Янка Брыль нарадзіўся ў Адэсе. Бацька працаваў тады правадніком класных вагонаў, няблага зарабляў. Самы меншы ў сям'і Янка, мабыць, стаў бы шаляніцаю, пестуном у старэйшых сясцёр, братоў і падстарэлых бацькоў, але час не любіў тады песціць нават дзяцей. Быў 1917 год, за ім прыйшлі трывожныя гады грамадзянскай вайны, а далей галодныя гады разрухі. Як на бяду, цяжка захварэў бацька. Вырашылі вяртацца ў Загора да сваёй зямлі.
Старэйшыя сыны Уладзік і Ігнат былі ўжэ сталымі людзьмі, яны выраслі на перадавых ідэях рускай літаратуры, адчувалі абавязак працаваць на карысць сацыялізма, яны не маглі змусіць сябе вярнуцца ў буржуазную Польшчу, у межах якой пасля Рыжскага міру апынулася ледзь памятная гэтым гарадскім інтэлігентам вёска. Старэйшыя сыны засталіся ў Савецкай Расіі і звязалі думкі ўсёй сям'і з загадкавай новай рэвалюцыйнаю краінай.
Вясёлы па натуры, яшчэ дужы, хоць і немалады, бывалы і дзелавіты Антон Данілавіч пачаў пакрысе абжывацца на гаспадарцы. Ён ужо прыкідваў, як бы збавіцца ад спадчыннага дзедавага цэпа, ад панараду на драўляных восях. У думках былі малацілкі, пружыноўкі, сячкарні: зямлі набіралася парадкам — і свая, і дваюраднага брата-чыгуначніка, што застаўся ў Адэсе,— братава як бы ў арэндзе, па даверанасці, да часу. Бацька ўголас марыў навучыць земляробству толькі старэйшага з траіх прыехаўшых з ім сыноў, Мікалая, а малодшых — Мішу і Янку — вучыць.
На жаль, смерць сустрэла яго амаль у самым пачатку гэтай новай і цяжкай дарогі. Удава спрабавала здзейсніць мары нябожчыка мужа: паслала малодшых у Навагрудскую польскую гімназію. Аднак задача аказалася вышэй яе сіл, бо ў часе крызісу земляробчыя прадукты страцілі ўсялякую цану. Пачуўшы, што маці захварэла, гімназісты кінулі вучобу, вярнуліся дамоў памагаць гаспадарыць.
Браты разумелі, з чым яны развітваюцца, але пачуццё абавязку перамагло, суцешылі сябе абяцаннем ісці да вяршынь чалавечага духу сцяжынамі самаадукацыі.
Нялёгка стаць пісьменнікам сялянскаму сыну, якому трэба да сёмага поту працаваць, жывучы ў глухамані. Але ў сапраўднага таленту патрэба тварыць, адкрываць новае і дзяліцца з людзьмі запаветнымі думкамі, імкненнямі — неадольная. Янка Брыль пайшоў за сваім прызваннем. Хоць і даводзілася яму працаваць звыш сіл, не мог ён паступіць інакш, бо адчуваў сябе адкрывальнікам такіх вялікіх ісцін, бес якіх не толькі блізкія яму людзі, але і ўсё чалавецтва не знойдзе дарогі да шчасця.
Заходняя Беларусь у 20-я гады кіпела рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчаю барацьбой, народныя масы ахоплівала жаданне з'яднацца ў адзіную сацыялістычную дзяржаву, здабыць свабоду, выйсці на гістарычны прасцяг. Грамадскасць не саромелася даваць заказы пісьменнікам, бо лічыла іх, перш за ўсё, свядомымі грамадзянамі. Дэмакратычная прэса патрабавала ад песняроў выкрываць і ганьбіць паднявольнае жыццё, ствараць вобраз ідэальнага грамадства, у якім усе людзі збратаюцца і зажывуць свабодна, шчасліва. Голас грамадскага сумлення і абавязку быў тады такім моцным, што пісьменнікі без слова прымалі заказ часу і з радасцю выконвалі яго, адчуваючы сябе разбуральнікамі старога і стваральнікамі новага свету.
Зразумела, што ўсвядоміць гэтую высокую місію кожны мастак павінен сам, сваім сэрцам і розумам. Тут не бывае торных дарог.
Янка Брыль, вярнуўшыся з гімназіі, якая здавалася яму цудоўным акном у свет навукі, хараства, культуры, меў усе падставы скардзіцца на жыццё. Але, асеўшы ў вёсцы і агледзеўшыся навокал, ён заўважыў, што яго ліхадзейка-доля была для многіх сябрукоў і аднагодкаў яшчэ зайздроснай. Ён атрымае ў спадчыну некалькі гектараў зямлі, і гэтага як быццам і хопіць, каб размясціць вясковае шчасце. Чулы юнак робіць папраўку ў свае маральныя самаацэнкі. «Ты не найгорш пакрыўджаны,— кажа яму голас сумлення,— глядзі, каб сам не пакрыўдзіў іншых». Маральная пільнасць скіроўваецца са знешняга свету на самога сябе. Як жыць сумленна ў гэтым свеце, каб не выклікаць зайздрасці, не рабіць зла?