Выбрать главу

Злівацца душой з простымі людзьмі, якія выступаюць станоўчымі героямі яго твораў, Янку Брылю, відаць, дапамагае тое, што ён не адцураўся ад звычак свайго працоўнага вясковага дзяцінства і юнацтва. Вырасшы пры матцы, цяжкахворай удаве, ён навучыўся рабіць і паважаць і мужчынскую і жаночую работу. Мяне, як малодшага ўзростам, колькі раз бянтэжыла тая натуральнасць, з якою ён першы хапаўся за кацялок з-пад юшкі, ірваў траву на хвашчану і шараваў пасудзіну, нібыта гэта яго звычны занятак.

Вывучаць жыццё для Янкі Брыля азначае не толькі назіраць. Вывучаць — значыць удзельнічаць, думаць, даследаваць дзейнасць людзей на фактах і па дакументах гісторыі. Мне давялося працаваць побач з пісьменнікам у архівах Вільнюса, Гродна, Брэста, Слоніма і іншых гарадоў. Мушу прызнацца, я часта бянтэжыўся, не могучы датрымаць кроку яму ў чытанні, канспектаванні. Адчуваючы маю заклапочанасць, ён супакойваў: «Ты ж чытаеш грунтоўна, удумоўваешся, а я так сабе, проста для агульнага знаёмства». Гэтая самаацэнка не перашкаджала яму тактоўна падказваць мне факты, якія я «грунтоўна» і «ўдумліва» прапускаў. Гісторыю культуры Беларусі Янка Брыль ведае дасканала, ведае ў яе складаных сувязях з рускай, украінскай, польскай. I дзіўна было мне, што пры сваёй энцыклапедычнасці ведаў ён калісьці шкадаваў, што не сеў адразу пасля вайны за універсітэцкую парту. Тады я сядзеў на студэнцкай парце, але перавагі ў ведах не адчуваў, часцей было наадварот. Сістэматычная самаадукацыя для здольнага творчага чалавека — найлепшы універсітэт.

Творчасць Янкі Брыля з'яўляецца таленавітым сцвярджэннем духоўнага багацця беларускага народа, яго самавітага нацыянальнага характару, побыту, звычак, пявучага хараства яго мовы. Далёка за межы нашай рэспублікі нясуць творы мастака жывую праўду аб нашым народзе, народзе-партызане, народзе-працаўніку, які ўмее рабіць вялікія справы без крыку і ганарлівага самалюбавання.

Літаратурны шлях Янкі Брыля, як і кожнага сапраўднага мастака, толькі знешне лёгкі і бліскучы. Гэта лёгкасць даецца цаною вялікага духоўнага напружання, няспыннай працы. Я помню вечары, калі Янка Брыль па раздзелах чытаў у вузкім коле родзічаў і сяброў аповесць «У Забалоцці днее», апавяданні з цыкла «Ты мой лепшы друг» і іншыя творы. Гэта было ў гады літаратурнай маладосці. Голас пісьменніка выдаваў хваляванне, а ў моцных пальцах аркуш паперы дрыжаў, і чытальнік стараўся перахапіць дрыготкую паперу пасярэдзіне, каб слухачы не заўважылі яго трывогі. З такім жа маладым неспакоем, клопатам і нават страхам дае чытаць новыя рэчы і сёння прызнаны майстра слова. З высокай трывогай, якая дапамагае знаходзіць сэнс і хараство жыцця, нараджаецца славуты лірызм яго прозы, лірызм, які на самай грані чуллівасці шчасліва астужваецца то шчымліваю ўсмешкаю, то змаўканнем у пару. Лірызм ідзе ад сэрца, ад дабраты, любові; гумар і такт, мабыць, ад разважлівасці, ад пачуцця рэальнасці і самапавагі.

Янка Брыль — самавіты мастак, чалавек чулага сэрца, вясёлага нораву і крыштальна чыстага сумлення. Ён любіць жыццё і людзей. I працуе ён для таго, каб любіць свет яшчэ больш і навучыць чытача мудрай любові, у якой пісьменнік бачыць крыніцу сапраўднай радасці. Дзеля гэтай радасці, якою хочацца адарыць усіх добрых людзей, жыве і працуе кожны сапраўдны мастак.

Прызванне

Сям'я, родная хата, вёска для многіх людзей — такі ж цэнтр сусвету, як у Пталамеевай сістэме Зямля: ні высокія званні, ні абавязкі не аслабляюць у іх сямейных пачуццяў. Як бы ні вырасла кола знаёмых, як бы ні пашырыліся духоўныя інтарэсы, якія б сусветныя аўтарытэты ні сустрэліся ім на жыццёвым шляху, усё роўна і ў сталыя гады інтуіцыя памесціць іх уласнае «я» ў мікрасвет роднай сям'і і прымусіць ад бацькавага парога мераць шлях да вялікіх галактык, якія называюцца: культура і прызванне, народ і чалавецтва.