Аднойчы летам мы праязджалі міма яго роднай вёскі Загора, якая прыткнулася неяк наўскос да паўднёвага схілу пагорка, цераз які пралягаў стары кацярынінскі шлях Мінск — Навагрудак. За намі заставалася ціхая рачулка Вуша, што кіламетраў за восем адсюль упадае ў быстры Нёман, а перад намі з абодвух бакоў прыступкамі ўзыходзілі аж да небакраю пшанічныя ўзгоркі. Пад самым высокім прымасцілася Загора.
Мне падумалася: ці не турэцкі бацюшка з валасным старшынёй далі назву вёсцы. У Турцы - мураваная царква на горцы, адсюль відаць уся воласць і ўся парафія як на далоні, толькі адна гэтая вёска схавалася за гарою.
Марудніца-Вуша нанасіла за вякі ў шырокую даліну і суглінку, і торфу. Заліўныя лугі ды ўрадлівыя землі, як магніт, з давён-даўна напрыцягвалі сюды паноў. У гэтай ваколіцы сутыкаліся ўладанні князёў Мірскіх з абшарамі магната Кашыца. На сутыках паміж дзвюх латыфундый паўціскалася шляхецкая драбнота: некалькі маёнтачкаў, фальваркаў і два засценкі — Воўчае балота і Зарэчча.
— Бачыш, вунь грабеньчык вішняку сярод поля,— ажыўляецца Янка Брыль,— гэта ўсё, што засталося ад маёнтка пана Гнаінскага. Мой прадзед Рыгор дваровым у яго служыў. А дзед Даніла перасяліўся ў вёску адразу ж пасля адмены паншчыны. Сабраліся ў нашым Загоры мужыкі ад пяці паноў — Гнаінскіх, Ёдкаў, Анцутаў, Свідзінскіх, Лісіцкіх.
Янка Брыль яшчэ застаў нашчадкаў былых прыгоннікаў, браў нават прататыпамі ў свае творы, назіраў іх птаматлівае аджыванне. Але многа чаго з мясцовай хронікі яшчэ спеліцца ў памяці, чакае сваёй пары. Так, як «Гуртавое». Нядаўна напісанае апавяданне, поўнае філасофскага роздуму пра калектыўную касьбу лужка на аселіцах, што спрадвеку быў як закваска ў дзяжы агульнага каравая — сённяшняга калгаса, Гпра тое, як адзін загорац рыхтаваўся на пісьменніка ў часе той касьбы! Хоць часта піша Брыль пра свае мясціны, але не вычарпаў усяго цікавага. Ёп лтобіць пацвярджаць у размовах думку Кузьмы Чорнага, што пісьменніку на ўсё жыццё можа хапіць матэрыялу ў сваёй роднай вёсцы. Брыль, як і Кузьма Чорны, ахвотна расказвае пра сваіх землякоў вусныя апавяданні.
Адзін з тутэйшых панкоў шкодзіў і хаваўся ў 1920 годзе ад чырвонаармейцаў, але злавілі яго парабкі, загналі пад канвоем у Навагрудак і пасадзілі ў турму. Сядзіць панок, чакае рэвалюцыйнага прысуду. А разам з ім у камеры сядзіць тутэйшы кулак, таксама за падкоп пад Савецкую ўладу. Кулак, вядома, запаслівы быў, развяжа сабе торбу, там хлеб і да хлеба,— пад'есць, тады скруціць цыгарку і пускае дым. Пану жывот зводзіць сутарга, просіць хоць закурыць, а кулак пасміхаецца: «Адпішы на мяне дзесяціну зямлі — дам». Панок думае сабе: «Забяруць бальшавікі зямлю — давай, адпішу?» — I адпісваў, адпісваў ды так увесь маёнтак і пракурыў. Як Чырвоная Армія адступіла, дык той кулак сабраў паперкі-адпіскі — ды ў польскі суд. I адсудзіў маёнтак. Стаў панам на дурніцу.
Дзяцінства і юнацтва найбольш грунтоўна фарміруюць асобу чалавека. Як бы ні старалася сталасць, а не сцерці ёй таго, што накрэсліла дзяцінства. Янка Брыль змалку гадоў захаваў звычкі і пэўныя густы палявіка: жытняе поле мае над ім і сёння таемную ўладу, як вышэйшая праява красы. Ён можа ўзрушыцца і хараством дрымучага бору, і нетрамі пушчы, і разлівам ракі, ён ахвочы пераначаваць у лясной глухамані пад адкрытым небам, але доўга жыць сярод дзікай прыроды, як я заўважыў, яму не хочацца: нешта цягне да чалавечага жылля, да поля.
Не надта любіць ён фатаграфавацца, але ўгаварыць яго можна заўсёды, калі фонам для здымка выбераш жыта, нават сам запрапануе. Ёсць у мяне некалькі здымкаў яго з сябрамі ў жыце: на Любчаншчыне — з Паўлам Жалезняковічам, героем нарыса «Сэрца камуніста», на Навагрудчыне — з Уладзімірам Караткевічам, над возерам Нешчарда — з Алесем Адамовічам. Брыль рады выпадку брысці па жыце, прапускаючы паміж пальцаў казытлівыя маладыя каласкі, любіць вылузваць зярняты з падаспелага коласа — памятны ласунак пастухоўскага дзяцінства. Стомлены ў дарозе, Янка Брыль часта шукае месца, каб прылегчы недзе ля жыта і, лежачы наўзніч, глядзець, як на блакітным небе важна гойдаюцца залатыя каласы. Тут хутка праходзіць стома. Можа, спракаветнае хлебаробскае пачуццё ўнутранай бяспекі сыходзіць на чалавека: калі вырасла жыта, дык будзем жыць, перазімуем. Ля спелага хлеба бяспечна думаць пра нешта больш высокае, чым хлеб надзённы.
Бацька пісьменніка Антон Данілавіч пачынаў жыццё селянінам, але не змог утрымацца на пачацвераваным мужыцкім надзеле. Паехаў, як і многія загорскія мужчыны, у горад, на заработкі. Праўда, парваць сувязь з зямлёй-карміцелькай пабойваўся: маладая жонка заставалася ў вёсцы, гаспадарыла, гадавала дзяцей, чакала добрага ветру, што часам вяртаў мужа ў роднае гняздо з далёкай, загадкавай, апетай у дзявочай песні Адэсы. Разлуку абаім скрашвалі праца і мары пра дастатак. Маладзіца працавала зацята, як умеюць гэта валявыя мэтанакіраваныя натуры. Цяжкая праца рабіла яе суровай, а бясконцыя разлукі і трывогі — спагадлівай і пяшчотнай. Працы і клопатаў усё прыбаўлялася: старалася прыкупіць зямлі, расла сям'я, усё новыя абавязкі клаліся на яе нястомныя рукі.