Выбрать главу

Не скажу, што названыя аповесці раўнацэнныя ў мастацкіх адносінах. Але без адной — не было б другой. А калі і была б, то не такая пяшчотна-горкая.

Аповесць «У Забалоцці днее» не выпадкова вырастала з нарыса, аўтар не па газетах і не па ўласнай фантазіі маляваў гэты важны паварот у жыцці заходнебеларускай вёскі. Янка Брыль ведаў гэтыя справы блізка, асабіста і зацікаўлена. Старшынёю калгаса ў тую пару быў абраны яго брат Мікалай, другі брат — Міша. працуючы ў райвыканкоме, прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі калгасаў у Мірскім раёне. Былы партызанскі камісар і блізкі друг пісьменніка Павел Арсеньевіч Жалезняковіч як старшыня райвыканкома, а пазней сакратар райкома партыі некалькі раз усур'ёз прапанаваў Янку Брылю самому ўзначаліць адзін з калгасаў, верачы, што журналісцкі і пісьменніцкі вопыт дапаможа яму знайсці ключ да сэрцаў калгаснікаў і згуртаваць іх. А тады ў калгасным будаўніцтве гэта было самае важнае.

Некаторыя крытыкі дакаралі пісьменніка за аслабленне канфлікту ў аповесці пра калектывізацыю, але ніхто не здагадваўся, што гэта было вынікам журналісцкай дакладнасці адлюстравання. Янка Брыль не выдумаў такога канфлікту, ён яго выбраў з жыцця, і не для таго, каб аблягчыць сабе жыццё —- людзям. На той паслаблены канфлікт, які ён намаляваў, папрацавалі два пакаленні рэвалюцыянераў перад вайной, а ў вайну — партызаны. Так што папракаць пісьменніка можна хіба за тое, што замала пераўтвараў жыццёвы працэс, пераносіў рэпартажнае адлюстраванне ў мастацкі твор і незнарок падвышаў абагульняючыя мажлівасці дакладных, але не зусім паказальных фактаў, узятых у сваім раёне, а раён быў перадавы, «не тыповы».

У пяцідзесятыя гады назіраюцца станоўчыя зрухі ў творчых адносінах Янкі Брыля да рэчаіснасці. Яны абумоўліваліся перш-наперш развіццём самой рэчаіснасці ў кірунку дэмакратызацыі і гуманізацыі чалавечых адносін. Пазіцыя мастака ў гэты час стала непрымірымай да маральнай знячуленасці, а гуманізм яго больш патрабавальным.

Пра блізкасць Янкі Брыля да народнага асяроддзя сведчыць той факт, што яму бадай што першаму з ліку беларускіх празаікаў удалося выявіць паварот у развіцці міжчалавечых адносін у нашым грамадстве, абвешчаны XX з'ездам КПСС. У гэтым наватарскі дух аповесці «На Быстранцы», якая нарадзілася з унутранай патрэбы мастака падказаць грамадству, што гуманістычныя прынцыпы, якія яно дэкларуе, не скрозь і не ўсюды пацвярджаюцца справамі. Моладзь, інтэлігенцыя, што так шчыра любіць свой край, глыбока пранікаецца святлом нашых ідэй, раптам бянтэжыцца, адчувае нейкую разгубленасць пры сутыкненні з праўдай фактаў, якую нясуць простыя людзі — калгаснікі. А гэта ж інтэлігенты з народа, людзі адукаваныя, сумленныя, ды і бывалыя — у мінулым партызаны, дык чаму ж ім так няёмка, чаму цяжка гаварыць з землякамі? Як перамагчы гэтае чужанне? Пісьменнік не даў гатовага адказу, ды і нельга патрабаваць ад яго вырашэння праблемы, якая знаходзіцца ў кампетэнцыі ўсяго грамадства. Мастак апеліруе да грамадскай думкі: пара вызваляцца ад пасіўнасці, знячуленасці і самапахвальбы, трэба глянуць праўдзе ў вочы. пранікаць у глыбіню жыцця, да яго чалавечых крыніц. Там крытэрыі. Шчыры сігнал пісьменніка выдаўся ў 1954 годзе заўчасным. Але ён быў актуальны. Мастак ішоў ад непасрэднага жыццёвага вопыту, кіраваўся творчым прынцыпам праўдзівасці, таму перамог і стаў прадвеснікам аднаўлення натуралыгых функцый літаратуры як сродку пазнання жыцця, яго гуманістычных каштоўнасцей. Янка Брыль умацаваў права пісьменніка быць не ілюстратарам гатовых ісцін, а даследчыкам сучаснасці і разведчыкам будучыні.

Напісаныя ўслед за «Быстранкай» апавяданні «Прывал», «Субардынацыя» ўзмацнілі крытычныя ацэнкі перажыткаў і заган, якія даймалі простага чалавека, атручвалі яму жыццё. Сатырычна-памфлетная манера не надта ўласціва таленту Янкі Брыля, аднак ён лічыў у тую пару сваім грамадзянскім абавязкам ачышчаць атмасферу ад бюракратычнай чэрствасці, тупой самазадаволенасці. Гэтыя перажыткі перашкаджалі партыі аднаўляць ленінскія нормы паводзін. Характэрна, што адначасова з сатырычнымі апавяданнямі Янка Брыль пісаў творы гераічнага плану — гэта апавяданні «Маці», «Memento mori», мастацкія нарысы «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша», у якіх ён узрушана і ўзнёсла расказвае пра гераізм чалавека з народа. Сціплы, непрыкметны чалавек неяк натуральна і хораша становіцца героем, калі толькі трапляе ў гераічныя абставіны.