Выбрать главу

Я зайшоў пасля ў рэдакцыю «Нашай волі», Склубоўскі пахваліў: «Але ж добра ты там адказваў»60.

Сын беднага селяніна, Пятрусь Граніт рана асірацеў: бацька яго памёр у 1923 годзе ад старых ран, прынесеных з грамадзянскай вайны. Паміраючы, былы чырвонаармеец пакінуў сыну апошні запавет — змагацца за ідэалы пралетарскай рэвалюцыі. I сын свята трымаўся бацькоўскага наказу, уступіў у гурток Грамады, потым у КПЗБ, пачаў супрацоўнічаць у левай прэсе, друкаваўся ў «Беларускай газеце» (вершы «Прывітанне», «Муяшцкая восень»), у штотыднёвіку «Poprostu» змясціў цэлую нізку вершаў і аўтабіяграфію, друкаваўся ў «Асве», «Нашай волі», «Беларускім летапісе».

Тады з-пад яго пяра выйшаў цікавы і незвычайны для заходнебеларускай паэзіі верш «Брукар», у якім паэт расказваў пра мазольную працу і гордыя думы рабочага-сезонніка. Ёсць у ім нешта з песень працы Цішкі Гартнага. Сам Граніт вымушаны быў улетку брукаваць дарогі, бо гаспадарка не давала належных сродкаў на пражытак. Паэт ведаў настроі і думы пралетарскіх пластоў заходнебеларускай вёскі і ў сваіх баявітых публіцыстычных вершах шчыра і востра выказваў іх кроўныя інтарэсы. Праўда, вершам брукара не хапала наэтычнай тэхнікі, многія з іх кампазіцыйна расцягнутыя, стракацяць рыторыкай, агульнымі мясцінамі, шурпатыя па гукамеладычнай структуры, але пры ўсім гэтым шчырыя і праўдзівыя як жывы голас чалавека, як балючы крык душы, таму захоўваюць каштоўнасць калі не эстэтычную, дык гісторыка-дакументальную.

Грамадзянская загартоўка, якую атрымалі заходнебеларускія самадзейныя паэты ў 30-я гады, дазволіла ім правільна ацаніць вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Усе яны ў меру сіл сталі актыўнымі ўдзельнікамі будаўніцтва новай сацыялістычнай явы. Пятрусь Граніт быў абраны старшынёю сельсавета, Герасім Прамень — старшынёю рэвізійнай камісіі, Васіль Струмень актыўнічаў у Заходняй Украіне, куды быў вымушаны выехаць у канцы 30-х гадоў з сям'ёю ў пошуках хлеба, Францішак Каравацкі — на Віленшчыне.

Многа знамянальных спраў прайшло тады праз іх рукі, думкі і сэрцы. Граніту давялося, напрыклад, сустрэцца з Янкам Купалам. Гэта было ў Лідзе, куды прыязджаў Народны паэт у таварыстве Пятра Глебкі і Алеся Кучара.

«Янка Купала,— успамінае Граніт,— быў у Лідзе тры дні, жыў у гасцініцы, а абедаў у сталовай, так званай «Амерыканцы». Мы з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пайшлі праведаць яго. Купала сустрэў нас ветліва і, пагутарыўшы, запрасіў разам паабедаць. Заказаў нам абед з чатырох блюд з чаркай і півам. Калі мы памкнуліся плаціць — перапыніў нас: «Хлопцы, хлопцы, у мяне, мабыць, больш грошай...» А потым усім нам даў падарункі: мне дасталася кніжка «Выбраныя паэмы», асобнае выданне «Над ракой Арэсай». Янка Купала быў негаваркі. Прачытаеш, помню, яму свой верш, ён паслухае. Пытаеш: «Ну як?», а ён далікатна гаворыць: «Верш як верш, трэба паправіць».— «А як яго паправіць?» — пытаю. «Хто яго ведае. Спярша трэба некалькі разоў прачытаць, тады можна раіць. Прыязджай, кажа, у Мінск, там параімся і наконт зборніка». Янка Купала стары ўжо быў у тыя гады, але паказаўся вельмі свойскім чалавекам, як родны. Так што розніца ў гадах не так і адчувалася. Гаварыў з намі сардэчна, шчыра. Падумаць толькі, гэта ж Народны паэт, а гаворыць як бы быў сам вясковым простым чалавекам»61.

Дастойна прайшлі ўсе паэты-пабрацімы і праз навалу фашысцкай акупацыі. Францішак Каравацкі працаваў у польскім патрыятычным руху, які шырыўся на тэрыторыі СССР, у 1943 годзе ён быў скінуты на парашуце ў акупіраваную Варшаву, скантактаваўся з сакратаром ЦК толькі што створанай у падполлі Польскай рабочай партыі таварышам Паўлам Фіндэрманам і выконваў яго спецыяльныя даручэнні. Паэты з Зачэпіч кожны ў меру сваіх сіл і мажлівасцей дапамагалі партызанам, у антыфашысцкім падполлі зносілі небяспеку і нягоды, хаваліся па лясных нетрах у часе блакадаў, аддалі антыфашысцкаму руху свой даўні вопыт канспірацыі, распаўсюджвалі партызанскія лістоўкі і газеты сярод насельніцтва, самі пісалі для ўжытку партызанскага друку, а пасля вызвалення горача браліся за адбудову роднага краю, сваім аўтарытэтам падтрымлівалі калектывізацыю ў вёсках, спрыялі росквіту роднай зямлі.

Энтузіязм і кроўная зацікаўленасць ва ўсім, што дзеецца ў калгасе, спараджалі ў іх не толькі хвалебныя вершы, але і словы едкай крытыкі. Прамень, як старшыня рэвізійнай камісіі, па асабістых уражаннях склаў цэлы цыкл сатырычных частушак.

Ёсць сярод іх некалькі, як на свой час і месца, даволі трапных:

Як з фінансавым агентам Дзве літроўкі прапілі, Дык мне гэтым самым летам Маладзетныя знялі.