Сёння ён ледзь не адзіны жывы сведка гэтай немалаважнай у гісторыі беларускай літаратуры падзеі. Памяць яго захавала шэраг цікавых. драбніц. У размове са мною Пятрусь Граніт прыгадваў: «Усіх прысутных на з'ездзе было, напэўна, за дзесяць чалавек, але паэтаў было менш. Прывялі мяне з рэдакцыі «Беларускай газеты» ў нейкую хату, драўляная хата, але на два канцы і на падмурку высока паднятая. Там ужо сядзелі людзі, чакалі, разглядвалі фатаграфіі на сценах. Глянуў і я. Бачу — вельмі прыгожая паненка, я і ўставіў сваё слоўца па-вясковаму: «О, брат, глядзі ты, як гэтая во вырыхтавалася!» Усе — у рогат. Як аказалася, я тут — неўпапад, не разгледзеў, што вісела ікона нейкай святой.
Ачомаўшыся крыху, я ўбачыў пасярод пакоя круглы стол, на стале бутэлька гарэлкі і чаркі, талеркі. Я думаю: што тут такое? А потым выяснілася, што гэта для канспірацыі. Калі б наляцела паліцыя, дык просты адказ: імяніны ў гаспадыні. З'езд быў у доме Любы Асаевіч — будучай жонкі Максіма Танка.
Тут усе сабраліся, і рэдактар Аляксандр Карповіч усё растлумачыў. Потым устаў нейкі тоненькі, высмыглы, падобны на хлопчыка і пачаў гаварыць — гэта быў даклад, Але гаварыў разважна: скажа, потым спыніцца, і растлумачыць, і цытатаў прывядзе. Цытатаў даваў многа, асабліва з Маякоўскага. Потым ужо я даведаўся, што гэта быў Валянцін Таўлай. А тады не ведаў. Я ж быў членам КПЗБ яшчэ дагэтуль, то знаў, што работа канспірацыйная. I не дапытваўся.
Па дакладу, каб сказаць, то і не было спрэчак. Тут усе выказаліся як бы ў адзін голас: гаварылі — мы павінны браць прыклад з савецкай літаратуры, праводзіць сваю лінію, паднімаць беларускі народ і не ісці ў падхалімы да хадэкаў. Вось і ўсё»59.
Цяга да паэзіі настолькі захапіла зачэпіцкіх падпольшчыкаў, што між імі ўзнікла нават небяспечнае саперніцтва. Двух старэйшых друкавалі радыкальныя газеты, а трэцяга, малодшага, «вытрымлівалі». Тады ён з наіўнай горыччу напісаў рэдакцыі, што, маўляў, мы ж працуем у адной канспірацыі, а мяне вы абыходзіце ўвагай. Пісьмо пры налёце паліцыі на рэдакцыю «Беларускай газеты» было захоплена і трапіла ў следчы органы. Там жа апынуўся і калектыўны вершаваны пратэст зачэпіцкіх паэтаў супраць арышту Эрнста Тэльмана. Пратэст падпісалі акрамя Граніта, Праменя і Струменя Н. Жальба і Міхась Ліст (Васіль Камянецкі), таксама тады вясковы паэт з Краснага Лідскага павета. У часе суда над супрацоўнікамі «Беларускай газеты» Пятрусь Граніт быў пазваны абвінавачваннем як сведка і саўдзельнік «злачынства».
«Працэс праходзіў,— успамінае Граніт,— якраз пасля памятнага стрэлу Сяргея Прытыцкага, таму ў зал пасяджэнняў не пускалі больш як трох чалавек, а сведкаў вызвалі, напэўна, сотню. I вызвалі розных людзей, дык адразу сведкі неяк раздзяліліся: чыстая публіка направа, а даматканнікі — налева. Яны сабе сядзяць, чытаюць газеты, а мы чакаем. Пад вечар ужо зачытаныя газеты пераходзяць ад іх да нашага брата. Пачытаць жа пра ход суда ахвота. А карэспандэнты на зале былі ўвесь час. Нават рэдактар беларускай «Нашай волі» Склубоўскі прысутнічаў.
Пазвалі мяне. Я крадком глянуў на падсутных — сядзяць у сваёй вопратцы, як хто быў. Пазнаю, але не падаю выгляду: канспірацыя. Мяне пытаюць:
- На якой аснове падпісаў дэкларацыю?
- На звычайнай аснове,— гавару.— Прыехаў у рэдакцыю пасля таго, як змясцілі мой верш. Прашу, каб больш змяшчалі і каб зборнік выдалі. А там гавораць, што маюць намер выдаваць часопіс, калі збярэцца досыць аматараў. Я і падпісаў.
- Там жа антыдзяржаўныя выпады, у дэкларацыі.
- Якія там выпады. Ерунда там, за пшэпрашэннем, а не выпады. Я хацеў, каб вершаў больш друкавалі.
- А якая табе справа да Тэльмана?
- А звычайная справа. Сядзіць жа чалавек, немаведама чаго пакутуе. Такая і справа.
- Вытлумач, якую гэта канспірацыйную справу вядзе пан у Зачэпічах?
- Я і Струмень, мы не дужа адукаваныя, а пісаць вершы спрабуем, дык хочам, каб ніхто не ведаў ды не насміхаўся над намі — вось мы і трымаем прозвішчы ў канспірацыі.
Тады суддзя да пракурора: «Што яшчэ мае пан запытаць?»
- Ніц.
- Звольнёны.