветы...

Вершы-агіткі... Лапідарныя, часта наіўныя радкі, выведзеныя няцвёрдай рукой аматара і самавука. Ці варта было іх складаць, калі не ўзняліся яны да ўзроўню сапраўднага мастацтва? Ці варта ўспамінаць пра іх сёння, келі культура творчасці сіганула так высока? Вось пытанні, якія не-не ды ўстаюць перад даследчыкам масавай самадзейнай паэзіі. Так, часта гэта толькі дакументы часу. Але якога часу! У іх адлюстраваўся знамянальны ў гісторыі грамадскай свядомасці сялянства былой Заходняй Беларусі факт, калі пасіўная маса земляробаў ператварылася ў гістарычна актыўную сілу. Факт свайго грамадзянскага нараджэння сялянскія паэты-самавукі адчувалі балюча і радасна і ўспрымалі яго як з'яву эстэтычную, як усяленне святла і хараства ў свае душы, як абуджэнне свайго чалавечага «я». Гэта апраўдвае іх цягу менавіта да паэтычнага самавыяўлення, да незвычайнай, рыфмаванай мовы! Аналізуючы сваё духоўнае «я» і тую неадольную цягу да паэзіі, якая запаланіла раней сонную душу земляроба, Герасім Прамень піша:

Ад плуга адарвуся, Забыўшы пра яду, Да новага імкнуся, Да светлай мэты йду. У хаце пастарэлай, Дзе гніль і парахня, Ў руках з пяром, паперай За стол саджуся я. Абцёршы смагу з вуснаў, У гэткі вось мамент Для родных беларусаў Пішу з душы прывет. Пішу яго не прозай, Бо ў ёй натхнення нет, Паэзіяй вясёлай, Хоць мо і не паэт.

Дзейнасць паэтаў з вёскі Зачэпічы ў 30-я гады актывізавалася, яны зрабілі спробу выйсці ў літаратуру. Творы Петруся Граніта і Герасіма Праменя з'явіліся ў левых і народна-франтавых выданнях: «Беларускай газеце», «Літаратурнай старонцы», польскім маладзёжным штотыднёвіку «Poprostu». Васілю Струменю ўдалося надрукавацца ў прагрэсіўным сатырычным часопісе «Асва». I няхай сабе іх паход у літаратуру не ўвянчаўся поўным поспехам, але ў тыя глухія гады вершы зачэпіцкіх паэтаў напаміналі грамадскасці, што вызваленчы рух працоўных Заходняй Беларусі прадаўжае быць стымулам дзейнасці ва ўсіх сферах духоўнага жыцця, у тым ліку і ў мастацтве.

Максім Танк у вершы «Павязлі цягнікі» намаляваў у 1937 годзе рамантызаваны вобраз рэвалюцыі. Весткі пра паўстанне рабочых кварталаў імчаць па краіне «ашалелыя з грывай агню цягнікі»...

Іх на кожным паўстанку, Бы ўраджайнае лета, Спатыкалі дзяўчаты I хмары касцоў. I з усёй Беларусі Скрыпачы і паэты,— А іх больш, бы ў краіне Маёй каласоў!58

Заключныя радкі верша не проста эфектная гіпербала, а трапнае адлюстраванне з'явы, якую аўтар добра ведаў як кіраўнік літаратурнага аддзела народна-франтавой газеты «Наша воля». Больш таго, Максім Танк асабіста ведаў многіх пачынаючых паэтаў, у тым ліку і песняроў з зачэпіцкага паэтычнага гнязда. Ні ў Максіма Танка, ні ў Валянціна Таўлая (апошні вёў літаратурную частку «Беларускай газеты») не было ілюзій пра маштабы талентаў зачэпіцкіх самадзейных паэтаў, але яны трымалі сувязь з гэтым асяродкам, разумеючы, якія ўплывы на вяскоўцаў маюць аматары мастацкага слова. Пятрусь Граніт быў нават запрошаны ў Вільню на з'езд Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў.