Выбрать главу

Пасля вызвалення нашай мясцовасці раз-ведчыка і супрацоўніка партызанскага друку назначылі в. а. рэдактара газеты «Сцяг свабоды» (орган Мірскага РК КПБ). Так пачаўся яго шлях у журналістыку і мастацкую літаратуру.

Наша партызанскае сяброўства прадоўжылася пасля вайны на мінскім, як гавораць, бруку. Ён быў тады маладым абяцаючым пісьменнікам, я — студэнтам літфака. Заходзіў да яго на правах земляка. Янка тады якраз ажаніўся і здымаў кватэру ў драўляным доме за паркам Чалюскінцаў. Пакойчык быў цесны і такі цёмны, што за першым прыходам я больш па голасу чым па выгляду, пазнаў Ніну Міхайлаўну, маладую гаспадыню, якую ведаў яшчэ з партызанскіх лагераў, дзе яна вучыла дзяцей у так званай зялёнай школе.

Шырыня інтарэсаў, гасціннасць гаспадыні, таварыскасць і невычэрпны гумар гаспадара — прыкметы дабраты і сілы — тады ўжо стваралі нейкую асабліва цёплую каларытную атмасферу гэтай сям'і. У іх заўжды было людна і ўрачыста весела. Прыязджалі землякі, заглядалі знаёмыя, сходзіліся пісьменнікі, чыталі ўголас новыя творы, раіліся, абмяркоўвалі, спрачаліся... Было цесна, але ўтульна і хораша.

Зараз у Брылёў кватэра вялікая, добра абстаўленая. Але рэчы, хай самыя каштоўныя, не маюць тут улады над людзьмі. Ніхто не папракне ні позіркам, ні словам земляка-вяскоўца, калі ён, забыўшыся выцерці ногі, пройдзецца па дыване, пакідаючы сляды загорскай гліны. I не дзіва, што часта ўжо а шостай гадзіне раніцы чуцен стук у дзверы: з'язджаюцца далёкія і блізкія знаёмыя ў сталіцу па справах. Гаспадар дома вітае зычліва, з жартамі, не падаючы выгляду, што заснуў толькі а другой гадзіне, а наперадзе напружаны рабочы дзень. Асаблівыя прывілеі даюцца тым, хто прыехаў у Мінск палячыцца. Якая б тэрміновая праца ні ляжала на рабочым стале, якія б задумы ні прасіліся на паперу — усё ідзе набок. Янка Брыль нібыта зусім забывае, што ён пісьменнік, становіцца апекуном сваіх гасцей.

Часта даводзілася мне падарожнічаць з ім. Першы раз у 1951 годзе. На канікулах я вырашыў збіраць рэвалюцыйныя песні былой Заходняй Беларусі, а ён — сустрэцца з ветэранамі рэвалюцыйнага падполля, сабраць матэрыял для працягу рамана «Граніца». На веласіпедах мы аб'ехалі сотні вёсак і мястэчак, пазнаёміліся з бывалымі і цікавымі людзьмі. Начавалі пад стагамі ці проста ля вогнішча на партызанскай палянцы, аднаўляючы дружбу з зямлёй і цёмнаю ночкай. Час быў нялёгкі. Вакол былых членаў КПЗБ згушчалася атмасфера падазронасці і недаверу. Давялося выслухоўваць многа скаргаў. У вёсках яшчэ не ўляглася драма калектывізацыі. Людзі перажывалі трывогі перад новым. Але, слухаючы заліўныя галасы жней, што даносіліся з поля, мы радаваліся: новаму жыць і красаваць, песня пра залатую пшаніцу ўваходзіць у сэрцы жанок, становіцца яваю. Замест працягу «Граніцы» тады ў Брыля напісаўся працяг «Забалоцця», аповесць «На Быстранцы».

Іншы раз мы вандравалі па Палессі. У прамежку паміж першым і другім падарожжамі мой сябра аб'ездзіў больш чым паўсвету — Еўропа, Амерыка, савецкая частка Азіі,— і з радасцю прыкмеціў я, што яго цікавасць да сваіх людзей, да жыцця народа, да беларускай прыроды яшчэ ўзрасла, з'явіліся адкрытая чуласць і пяшчота.

Інтрыгуе мяне, як загадка, спосаб успрымання наваколля пісьменнікам, выбарнасць яго падыходу да з'яў і фактаў жыцця. Здаецца, адзіны клопат у яго — не перашкаджаць усім быць натуральнымі. Янка Брыль не выпытвае чалавека, не прыстае, нібы асцерагаецца, каб той не пачаў выдумляць, бо «выдумляць» — задача пісьменніка. Такі прыкметны ў сваім пісьменніцкім таварыстве, востры на слова, праніклівы жартаўнік і штукар, ён робіцца стрыманым і ціхім і неяк натуральна зліваецца з асяроддзем простых людзей. Успрымальнасць у яго вострая, памяць учэпістая. Янка Брыль не прапусціць ніводнага слоўка, нават інтанацыі, псіхалагічнага жэсту, калі ў гэтым праяўляецца чалавечы змест, здольнасць хваляваць. Праз дзесятак гадоў, нібы ў элеватары, захоўваюцца ў яго свядомасці сотні і тысячы зярнятак-фактаў, жэстаў, рухаў, выразаў, слоўцаў, такіх свяжуткіх, нібы яны трапілі ў памяць сёння раніцаю. I зноў жа пісьменнік часта прапускае такія, здавалася б, эфектныя эпізоды, складныя расказы людзей. Збоку гледзячы, дык такі матэрыял хоць жыўцом гані ў твор для займальнасці. Ён жа інтуіцыяй улоўлівае стрыжань з'явы, гуманістычны змест адносін паміж людзьмі і выражае гэта па-свойму, у адпаведнасці са складам свайго характару і таленту.