I гэтых светлых людзей праследуюць улады. Алесь, спагадаючы дзядзьку, пасаджанаму панамі ў турму, прыходзіць да высновы, што талент абавязвае кожнага, у каго ён ёсць, не толькі саграваць душы блізкіх людзей, але змагацца са злом, паняверкай, якая навісла над усім народам.
Амаль усё тое чалавечае багацце, якое радуе нас у гэтых аповесцях, аўтар назіраў у роднай хаце. На сям'ю Янку Брылю пашанцавала. Такім жа добрым, бясконца вясёлым і чулым да людзей і да слова, як бацька Алеся Ганчарыка, быў яго бацька Антон Данілавіч. «Мой, бывала, калі апранецца па-гарадскому, дык як гасудар які ідзе»,— любавалася, успамінаючы маладосць, маці. У сям'і захоўвалася памяць пра аднаго з памёршых у маленстве братоў Янкі — незвычайна здольнага дзіцяці. Яго звалі Мішам. Не могучы забыцца на тую страту, бацькі далі гэтае імя дзевятаму сыну, і ён аказаўся прыроджаным мастаком. Янка прыйшоў на свет цераз тры гады пасля Мішы, са школьных гадоў пацягнула яго ў паэзію. Аўтабіяграфічнасць аповесці вельмі выразная.
Сярод матчынай радні былі таксама вартыя ўвагі і наследавання людзі: матчын брат, калека-кравец, быў чулы, гаваркі, здатны на штукі. Ад яго пісьменнік пачуў шмат яскравых вобразных слоўцаў. Пра сваё калецтва той, напрыклад, мог сказаць так: «Я, калека няшчасны, тыя разы сцены цалаваў, бо хто ж за мяне, думаў, пойдзе...» або пра сваю пляменніцу: «Ганна ў Мір у бальніцу здароўя шукаць паехала».
Дзядзька Навум Чычук стаў правобразам краўца Лапінкі ў апавяданні «Праведнікі і зладзеі», у рамане «Птушкі і гнёзды» ён — чулы дзядзька Адам, што прыязджае забіраць Алеся і Толю Руневічаў з гімназіі. Увогуле ж у матчынай радні пераважалі людзі суровыя, баявітыя. Адзін з яе братоў Мікалай пайшоў у 1905 годзе ў рэвалюцыю, далучыў яго да палітыкі будучы цесць пісьменніка, у маладосці луганскі рабочы Міхаіл Вікенцевіч Клаўсуць. Матчын пляменнік Аляксей у сусветную вайну заслужыў чатыры Георгіеўскія крыжы. Радня ж па бацькавай лініі вызначалася дабрадушнаю лагоднасцю. Чычукі ганарыліся, што паходзілі з дзяржаўных сялян, а Брылі з дзеда-прадзеда былі дваровымі ў пана Гнаінскага. Янкаў прадзед Рыгор і асабліва дзед Даніла здароў'ем, сілаю і рахманаю натурай нагадвалі казачных асілкаў, апошні і памёр эпічна — задрамаўшы пасля ранняй касьбы. Бацька быў таксама пакладзісты і сціплы, адважыўся, аднак, пашукаць шчасця ў горадзе. Праўда, калі пайшоў у воласць прасіць пашпарт, дык на пытанне пісара: «Як твая фамілія?» — заместа Брылевіч вымавіў на вясковы лад скарочана — Брыль. З такім прозвішчам і застаўся, а блізкія родныя — Брылевічы. Аднак і Антон, папрацаваўшы чыгуначнікам, нажыў гарадскую растаропнасць; гэта ён пераправіў у 1907 годзе швагра Мікалая Чычука за граніцу, калі за тым пачалі віжаваць і ганяцца жандары.
Аднак важна памятаць, што галоўнае не праявы жыцця, якія трапляюцца на дарозе мастака, а яго душа, яго ўменне бачыць, чуць, запамятаваць, успрыняць і на свой лад ператварыць.
Аповесці часоў акупацыі пранізаны агульнай ідэяй асуджэння жорсткага і нялюдскага свету ўласніцтва і эгаізму. Але ёсць там яшчэ адна глыбінная тэма: галоўны герой іх — дзіця — падлетак —- юнак — мае задаткі мастака, і талент наводзіць яго на думку і рашэнне: мала застацца толькі сузіральнікам і маральным суддзёй антыгуманнага свету, у якім ён жыве. Мастак абавязаны змагацца са злом. Гэта было ў традыцыях заходнебеларускай літаратуры, з якой выводзіўся Янка Брыль-пісьменшк.
У творах ваеннага часу актыўпа выступае лірычнае «я», часта ўжывае мастак прыём унутранага маналога-роздуму, маналога-лятунку ці ўспаміну. Пачуцці таго, хто многа перажыў, маюць права на ўвагу чытача. Творчы дух мастака чэрпае матэрыял са знешняга і ўнутранага свету, і гэта ўзмацняе эмацыянальную насычанасць пісьма і павышае якасць псіхалагічнага аналізу. Мастаку да самазабыцця добра смыкаць аблокі ўспамінаў, прасці шаўковыя ніткі для карункавай тканіны лірычнага адступлення. Але самазабыццё — не ратунак, а толькі ілюзія яго. За сценамі матчынай хаты ў Загоры бушуе завіруха. Прывіды ў шэрых і чорных шынялях спраўляюць свой дзікі шабаш. Вось яны ўжо ля весніц. Янку Брылю даводзіцца кідаць родную хату, уцякаць ад паліцыі, хавацца зімою з 1941 на 1942 год у добрых людзей у Мінску. Адно вясной 1942 года, калі наднёманскія лясы загрымелі партызанскімі стрэламі, можна было вярнуцца назад у сваю вёску. Але толькі жыць, аберагаць сябе для творчасці цяпер пісьменнік ужо не мог. Партызанская барацьба падхоплівае яго і нясе па сваіх шляхах. У лес рушылі ўсёю сям'ёю: сямідзесяцігадовая маці і старэйшыя браты са сваімі сем'ямі. Гаспадарку і дом абрабавалі паліцаі. Гаспадары нават рэчаў на першую патрэбу не захапілі: як жартавалі практычныя вяскоўцы — «адно два мяхі кніжак».