Выбрать главу

У артыкулах, рэцэнзіях, у публіцыстычных выступленнях Янка Брыль праводзіць погляд на літаратуру як на мастацтва, у якім жыццёвая праўда і эстэтычнае хараство складаюць адно цэлае, ён выступае супраць павярхоўнасці, фальшывасці, супраць скідак на актуальнасць тэм, значнасць матэрыялу ці добрыя намеры аўтара. Аснову мастацкасці Янка Брыль бачыць у праўдзівасці твора і змястоўнасці ацэнак чалавечых паводзін, характараў і абставін. Псіхалагічна матываваць учынкі герояў, знаходзіць пераканаўчую моўную характарыстыку кожнаму персанажу — вось атрыманыя ад класікаў запаветы. Крытыкуючы рамесніцтва, літаратурны шырпатрэб, малады пісьменнік звяртаецца да вопыту Гогаля, Талстога і Чэхава, у якіх кожны твор непаўторны, бо сапраўды мастацкі.

Мастацтва не прызнае сярэдзіны, тут — крайнасці: або творчасць, або рамяство.

Нібыта жадаючы выпрабаваць мажлівасці свайго ўласнага таленту, які ўжо атрымаў прызнанне ў жанры навелы, нарыса і іншых малых празаічных форм, Янка Брыль бярэцца за раман. На выбар тэмы, мажліва, паўплывала тое, што антыфашысцкая аповесць «Жывое і гніль» не была надрукавана, партызанскія ўражанні ён разладаваў у дакументальнай аповесці «Нёманскія казакі», а раннія апавяданні, напісаныя на матэрыяле жыцця заходнебеларускай вёскі, літаратурная крытыка назвала ягоным «амплуа». Мастаку, натуральна, карцела ўзняцца над апавяданнямі і тады яшчэ не апублікаванымі аповесцямі «Сірочы хлеб», «У сям'і», сінтэзаваць накопленыя там здабыткі і вынесці на суд чытача сацыяльна-псіхалагічны раман пра жыццё, пакуты і змаганне працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. Пісьменнік не пакладаўся ў такой важнай справе толькі на аўтабіяграфічную дасведчанасць, ён старанна вывучаў матэрыялы ў архівах, знаёміўся з ветэранамі рэвалюцыйна-вызваленчага руху, адным словам, працаваў грунтоўна. Аднак жа спроба стварыць шырокае эпічнае палатно не ўдалася пісьменніку. Першая частка яшчэ і цяпер не закончанага рамана «Граніца» нагадвае ліра-эпічную хроніку, у якой шмат яркіх, па-майстэрску напісаных кар-цін і матываў, але яны недастаткова моцна счэплены ў сюжэтны ланцуг. Першая часопісная публікацыя адной кнігі рамана была фактычна мастацкімі нарыхтоўкамі кампанентаў твора. Мажліва, Янка Брыль закончыў бы свой першы раман, дабіўся б дастатковай структурнай зладжанасці, калі б не аддаўся злобе дня. Значэнне работы над раманам «Граніца», як мне здаецца, заключаецца ў тым, што пісьмен-нік усё ж здолеў паглыбіць сваё ўяўленне пра сувязі чалавека з гісторыяй, якія складваюцца ў атмасферы рэвалюцыйнай барацьбы. У зборы твораў 1968 года ён змясціў «Граніцу» з пад загалоўкам «раздзелы з рамана», але выбраў і скампанаваў матэрыял так, што твор набыў большую структурную цэласнасць, чым у першай часопіснай публікацыі: ён наблізіўся па жанру да аповесці і добра дапасаваўся да дзвюх папярэдніх аповесцей — «Сірочы хлеб» і «У сям'і», як свайго роду абагульненне і сацыяльнае ўзвышэнне жыццёвага патоку.

Паралельна з працаю над раманам, адрываючыся ад яго, Янка Брыль выязджаў як журналіст у вёску, пісаў нарысы, артыкулы на актуальныя тэмы. Адзін з такіх нарысаў перарос у аповесць «У Забалоцці днее», якая вывела імя аўтара за межы Беларусі. Калі трактаваць аповесць гэтую як твор пра калектывізацыю ў заходніх абласцях рэспублікі, дык можна прыкмеціць пэўную зададзенасць тэмы і аблегчанасць канфлікту. Тут, як і ў цыкле апавяданняў «Дзеля сапраўднай радасці», пануе пераважна вясёлая дабрата. Але весялосць не абавязкова бывае бесклапотнай. У атмасферы чорствасці, якую спараджаў бюракратычны стыль адносін і дагматычны стыль мыслення, гумар становіцца своеасаблівым сродкам самаабароны героя і спосабам захаваць самастойнасць, уласную думку, свой стыль работы, жыцця.

Васіль Сурмак — чалавек цэльны і самастойны. Ствараючы калгас і становячыся яго стар-шынёю, ён не траціць сціпласці і прастаты, таварыскасці — той свойскасці, якая здольна прыцягваць да яго людзей. Ён добра адчувае сябе сярод калгаснікаў і не баіцца страціць аўтарытэт, ідучы з касою па лузе ці з сякераю на будаўніцтве. Васіль хоча застацца важаком, а не чыноўнікам. Здаровы народны сэнс дазваляе яму добра арыентавацца ў людзях, пачуццё гумару не дае зблытаць безадказных балбатуноў ці крыкуноў з ворагамі, а бяздушных дагматыкаў з пфынцыповымі і дысцыплінаванымі савецкімі і партыйнымі работнікамі. Пісьменнік спрабаваў стварыць менавіта ідэальную мадэль калгаснага жыцця, каб дапамагчы працы блізкіх сабе людзей. Ён дапамагаў уявіць ідэал калгаса ў разгар масавай калектывізацыі, калі наглядныя ўзоры былі практычна патрэбны. Канешне, Брыль дае перш за ўсё гуманістычную мадэль калгаса, у якім кожны чалавек зможа праявіць ініцыятыву і атрымае прызнанне калектыву. Аповесць Брыля — гэта твор пра ўзаемнае апазнанне асобы і новага калектыву. Мастак мадэлюе новы тып адносін паміж кіраўніком і радавымі калгаснікамі, твор пра калгас-сябрыну, якая ў першыя пасляваенныя гады, відаць, была на грані фантазіі, але як ідэал станавілася дакорам старшыням і брыгадзірам адсталых калгасаў, пра якія з болем, горкай усмешкай скажа пісьменнік у аповесці «На Быстранцы». Нават акадэмічнае літаратуразнаўства схільна бачыць толькі адрознае ў названых творах, а мне яны ўяўляюцца блізкімі, сугучнымі па гуманістычнай ідэі. Розніца ў спосабах рэалізацыі гэтай ідэі.