Янка Брыль становіцца адначасна партызанам-разведчыкам і журналістам, байцом пяра. Зрываць маскі з нелюдзяў-фашыстаў і сцвярджаць высакароднае хараство партызанскай вайны — таксама баявое заданне ад камандавання. Янка Брыль выконвае яго сумленна і з прыемнасцю. Ловячы моманты, калі сябры-разведчыкі адпачываюць пасля начных паходаў, ён піша інфармацыі, артыкулы і вершы для падпольных газет, ухітраецца нават нанова перапісаць аповесць «Жывое і гніль». Твор гэты чытаюць у штабе брыгады і ў Стаўбцоўскім міжрайцэнтры. Камандаванне вырашае паслаць рукапіс на Вялікую зямлю, лічачы, што кніга Брыля будзе патрэбна савецкім людзям: яна вучыць адрозніваць фашыста ад немца, глыбей разумець, за што і з кім мы ваюем. Аўтар задаволены такою ацэнкай, ён рады, што яго канцэпцыя пераклікаецца з крылатым у тую пору выказваннем галоўнакамандуючага пра гітлераў, якія прыходзяць і адыходзяць, і пра нямецкі народ, які застанецца. Народ — гэта вечнае, фашызм —- часовае. Фашысты не загубяць нямецкі народ, ён перажыве фашызм і разам з намі будзе будаваць новы справядлівы свет.
На «малой зямлі» грамадскі лад пад уплывам усенароднага партызанскага руху прымаў выгляд народнай вайсковай дэмакратыі. Народ лічыў партызан сынамі, выразнікамі яго волі, выканаўцамі яго справядлівасці. Партызанскія баявыя атрады ўвасаблялі народныя ідэалы, былінныя ўяўленні пра гераічны калектыў, з'яднаны дружбай, даверам кіраўнікоў да радавых байцоў і ўзаемнай павагай партызанскай масы да важакоў, якіх сама маса вылучыла кіраваць ёю. Вылучыла за мужнасць і сумленнасць, знаходлівасць і самадысцыпліну, праяўленыя на вачах ва ўсіх. Улада партызанскіх важакоў не узвышаецца над людзьмі, яна жыла ў падначаленых, як часціна іх добрай волі. У гэтай добраахвотнай узаемнасці сакрэт асабістай свабоды кожнага і згуртаванасці калектыву добраахвотнікаў.
Прыўзнятасць чалавечых адносін, у якіх раслі і гартаваліся гераічныя характары, прыцягвае пачуцці мастака-партызана. У яго партызанскіх замалёўках, апавяданнях, нарысах разгортваецца глыбока жыццёвая, хоць і недастаткова ацэненая крытыкай праблема: абставіны партызанскай барацьбы, якая вядзецца часцей за ўсё малымі групамі, даюць байцам шмат асабістай свабоды, шырокую маяшівасць праявіць сябе, але і ўскладаюць вялікую асабістую адказнасць. Для таго каб дастойна карыстацца «вольнаю воляй», патрэбны маральныя ўстоі. Вядома, што маральная сіла чалавека праяўляецца там, дзе канчаюцца кантроль і прынука, знешняя дысцыпліна. Жыццё часта выпрабоўвала партызан такімі сітуацыямі. Яно прапанавала некалькі выйсцяў з цяжкай калізіі, заганяла і ў сітуацыі тупіковыя. Пры гэтым кожнае рашэнне магло быць апраўдана законам ваеннага часу, хоць рашэнні гэтыя мелі розную цану з пункту гледжання чалавечнасці і народнай маралі. Пра гэта ідзе размова ў апавяданнях «Мой зямляк», «Казачок», «Адзін дзень». Якбы ні вырашалі складаную канфліктную сітуацыю героі, пісьменнік настойвае на адным: кояшы нясе маральную адказнасць за зробленае ўсімі, і толькі недалёкія людзі могуць думаць, быццам вайна нешта «спіша». Для нас гэтая вайна справядлівая, народная, і яна не спісвае нічога, яна спаганяе і спагоніць усё і з усіх.
Камандаванне міжрайцэнтра папрасіла карэспандэнта «Правды» А. Л. Зямцова, які наведваў наша злучэнне перад адлётам у Маскву, каб ён перадаў рукапіс аповесці «Жывое і гніль» Максіму Танку. Прыехаўшы летам 1944 г. на славуты партызанскі парад у Мінск, Брыль даведаўся, што яго аповесць прачыталі акрамя Максіма Танка Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў і Максім Лужанін. I хоць ідэя твора здалася тады несвоечасовай і аповесць не пабачыла друку, талент Янкі Брыля быў заўважаны і належна ацэнены ў літаратурным асяроддзі. Неўзабаве аўтара запрасілі працаваць у рэспубліканскай газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». Ён стаў прафесійным літаратарам.
Савецкае грамадства будуецца на навуковай аснове, і мастак, які хоча праўдзіва адлюстроўваць яго жыццё, павінен авалодаць грамадскімі навукамі. Янка Брыль настойліва вывучаў у пасляваенныя гады марксісцкую тэорыю, займаўся ў вячэрнім універсітэце марксізма-ленінізма, штудзіраваў працы класікаў, покуль не адчуў сябе не толькі практычна і маральна, а таксама і светапоглядна злітым з новым светам. Цяпер ён савецкі чалавек не толькі па праву змагання і працы, цяпер ён узброены ведамі і вопытам баец ідэйнага фронту, здольны свядома ствараць духоўныя скарбы сацыялістычнай культуры і мастацтва.