Выбрать главу

Ці ўдалося тады аўтару ўсебакова выявіць сутнасць фашызму? Напэўна, не. Маральна-этычны аспект пазнання быў істотным, але не самым галоўным аспектам пры даследаванні такой з'явы, як фашызм, з'явы перш за ўсё сацыяльнай. Роля шчырага сведкі на грамадскім судзе сумлення не задаволіць з цягам часу аўтара. Не раз будзе ён вяртацца да тэмы фашызму, будзе разбіраць раздзелы ненадрукаванай аповесці на матэрыял для апавяданняў, будзе пісаць новыя рэчы, мастацкія і публіцыстычныя, напрыклад, рэпартаж з залы суда над фашысцкімі злачынцамі ў Мінску. Аповесць «Жывое і гніль» была першым творчым крокам у антыфашысцкую тэму, крокам сумленным і на свой час смелым.

Трэба памятаць, што твор гэты з'явіўся ва ўмовах фашысцкай акупацыі, яго стварыў мастак, жывучы па-за законам. Пры занавешаных дзяругамі вокнах, пад сіпенне капцюха-газніцы ён разлічваўся з фашыстамі за здзек з людзей, абвінавачваў, сведчыў. Гэта была смелая работа. За сценамі днём і ноччу са зброяй у руках віжавалі тыя, на каго ён сведчыў, каго выкрываў. Нават калі б удалося схаваць ад іх рукапіс, яго ўсё роўна арыштавалі б, і добра, калі б адправілі толькі назад у лагер для палонных.

Каб забыцца на ўсё ліхое, што пагрозліва шчэрылася за роднымі вугламі, а галоўнае, каб перабіць уражанні, адысціся ад агіднае гнілі фашызму і глыбей выкрыць яго, мастак пераходзіць да свайго дзяцінства і юнацтва, каб так проста, бяспечна і ўтульна жылося на гэтым свеце, калі неба засланялі толькі пералётныя хмары. З'яўляюцца рукапісы аповесцей «У сям'і», «Сірочы хлеб» і замалёўкі лагоднага бясхітраснага даваеннага жыцця хлебаробаў. Атмасферай натуральнай чалавечнасці творьі гэтыя супрацьстаялі жахлівай яве акупацыі.

Праўда, і там не было абсалютнай гармоніі. Рана асірацелага Даніка Мальца ўшчувалі на пашы сыны багацея Палуяна, на яго даносілі і паклёпнічалі ў школе сынкі асаднікаў, чулую душу азмрочвалі відовішчы паліцэйскіх здзекаў з дарослых. Але там панявераны чалавек заставаўся яшчэ ўсё ж чалавекам, ён меў права публічна абараняцца на судзе, яму можна было спачуваць і дапамагаць збоку. А тут, у фашысцкім логаве, і тут, на акупіраванай імі зямлі, нармальныя пачуцці чалавечыя забараняліся. Кожны паслугач з вінтоўкай у руках быў панам яшцця і смерці людзей, якія апыналіся ў абсягу вінтовачнага стрэлу ад яго.

У «Сірочым хлебе» станоўчым героем выведзены даравіты хлапчук — Данік Малец, першы вучань у класе. Ён таварыскі, вясёлы і дасціпны хлопчык, але абвостранае пачуццё справядлівасці і ўласнай годнасці прыносіць яму пакуты. Пісьменнік заўважае, што чым ярчэйшы, змястоўнейшы чалавек, чым багацейшая яго асоба, тым драматычней складваюцца яго адносіны з уласніцкім грамадствам. Данік нажывае сабе ворагаў, але мае і надзейных сяброў. Ён падружыўся з камуністам-падпольшчыкам Міколам Кужалевічам, яго любіць настаўніца пані Мар'я, якая прадстаўляе ў аповесці перадавую польскую інтэлігенцыю. Але тым не менш яго выгналі са школы, пазбавілі права на асвету. Данік наймаецца пастухом да пана. Праўда, і там, ля панскага статка, ён сустракае родную душу — гэта стары парабак Мікіта, чалавек добры і вясёлы, мастак-дудар, родны брат Коласавага дзеда Курылы. Ён вучыць падлетка жыць з аглядкаю, раіць не заядацца з панамі, бо ў іх — сіла. Але Данік не хоча паўтараць горкага батрацкага жыцця свайго парадніка, ён не жадае пакарыцца лёсу. I мы верым, што хлопчык дойдзе свайго, выстаіць у змаганні за сваю чалавечую годнасць і за годнасць свайго прыгнечанага эарода.

Аповесць «У сям'і» як бы пацвярджае гэту здагадку. Яе герой, нібы старэйшы брат Даніка, Алесь Ганчарык, таксама прыроджаны мастак. Алесь жыве ў такой сялянскай сям'і, дзе кожны член мае свой дар: бацька — талент вясёлай дабраты, глабальнай дапытлівасці, спачування ўсяму чалавецтву, дзядзька Міхась — дар мастака, а малы Алесь — пісьменніка, гатовага выказаць лёс чалавечы. Бабка, цярплівая і вясёлая, але практычная па натуры жанчына, называе паводзіны гаспадара і астатніх мужчын-сямейнікаў народным выслоўем «як маленькія». Няма ў гэтых мужчын практычнай гаспадарскай хваткі, учэпістасці. Праўда, недзе ў глыбіні душы разумная кабета ўхваляе іх недахоп, бо і сама ж грэецца ля таго агеньчыка культуры, які яны запалілі ў хаце і ў вёсцы.